КНДР накіруе вайскоўцаў ва Украіну? Наколькі гэта рэальна і як паўплывае на вайну


У медыях з’явілася інфармацыя, што Паўночная Карэя можа накіраваць ва Украіну інжынерныя войскі. Пакуль афіцыйнага пацверджання гэтаму няма, але фантастычным такі сцэнар не выглядае. Belsat.eu разбіраўся, што пра гэта вядома, і якія наступствы будзе мець магчымая адпраўка паўночнакарэйскіх жаўнераў ва Украіну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сустрэча Уладзіміра Пуціна і Кім Чэн Ына ў Пхеньяне, Паўночная Карэя. 18 чэрвеня 2024 года. Kremlin Press Office / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Інфармацыя пра тое, што КНДР можа быць так ці інакш уцягнутая ў вайну ва Украіне стала распаўсюджвацца неўзабаве пасля таго як Уладзімір Пуцін 18-19 чэрвеня наведаў Пхеньян і правёў перамовы з Кім Чэн Ынам. Візіт праходзіў у пышнай абстаноўцы, суправаджаўся ўручэннем узнагародаў і падпісаннем пагадненняў. Пуцін і Кім ухвалілі дамову аб стратэгічным партнёрстве, згодна з якою дзве краіны абавязаліся даць усю наяўную вайсковую дапамогу, калі адзін з бакоў зазнае напад і акажацца ў стане вайны.

21 чэрвеня паўднёвакарэйскі тэлеканал TV Chosun са спасылкай на крыніцы сярод чыноўнікаў паведаміў: Паўднёвая Карэя чакае, што КНДР адправіць буйныя інжынерныя падраздзяленні ў акупаваную Данецкую вобласць. Яны нібыта павінны займацца аднаўленнем разбуранай інфраструктуры, але гэта будуць менавіта вайскоўцы, а не цывільныя будаўнікі. Паводле звестак TV Chosun, гэта можа адбыцца ўжо ў ліпені 2024 года.

Ні ў Пхеньяне, ні ў Маскве афіцыйна інфармацыю пра накіраванне вайскоўцаў КНДР ва Украіну не каментавалі. Затое пра гэта выказаліся ў Міністэрстве абароны ЗША. Прадстаўнік Пентагону Патрык Райдэр заявіў 26 чэрвеня: «Гэта сапраўды тая рэч, за якой варта сачыць». На ягоную думку, такі крок стаў бы памылкай Пхеньяну.

«Я думаю, што калі б я кіраваў вайсковым персаналам Паўночнай Карэі, я б паставіў пад сумненне адпраўку сваіх сіл у якасці гарматнага мяса на незаконную вайну супраць Украіны», – падкрэсліў Райдэр.

Пракаментавалі сітуацыю і ў Кіеве. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк выказаў абурэнне тым, што ААН, па сутнасці, дэманстратыўна ігнаруе «прамы ўдзел Паўночнай Карэі ў вайне на баку Расеі».

Карэйцы на вайне ва Украіне – гэта ўвогуле рэальна?

Паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын не раз заяўляў пра поўную падтрымку Расеі ў канфлікце з Украінай. Ён называе расейскую агрэсію «святой вайной» і разглядае яе ў якасці часткі глабальнага супрацьстаянні «гегеманістычным сілам» (то бок Захаду). Восенню 2022-га КНДР афіцыйна прызнала анексію Расеяй украінскіх тэрыторыяў, на што нават Аляксандр Лукашэнка не наважыўся.

Паўночная Карэя разам з Іранам з’яўляюцца галоўным пастаўшчыком зброі і боепрыпасаў для расейскай арміі. Са жніўня 2023 года да сёлетняга студзеня Расея атрымала ад КНДР 1,6 млн артылерыйскіх снарадаў – больш чым накіравалі ЗСУ ўвесь Еўразвяз і Вялікая Брытанія. Акрамя таго, Пхеньян, імаверна, паставіў расейскай арміі партыю балістычных ракетаў KN-23 і KN-24. Іх выкарыстанне было зафіксавана падчас масаваных абстрэлаў украінскіх гарадоў у пачатку 2024 года.

Аналітыка
КНДР, імаверна, пастаўляе Расеі балістычныя ракеты. Што гэта значыць для Украіны і свету
2024.01.11 07:00

Калі Пхеньян вырашыцца пайсці на тое, каб накіраваць сваіх вайскоўцаў ва Украіну, то іх матывацыя можа быць вельмі банальнай – грошы. Улады КНДР нічым не грэбуюць, каб здабыць валюту – вядома, што яны зарабляюць нават на наркагандлі. Паводле тэлеканалу Chosun, калі адправіць тры-чатыры інжынерныя брыгады на акупаваныя тэрыторыі, Паўночная Карэя можа атрымлівць ад Расеі да $ 115 мільёнаў штогод.

«З пункту гледжання Паўночнай Карэі, гэта таксама сродак атрымання замежнай валюты», – кажа паўднёвакарэйскі чыноўнік.

Пры гэтым вайсковая супраца КНДР і РФ мае не толькі грашовае вымярэнне. Паўночная Карэя вельмі зацікаўлена ў атрыманні ад Масквы больш прасунутых вайсковых тэхналогій, доступу да якіх праз санкцыі ў Пхеньяна не было.

Хаця звонку накіраванне вайскоўцаў КНДР ва Украіну можа выглядаць падзеяй экзатычнай, насамрэч нічога фантастычнага ў гэтым сцэнары няма. Пхеньян у XX стагоддзі ўжо меў досвед кропкавага, абмежаванага ўдзелу ва ўзброеных канфліктах далёка ад сваіх межаў. Напрыклад, паўночнакарэйскія лётчыкі ваявалі супраць ЗША ў В’етнаме, а ваенная місія з КНДР колькасцю ў амаль 1,5 тысячы чалавек дзейнічала ў Анголе падчас грамадзянскай вайны.

Практыка прыцягненне замежнікаў да вайны супраць Украіны атрымала ў Расеі шырокі распаўсюд. Вядома, што расейскія ўлады завербавалі і накіравалі на фронт тысячы грамадзянаў краінаў Азіі і Афрыкі, у тым ліку праз падман і прымус. Таму з’яўленне ва Украіне вайскоўцаў з КНДР выглядае лагічным развіццём гэтай палітыкі. Расеі патрэбна ўсё больш і больш людзей для вайны, а абвяшчаць другую хвалю мабілізацыі Пуцін не хоча, бо баіцца ўнутрыпалітычных наступстваў.

Hавiны
«Bloomberg»: Расея адпраўляе ваяваць ва Украіну афрыканскіх студэнтаў
2024.06.09 20:33

Як гэта можа паўплываць на вайну

Пакуль размова вядзецца выключна пра накіраванне ва Украіну інжынерных войскаў.

«Інжынерныя брыгады – гэта не баявыя падраздзяленні, штурмаваць пазіцыі яны не будуць, а вось ствараць фартыфікацыі ды іншае – так», – піша ў сваім Telegram-канале вайсковы аглядальнік групы «Інформаційний спротив» Аляксандр Каваленка.

«Прамая інжынерная падтрымка Паўночнай Карэі можа вызваліць баявыя рэсурсы Расеі для аперацыяў па лініі фронту і дапамагчы намаганням Расеі па пашырэнні вайсковай інфраструктуры і абарончых умацаванняў на акупаванай Украіне», – зазначае амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Сцвярджаецца, што накіраваць ва Украіну могуць 3-4 паўночнакарэйскія брыгады –  у маштабах цяперашняй вайны гэта зусім не шмат. Аднак гэта стане важным прэцэдэнтам.

«Прэцэдэнт паказальны, асабліва для нашых міжнародных партнёраў. Найміты – гэта найміты, а рэгулярныя войскі, няхай і інжынерныя – гэта рэгулярныя войскі», – канстатуе Каваленка.

Украінскі вайсковы эксперт Валерый Рабых заявіў у эфіры тэлеканалу Freedom, што з’яўленне інжынерных войскаў Паўночнай Карэі ва Украіне можна будзе лічыць уступленнем Пхеньяну ў вайну на баку Масквы. Вайсковы эксперт, афіцэр рэзерву ЗСУ Андрэй Крамараў мяркуе, што справа можа інжынернымі войскамі і не абмежавацца. «Потым выявіцца, што сюды прыйдуць паўнавартасныя мотастралковыя падраздзяленні», – зазначыў ён у эфіры Radio NV. «Ёсць верагоднасць таго, што ў нас у вайну далучыцца рэгулярнае войска КНДР. Пытанне ў тым, ці будуць адкамандзіраваныя пад сцягам Расеі ці пад уласным сцягам».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковы парад праходзіць на плошчы Кім Ір Сена ў цэнтры Пхеньяна, КНДР. 27 ліпеня 2023 года.
Фота: Yao Dawei / Xinhua News Agency / Forum

У любым выпадку накіраванне паўночнакарэйскіх вайскоўцаў ва Данбас непазбежна актуалізуе пытанне аб увядзенні войскаў краінаў NATO ва Украіну. Папярэднія абмеркаванні гэтай тэмы зводзіліся да таго, што вайсковы кантынгент краінаў Захаду можа ўзяць на сябе частку небаявых задач у тыле (трэнаванне ўкраінскіх вайскоўцаў, абслугоўванне тэхнікі і г.д.) або прыкрыць мяжу з Беларуссю, што дазволіла б ЗСУ накіраваць больш сілаў на фронт.

Частка экспертаў, каментуючы апошнія навіны, як раз акцэнтуе увагу на рэакцыі міжнароднай супольнасці: калі КНДР можа ўмешвацца ў канфлікт ва Украіне, то чаму Захад гэтага баіцца? «У Паўночнай Карэі не было ніякіх праблем з забеспячэннем Расеі ракетамі, артылерыйскімі снарадамі і балістычнымі ракетамі для ўдараў па Украіне. Паўночная Карэя цяпер не мае праблем з адпраўкай войскаў, каб дапамагчы расейцам забіваць украінцаў. Толькі ў Захаду праблемы з падтрымкай Украіны», – заўважае палітолаг Сяргей Сумленны – былы кіраўнік Фонду Генрыха Бёлля ва Украіне.

Для Захаду гэтая падзея стане сур’ёзным выклікам яшчэ і таму, што Паўночная Карэя сама па сабе ўспрымаецца як пагроза для міжнароднай бяспекі. На Пхеньян накладзены шматлікія абмежаванні і санкцыі, прычым на ўзроўні Рады Бяспекі ААН. «Як цяпер адрэагуе Захад?» – задаецца пытаннем нямецкі журналіст Юрген Наўдытт. Ён нагадвае, што КНДР мае адну з найбуйнейшых арміяў у свеце, якая налічвае каля 1,3 млн жаўнераў.

Разам з тым, варта канстатаваць, што пакуль няма доказаў таго, што Кім Чэн Ын сапраўды прыняў рашэнне пра накіраванне ва Данбас паўночнакарэйскіх вайскоўцаў. Частка экспертаў ва Украіне і на Захадзе вельмі сумняюцца ў тым, што Пхеньян наважыцца на такі крок, бо для рэжыму Кім гэта таксама рызыка.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў