«Еўра-2024». Цяпер будзе вельмі горача: Іспанія – Нямеччына, Францыя – Партугалія


На чэмпіянаце Еўропы ў Нямеччыне скончылася стадыя 1/8 фіналу, яшчэ восем камандаў пакідаюць турнір.

Галкіпер зборнай Аўстрыі Патрык Пэнц прапускае ўдар па браме, выкананы туркам Мэрыхам Дэміралам, падчас матчу 1/8 фіналу чэмпіянату «Еўра-2024» паміж Аўстрыяй і Турцыяй. Ляйпцыг, Нямеччына. 2 ліпеня 2024 года.
Фота: Andreea Alexandru / AP Photo / East News

Вядомыя ўсе ўдзельнікі 1/4 фіналу чэмпіянату Еўропы ў Нямеччыне. Да камандаў Швейцарыі, Нямеччыны, Іспаніі, Англіі, Францыі, Партугаліі далучыліся зборныя Нідэрландаў і, вельмі нечакана, Турэччыны. Нідэрландцы катком праехаліся па Румыніі, а Турэччына сенсацыйна адправіла дадому аўстрыйцаў. Больш – у нашым традыцыйным аглядзе.

Нідэрланды знішчаюць Румынію

Нідэрланды – Румынія – 3:0

Нідэрланды былі яўнымі фаварытамі гульні. Цікава, што на двух апошніх топ-турнірах зборная краіны таксама выходзіла ў плэй-оф, але цярпела паразу на стадыі 1/8 фіналу. У Катары, на апошнім чэмпіянаце свету, «памаранчавыя» саступіла ў пенальці будучым чэмпіёнам – Аргентыне. А на «Еўра-2000» у 1/8 фіналу яны былі слабейшымі за Чэхію. А вось апошнія медалі ў Нідэрландаў былі вельмі даўно – на чэмпіянаце свету 2014 года, калі яны зрабіліся трэцімі.

Каманда Румыніі куды прасцейшая, на топ-турніры яна апошні раз трапіла ў 2016 годзе і заняла ў сваёй групе апошняе месца. А самым паспяховым для яе лічыцца «Еўра-2000», калі зборная дабралася да 1/4 фіналу. У Нямеччыне пропуск у 1/8 фіналу Румыніі даў адзін паспяхова праведзены матч: перамога над Украінай з лікам 3:0 адкрыла гэтай камандзе шлях наверх. Нагадаем, што падчас адбору на «Еўра-2024» румыны перамаглі ў групе, дзе гуляла каманда Беларусі. Румынія адолела зборную нашай краіны ўдома з лікам 2:1 і згуляла з ёю 0:0 у гасцях.

Румынія пачала гульню супраць Нідэрландаў вельмі моцна і прыціснула суперніка да брамы. Але стаўка на хуткі гол не спрацавала, і на 20-й хвіліне лік у сустрэчы адкрыла зборная Нідэрландаў. Левы ўінгер англійскага «Лівэрпулу» Кодзі Хакпа ўварваўся ў штрафную румынаў і моцна выстраліў у бліжні кут. Гэты гол цалкам перавярнуў хаду гульні, і яе гаспадаром зрабілася зборная Нідэрландаў, якая выдала дзесяць вуглавых запар, стварыла некалькі галявых момантаў, а валоданне мячом з 20-й да 45-й хвіліны выглядала 69 % на 21 %. Цікава, што Хакпа забіў на гэтым «Еўра» ўжо трэці гол і ў спісе бамбардзіраў дагнаў грузіна Гіёргі Мікаўтадзэ і немца Джамаля Мусьялю. Адзначым, што яркая гульня Кодзі на апошнім чэмпіянаце свету ў Катары дазволіла яму падпісаць кантракт з топ-клубам. Тады футбаліст таксама забіў тры галы.

Нападнік зборнай Нідэрландаў Мэмфіс Дэпай (3-і на правым краі) б’е па мячу падчас раўнду «Еўра-2024» паміж Румыніяй і Нідэрландамі. Мюнхен, Нямеччына. 2 ліпеня 2024 года.
Фота: Miguel Medina / AFP / East News

У першыя 15 хвілінаў пасля перапынку галандцы маглі забіць мінімум тройчы і закрыць гэтую гульню. Гэта Нідэрланды зрабілі за сем хвілінаў да канца асноўнага часу двубою. Хакпа вывеў на галявы ўдар Малена, які ўкінуў мяч у пустую браму, зняўшы ўсе пытанні да выніку гэтай гульні. А на апошніх хвілінах Мален аформіў дубль і зрабіў лік буйным – 3:0. Такім чынам, у футбаліста  ўжо тры галы на гэтым турніры (праўда, адзін ён правёў у сваю браму). Цікава, што галявы дубль ён аформіў у Мюнхене – на полі галоўнага і прынцыповага клубнага суперніка, бо Мален абараняе колеры «Барусіі» з Дортмунду.

Румынія едзе дадому, а Нідэрланды пастараюцца паўтарыць тое, што зрабілі, калі Нямеччына прымала фінальны турнір «Еўра» ў 1988 годзе, – перамагчы.

Турцыя здзіўляе – яе ў 1/4 фіналу не чакалі

Аўстрыя – Турцыя – 1:2

Апошні раз у групе на топ-турніры Аўстрыя перамагла на чэмпіянаце свету 1978 года. З таго часу былі два няўдалыя ўдзелы ў фінальных турнірах чэмпіянату свету і два – у чэмпіянаце Еўропы. На апошнім з іх у 2021 годзе Аўстрыя нават здолела выйсці з групы, але ў 1/8 фіналу прагуляла будучай пераможцы – Італіі – з лікам 1:2. Тым часам нямецкі трэнер Ральф Рангнік будаваў у Аўстрыі і Нямеччыне клубную імперыю «Рэд Булу», у якую ўваходзілі некалькі клубаў. У 2022 годзе Рангнік пагадзіўся ўзначаліць зборную Аўстрыі, і вынік ягонай працы ўжо бачны: Аўстрыя гуляе ў татальны футбол, шмат забівае і фінішавала ў групе вышэй за Францыю і Нідэрланды. Цікава, што падчас гэтага «Еўра» Ральфу Рангніку споўнілася 66 гадоў.

Самы вялікі поспех на «Еўра» Турцыя зазнала ў 2008 годзе, калі заваявала бронзавыя медалі. У Нямеччыне туркі выгулялі дзве гульні, праўда, правалілі матч супраць Партугаліі. Двубой Аўстрыі і Турцыі пайшоў зусім не так, як чакала большасць.

Матч супраць Аўстрыі Турцыя пачала з хуткага голу: ужо на 57-й секундзе пасля падачы з вуглавога абаронца «янычараў» Мэрых Дэмірал адправіў мяч у сетку. Гэты гол увайшоў у гісторыю чэмпіянатаў Еўропы як другі паводле хуткасці. Самы ж хуткі на 23-й секундзе, таксама на гэтым турніры, забіў албанец Нэдым Байрамі. Аўстрыйцы хутка маглі зраўняць лік, але мяч не трапіў у браму. І на пэўны час Турэччыне ўдалося супакоіць гульню.

Турэцкі гулец Саліх Эзджан святкуе перамогу пасля матчу 1/8 фіналу «Еўра-2024» паміж Аўстрыяй і Турцыяй. Ляйпцыг, Нямеччына. 2 ліпеня 2024 года.
Фота: Sathiri Kelpa / Anadolu Press / Abaca Press / East News

У дэбюце другой паловы абаронца Аўстрыі Штэфан Пош выйшаў адзін на адзін з брамнікам Турцыі, але ўпусціў галявы момант. А на 59-й хвіліне гульні Аўстрыя павісла над безданню, калі ўсё той жа абаронца Мэрых Дэмірал галавою забіў мяч у браму пасля падачы з вуглавога і аформіў галявы дубль.

На 67-й хвіліне Аўстрыя (зноў жа пасля вуглавога) адзін мяч адгуляла, адзначыўся Міхаэль Грэгарыч. На апошняй хвіліне гульні Аўстрыя магла перавесці гульню ў дадатковы час, але каля брамы Турэччыны цудоўна згуляў Фэхмі Мэрт Гюнак, адбіўшы з двух метраў удар у выкананні Крыстафа Баўмгартнэра.

Адразу чатыры самыя хуткія галы на гэтым «Еўра»

Цяпер самы хуткі гол у гісторыі чэмпіянатаў Еўропы забіты на 23-й секундзе. Яго аўтарам быў албанец Нэдым Байрамі, які забіў мяч у браму Італіі. Другі вынік – у турка Мэрыха Дэмірала, які пацэліў у браму аўстрыйцаў на 57-й секундзе. На трэцяе месца перамясціўся расеец Дзмітрый Кірычэнка: ён у 2004 годзе адправіў мяч у браму грэкаў на 1-й хвіліне 7-й секундзе. Чацвёртае месца займае гол бельгійца Юры Тылеманса на «Еўра-2024» – 1 хвіл 13 с. Пятае – шведа Эміля Петэра Фошберга на «Еўра-2020»– 1 хвіл 22 с, шостае – грузіна Хвічы Кварацхэліі  на «Еўра-2024» – 1 хвіл 34 с.

Цікавы факт, што ажно 28 гадоў рэкорд належаў беларусу. У 1988 годзе Сяргей Алейнікаў пацэліў у браму зборнай Англіі на 2-й хвіліне і 7-й секундзе. Рэкорд беларуса толькі ў 2016 годзе пабіў ірландзец Робэрт Брэйдзі.

Элітны клуб

З васьмі ўдзельнікаў 1/4 фіналу «Еўра-2024» пяць ужо перамагалі ў падобным турніры. Гэта кажа пра тое, што якія б сюрпрызы ні нёс турнір, на фінальных этапах збіраецца так званы элітны клуб. Напрыклад, Нямеччына тройчы была наймацнейшай у Еўропе (праўда, двойчы брала тытул да ўз’яднання з ГДР): у 1972, 1980 і 1996 гадах. Яна мае таксама чатыры перамогі на чэмпіянаце свету. Іспанія тройчы перамагала на «Еўра» (у 1964, 2008 і 2012 гадах) і аднойчы – на чэмпіянаце свету. Двойчы еўрапейскае золата бралі французы – у 1984 і 2000 гадах. Да таго ж у іх два тытулы чэмпіёна свету. Адзін раз чэмпіянат Еўропы выгульвалі Нідэрланды і Партугалія. А вось у Англіі перамогаў на «Еўра» няма, але ж 58 гадоў таму яны былі чэмпіёнамі свету.

Заўзятары Партугаліі падтрымліваюць сваю зборную падчас матчу паміж Партугаліяй і ​​Славеніяй на «Еўра-2024». Франкфурт-на-Майне, Нямеччына. 1 ліпеня 2024 года.
Фота: Joaquim Ferreira / Imago Sport and News / East News

Што далей?

Гульні на выбыванне працягнуцца, кожны дзень дзве каманды будуць пакідаць Нямеччыну. Калі асноўны час скончыцца мірам, будуць дададзеныя два таймы на 15 хвілінаў (як гэта было ў гульні Англія – Славаччына), і калі яны не дапамогуць, пераможцу будуць вызначаць у серыі пенальці (як гэта было ў гульні Партугалія – Славенія).

У 1/4 фіналу ў пятніцу, 5 ліпеня, а 19:00 паводле беларускага часу пачнецца гульня Іспанія – Нямеччына, а 22:00 – Францыя – Партугалія. У суботу, 6 ліпеня, а 19:00 згуляюць Англія і Швейцарыя, а 22:00 – Нідэрланды і Турцыя.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў