Чаму Захад не можа забяспечыць Украіне перавагу ў вайсковых рэсурсах?


Апошнім часам на Захадзе ўсё часцей вымушаныя прызнаваць, што пакуль не могуць забяспечыць Украіны ўсім неабходным для вядзення баявых дзеянняў, а таксама канстатуюць, што Расея пераводзіць сваю прамысловасць на ваенныя рэйкі значна хутчэй, чымся чакалася. Чаму краіны NATO пры ўсім сваім прамысловым і тэхналагічным патэнцыяле не здолелі гарантаваць ЗСУ рэсурснай перавагі над расейскім войскам? Belsat.eu спрабуе разабрацца ў складанай сітуацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Помнік «Радзіма-маці» на захадзе сонца ў Кіеве, Украіна. 28 кастрычніка 2023 года.
Фота: Genya Savilov / AFP / East News

Неспадзяванка ад Расеі

Сітуацыя, у якой апынуліся Украіна, Расея і Захад у канцы 2023 года, імаверна, шмат для каго сталася нечаканасцю. У 2022-м прэса і аналітыкі часта разважалі пра тое, што расейскае войска блізкае да вычарпання рэсурсаў, якія ва ўмовах санкцыяў наўрад ці здолее аднавіць. Выданне The Insider, напрыклад, прагназавала, што ўжо ў канцы 2022-га Расея застанецца амаль без снарадаў, артылерыі і браняванай тэхнікі. «Reuters» са спасылкаю на прадстаўніка Пэнтагону адзначаў, што боепрыпасы ў агрэсара скончацца ў пачатку 2023 года. Нямецкі вайсковы эксперт Маркус Койп казаў, што рэзерваў расейскай арміі хопіць максімум да кастрычніка 2023-га.

Дэфіцыт вайсковых рэсурсаў Расея сапраўды адчула. Шчыльнасць артылерыйскай стральбы ў параўнанні з пачаткам актыўных ваенных дзеянняў знізілася ў разы. У сакавіку 2023-га Уладзімір Пуцін прызнаў увядзенне «пэўных лімітаў» на выкарыстанне боепрыпасаў. Расея таксама была вымушаная здымаць з захоўвання і кідаць на фронт састарэлую браняваную тэхніку.

Аднак ніякага калапсу не адбылося, і ўвосень 2023 года гэта стала ўсім відавочна. Паводле заходніх медыяў, нягледзячы на санкцыі, Расея ў параўнанні з лютым 2022-га значна павялічыць выпуск боепрыпасаў. У некалькі разоў пераўзышла прагнозы і ракетная вытворчасць РФ: украінская выведка лічыла, што расейцы здолеюць вырабляць максімум некалькі дзясяткаў высокадакладных ракетаў, а потым высветлілася, што толькі за кастрычнік яны вырабілі 115 адзінак.

Дасягненні заходняга ВПК, наадварот, аказаліся ніжэйшыя, чымся чакалася: краіны ЕЗ планавалі скіраваць Украіне 1 мільён снарадаў да сакавіка 2024 года, але на лістапад даставілі толькі 30 % з агульнай колькасці і шчыра прызналіся, што свае абяцанні выканаць своечасова не здолеюць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы групы палявання на беспілотнікі дэманструюць частку збітага расейскага беспілотніка побач з нямецкім зенітным танкам «Gepard», на ўскраіне Кіева, Украіна. 30 лістапада 2023 года.
Фота: Roman Pilipey / AFP / East News

ЗША хоць і значна павялічылі выпуск боепрыпасаў, але за патрэбамі вайны ўсё роўна пакуль не паспяваюць. Напрыклад, у верасні 2023-га прадстаўнік Пэнтагону тлумачыў журналістам, што ў пачатку года амерыканская прамысловасць вырабляла 14 тысяч снарадаў штомесяц, цяпер вырабляе 28 тысячаў, а плануе выйсці на ўзровень 100 тысячаў у 2025 годзе. Гэта пры тым, што ў розныя перыяды поўнамаштабнай вайны Расея выстрэльвалі па ўкраінскіх пазіцыях ад 10 да 60 тысяч боепрыпасаў штодзень.

Грошы ёсць, вытворчасці няма

Пасля завяршэння халоднай вайны краіны Захаду зыходзілі з таго, што маштабны франтавы канфлікт у Еўропе проста немагчымы, і згодна з гэтым меркаваннем ставілі задачы перад сваім вайскова-прамысловым комплексам. Да новых выклікаў саюзнікі Украіны аказаліся не падрыхтаваныя: яны не мелі вялікіх складскіх запасаў і не развівалі масавай вытворчасці ў ВПК.

Найперш гэта датычыць краінаў Еўропы: шмат якія з іх не хацелі выдаткоўваць на абарону нават тых 2 % бюджэту, якія лічацца мінімумам для чальцоў NATO. Абаронны сектар дзяржаваў ЕЗ недафінансоўваўся дзесяцігоддзямі, скарачаліся прамысловыя магутнасці і распадаліся лагістычныя ланцужкі. Аднак і Злучаныя Штаты, якія выдаткоўваюць на абарону больш за ўсіх на свеце, не былі гатовыя да спецыфікі вялікай франтавой вайны: яны ўкладалі інвестыцыі ў высокатэхналагічную зброю, а, напрыклад, вытворчасці стандартных артылерыйскіх снарадаў не надавалі вялікага значэння.

Аналітыка
Расея нападзе на NATO праз 6-10 гадоў? На чым грунтуецца гэты прагноз і што азначае
2023.11.22 17:08

Калі стала ясна, што вайна ва Украіне паглынае гіганцкія аб’ёмы боепрыпасаў і трэба нарошчваць вытворчасць, краіны Захаду сутыкнуліся з шэрагам аб’ектыўных праблемаў. «Financial Times» у сакавіку 2023 года пісала, што ў Еўропы нястача базавых матэрыялаў для снарадаў – пораху і выбухоўкі, а таксама кампанентаў для іх вытворчасці, напрыклад, нітрацэлюлозы. Еўрапейскія збройнікі заяўлялі выданню, што на будаўніцтва заводаў для вытворчасці гэтых матэрыялаў спатрэбіцца не менш як тры гады. Дэфіцыт у сваю чаргу ўплывае і на кошт вытворчасці снарадаў, цана на якія пасля пачатку вайны падскочыла на 20 %.

«Вайсковая вытворчасць – вельмі доўгі працэс, – тлумачыў у інтэрв’ю «Медузе» нямецкі вайсковы эксперт Ніка Лянге. – Нават калі ў мяне ёсць грошы, я не магу ўзяць і купіць мільён боепрыпасаў. Для гэтага трэба стварыць новую фабрыку, наняць людзей».

«А ці была калі-небудзь рэалістычнаю пастаўленая мэта – адзін мільён [снарадаў]? Грошы ёсць, але патрэбная яшчэ і вытворчасць», – наракаў у лістападзе 2023 года нямецкі міністр абароны Борыс Пісторыюс.

Паводле афіцыйных звестак, Еўразвяз сёлета ўсё-ткі здолеў нарасціць магутнасці для вытворчасці боепрыпасаў прыблізна на 20–30 %. Аднак еўрапейская прамысловасць, хутчэй за ўсё, магла быць больш эфектыўнаю.

Сімбіёз асцярожнасці, бюракратыі і няправільных прагнозаў

На адпаведныя вынікі, імаверна, паўплывалі не толькі аб’ектыўныя, але і суб’ектыўныя фактары. Напрыклад, памылковыя прагнозы. Спачатку ў зацяжную вайну ніхто не верыў, потым на Захадзе пераважалі завышаныя чаканні ад украінскага контрнаступу. Усё гэта прымушала заходнія ўрады і вытворцаў зброі асцярожнічаць: калі вайна хутка скончыцца, то новыя прамысловыя лініі пачнуць прастойваць, бо боепрыпасы і тэхніка ў такіх аб’’мах проста нікому не будуць патрэбныя.

Як вынікае з вялікага артыкулу Blomberg, апублікаванага яшчэ ўлетку, вытворцы зброі і еўрапейскія ўлады вінавацяць адно аднога ў цяперашняй сітуацыі. Прадпрыемствам ВПК патрэбныя доўгатэрміновыя кантракты, яны хочуць беспасярэднюю фінансавую дапамогу для пашырэння вытворчасці або надання прыярытэтнага доступу да энергарэсурсаў. Урады ў сваю чаргу думаюць, што паколькі вытворцы зброі добра зарабляюць на вайне, то яны мусяць браць на сябе і рызыкі, самастойна інвестуючы ў развіццё сваёй галіны. Акрамя таго, не ўсе еўрапейскія банкі хочуць крэдытаваць ВПК, бо лічаць, што гэта кепска адаб’ецца на іх рэпутацыі.

Нароўні з адсутнасцю доўгатэрміновых гарантыяў, нястачаю персаналу і камплектавальных развіццё еўрапейскага ВПК тармозяць бюракратычныя перашкоды. Нормы краінаў ЕЗ прадугледжваюць вельмі складаныя працэдуры кантролю і ўхвалення вайсковых замоваў. Напрыклад, у Нямеччыне любую абаронную замову на больш за 25 мільёнаў еўраў (мізэрная сума ва ўмовах вялікай вайны) трэба праводзіць праз парламент, звяртае ўвагу «Bloomberg».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аператар кіруе палётам БПЛА з металадэтэктарам для пошуку мінаў каля Дэргачоў, Харкаўская вобласць, Украіна. 1 кастрычніка 2023 года.
Фота: Sergey Bobok / AFP / East News

Поўнай пераарыентацыі еўрапейскага ВПК на Украіну таксама не адбылося. Цікавыя звесткі ў лістападзе 2023 года агучыў вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль: аказваецца, еўрапейская прамысловасць дасюль экспартуе ў трэція краіны каля 40 % вырабленых боепрыпасаў. «Магчыма, нам варта паспрабаваць скіраваць гэтую прадукцыю на прыярытэт нумар адзін, то бок Украіну», – прапанаваў Бурэль на 19-м месяцы поўнамаштабнай вайны. Аднак проста загадаць прыватным вытворцам зброі пераарыентаваць свой экспарт на Украіну еўрапейскія ўлады не могуць: прадпрыемства ВПК трэба ў гэтым зацікавіць і пераканаць.

Акрамя таго, праблема заключаецца ў тым, што цэнтралізаванай абароннай прамысловасці ў ЕЗ проста не існуе: асноўныя пытанні развязваюцца ўсё-ткі на нацыянальным, а не агульнаеўрапейскім узроўні. «Мы не можам працаваць адно з адным гэтак шчыльна, як мусім», – наракаў нядаўна генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

Эфект аўтарытарызму

Чаму Расея на гэтым этапе спраўляецца з рэсурснымі выклікамі больш паспяхова?

Па-першае, стартавыя пазіцыя ў Расеі і яе праціўнікаў былі розныя, бо Масква сапраўды да вайны рыхтавалася. Расея ў спадчыну ад СССР атрымала вялікі арсенал зброі, які ў гады кіравання Уладзіміра Пуціна паступова папаўняўся. Напрыклад, паводле падлікаў эксперта ў бяспецы Паўла Лузіна, напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання Расея магла вырабляць за год да мільёна боепрыпасаў і агулам мела на складах каля 15 мільёнаў снарадаў. Фактычна ў 2022-м расейская армія ваявала за кошт сваіх запасаў, якія здаваліся проста бяздоннымі, а ЗСУ амаль адразу сутыкнуліся са «снарадным голадам».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец 10-й асобнай штурмавой брыгады страляе з французскага мінамёта MO-120-RT61 па расейскіх пазіцыях на перадавой у Данецкай вобласці, Украіна. 4 сакавіка 2023 года.
Фота: Anatolii Stepanov / AFP / EAst News

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, паводле розных ацэнак, вытворчасць снарадаў у РФ магла выйсці на ўзровень 1,5 або нават 2 млн у год – у тым ліку дзякуючы таму, што ў заходніх санкцыях атрымалася знайсці дзіркі і наладзіць пастаўкі неабходных кампанентаў праз трэція краіны. Плюс Расея атрымлівае дапамогу ад сваіх саюзнікаў, якія таксама маюць вялікія складскія запасы з часоў СССР. Паводле медыяў, толькі ў 2022 годзе Беларусь паставіла расейскай арміі 131 тысячу тонаў боепрыпасаў. А восенню 2023 года Паўночная Карэя перадала Расеі больш за мільён артылерыйскіх снарадаў. Лічбы ўражваюць: атрымліваецца, што КНДР паставіла са сваіх складоў Расеі больш боепрыпасаў, чым сёлета накіравалі Украіне ўвесь Еўразвяз і Вялікая Брытанія.

Па-другое, там, дзе дэмакратычныя ўрады вымушаныя пераконваць і шукаць кампраміс паміж рознымі групамі інтарэсаў, Крэмль можа дзеяць адвольна і не даваць нікому справаздачаў. Расея як аўтарытарная краіна не мае праблемаў з цэнтралізацыяй вытворчасці і рэзкім пашырэннем ваенных выдаткаў за кошт дабрабыту сваіх грамадзянаў. Калі прааналізаваць звесткі з адкрытых крыніцаў, можна прыйсці да высновы, што Расея выдаткоўвае на вайну значна больш, чымся Захад скіроўвае на падтрыманне Украіны. Прычым аб’ёмы растуць шалёнымі тэмпамі: у 2023 годзе абаронныя расходы РФ павялічыліся на 60 %, а ў 2024-м – на 68 %. Агулам у наступным годзе Крэмль плануе скіраваць на абаронную сферу амаль 30 % усіх бюджэтных выдаткаў, або каля 6 % ВУП.

Разам з тым поспехі Расеі ў назапашванні рэсурсаў не павінны ўводзіць у зман. Насамрэч далей сітуацыя можа кардынальным чынам змяніцца, калі ЗША і Еўропа ўсё-ткі здолеюць зрэалізаваць свой вялізарны прамысловы, тэхналагічны і фінансавы патэнцыял. Аднак як паказвае досвед 2022–2023 гадоў, для гэтага трэба час і палітычная воля, чаго Захаду не заўсёды стае.

Аналітыка
Ці актуальна для Беларусі пагроза ўступлення ў вайну супраць Украіны?
2023.11.28 17:05

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў