Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 861 дзень. Расея ўзмацняе наступ на адным з кірункаў – ЗША анансуе новую дапамогу Украіне. «Белсат» расказвае, што пішуць пра вайну днём 3 ліпеня.
Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны расказвае, што за мінулы дзень адбылося 158 баявых сутыкненняў (у паўтара раза больш за «звычайныя» лічбы мінулых месяцаў), але было крыху спакойней, чым днём раней. Расейскія войскі спрабавалі наступаць на харкаўскім, купянскім, ліманскім, сіверскім, краматорскім, тарэцкім, пакроўскім, курахаўскім, врэмеўскім, арэхаўскім, прыдняпроўскім кірунках.
За мінулы дзень украінскі бок налічыў два ракетныя і 45 авіяцыйных удараў, тры тысячы абстрэлаў, з якіх 81 – рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню. Пад удар ноччу чарговы раз трапіў Харкаў, а ў сяле Баравая ў Ізюмскім раёне ноччу ад абстрэлу будынку сельскай рады загінуў адзін чалавек, яшчэ адзін шпіталізаваны. У Нікапалі, што ў Крыварожскай вобласці, ад расейскіх удараў загінулі дзве жанчыны, параненыя 9 чалавек. Амаль чатыры сотні ўдараў здзейснена за дзень па Запарожскай вобласці, адзін чалавек паранены ў Палогаўскім раёне. У сяле Чароўнае на Херсоншчыне 58-гадовы мужчына падарваўся на расейскай міне, страціў стапу.
Ранкам 3 ліпеня расейскія войскі нанеслі ўдар па Дняпры ракетамі і ўдарнымі беспілотнікамі, вядома пра прынамсі чатырох загінулых і 27 пацярпелых. У горадзе чулі прынамсі 10 выбухаў, пашкоджаны адзін з гандлёвых цэнтраў, у адной з медычных установаў пажар.
Збройныя сілы Украіны налічылі, што толькі за мінулы дзень расейскія войскі страцілі 1180 чалавек, 16 танкаў, 17 бронемашынаў, 57 артылерыйскіх сістэмаў і адну рэактыўную сістэму залпавага агню, два сродкі супрацьпаветранай абароны, 63 машыны і 12 адзінак спецтэхнікі. Агулам з пачатку поўнамаштабнай вайны, паводле падлікаў Генштабу ЗСУ, Расея страціла 546 тысяч чалавек. Тым часам у Новарасійску, што ў Краснадарскім краі Расеі, паведамляюць пра атакі нейкіх беспілотных катараў.
NEW: The interplay between ongoing Russian offensive operations in the Chasiv Yar, Toretsk, and Avdiivka directions indicates that the Russian military command may intend to leverage the ongoing Toretsk push to create operational opportunities for advances in either the Chasiv… pic.twitter.com/CQuK0aToOT
— Institute for the Study of War (@TheStudyofWar) July 3, 2024
Асабліва актывізаваліся расейскія войскі на тарэцкім напрамку – атакавалі ў раёнах Тарэцку, Паўночнага, Паўлнёвага, Жалезнага і сяла Нью-Ёрк. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць, што Расея мае намер скарыстаць наступ на Тарэцк, каб стварыць магчымасці для прасоўвання на іншых участках – у раёнах Часава Яру або Аўдзееўкі. Агулам, адзначае ISW, дзеянні Расеі сведчаць пра больш развіты ўзровень планавання, чым у 2022 годзе.
Але рэалізацыя планаў можа быць абцяжараная нізкімі тактычнымі магчымасцямі войскаў – пад Тарэцк паслалі нізкакваліфікаваныя сілы «ДНР» і тэрытарыяльныя войскі, піша ISW. Брытанская выведка адзначае, што Расея ўсё больш выкарыстоўвае нерэгулярныя прарасейскія сілы ў наступальных аперацыях, якія нясуць значна большыя страты за звычайныя войскі, бо кепска падрыхтаваныя і не маюць падтрымкі артылерыі.
ISW таксама адзначае паведамленні аб тым, што Расея вярбуе ў калоніях ужо не толькі мужчынаў, але і жанчын. І некаторыя з завербаваных ужо ваююць на фронце.
Амерыканскае выданне «Politico» піша са спасылкай на экспертаў у нацыянальнай бяспецы, што мінулы прэзідэнт Злучаных Штатаў і кандыдат у прэзідэнты на бліжэйшых выбарах Доналд Трамп вядзе перамовы з Уладзімірам Пуціным аб тым, колькі ўкраінскай тэрыторыі можна даць захапіць Маскве, і абмяркоўвае ўгоду, у якой NATO адмовіцца ад прыняцця Украіны і Грузіі. Трамп, паводле выдання, не збіраецца адразу выводзіць ЗША з альянсу, які моцна крытыкаваў, але хоча «радыкальнай пераарыентацыі» NATO. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што такіх перамоваў з Трампам не было.
Украіна па-ранейшаму адмаўляецца ад тэрытарыяльных саступак Расеі. Пра гэта, перадае «Reuters», чарговы раз заявіў кіраўнік офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак, які знаходзіцца з візітам у Вашынгтоне напярэдадні саміту NATO. Паводле яго, Украіна не гатовая ісці на кампраміс у такіх справах, як незалежнасць, свабода, дэмакратыя, тэрытарыяльная цэласнасць і суверэнітэт. Што да магчымага выбрання Трампа прэзідэнтам, Ярмак сказаў, што Украіна будзе паважаць любы выбар амерыканскага народу.
Пакуль жа ЗША афіцыйна зацвердзілі чарговы пакет дапамогі Украіне на 2,3 млрд долараў і неафіцыйна анансуюць «добрыя навіны» для Украіны ў галіне паветранай абароны на саміце NATO, а таксама дапускаюць, што калі Расея будзе спрабаваць пашырыць цяперашні фронт, то Штаты дазволяць Украіне выкарыстоўваюць сваю зброю на большыя адлегласці ўглыбіню расейскай тэрыторыі. Вечарам мінулага дня галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі стэлефаноўваўся з кіраўніком Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША Чарльзам Браўнам, бакі абгаварылі абстаноўку на фронце і патрэбы Украіны ва ўзбраеннях, тэхніцы і боепрыпасах.
«Bloomberg» тым часам паведамляе, што кітайскія кампаніі разам з расейскімі распрацоўваюць ударны беспілотнік, падобны да іранскіх «Шахедаў», якія Расея ўжо выкарыстоўвае супраць Украіны. Паводле неафіцыйных звестак, апарат завецца «Sunflower 200» і падобны да «Shahed 136». Некаторыя краіны лічаць, што наданне Расеі кітайскіх беспілотнікаў можа «перайсці мяжу лятальнай дапамогі».
Алесь Наваборскі belsat.eu