Генсакратар NATO: «Чым больш будзем падтрымліваць Украіну, тым хутчэй скончыцца вайна»


Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг у інтэрв’ю нямецкаму выданню «Das Erste» прызнаў праблемы з пастаўкай заходняй зброі Украіне. Але адзначыў, што яе развязанне, як і нарошчванне паставак – у інтарэсах заходніх краінаў.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг на прэс-канферэнцыі. Брусэль, Бельгія. 3 красавіка 2023 года.
Фота: Nato.int

Енс Стольтэнбэрг заявіў, што Захад не зможа даставіць ва Украіну дастатковую колькасць вайсковай тэхнікі ў бліжэйшы час. Адной з прычын ён назваў праблемы з лагістыкай. Паводле яго, паколькі Захад не змог даць Украіне неабходнае ўзбраенне, ва Украіне склалася «крытычная сітуацыя», якая можа пагоршыцца, калі Захад не павялічыць пастаўкі зброі.

«Нам трэба рыхтавацца да дрэнных навінаў. Канфлікты развіваюцца паэтапна, але мы павінны падтрымліваць Украіну як у дрэнныя, так і ў добрыя часы», – адзначыў ён.

Кіраўнік Альянсу заявіў, што перамога Расеі «стане трагедыяй для Украіны», але будзе небяспечнай і для заходніх краінаў.

«У нашых уласных інтарэсах зрабіць усё так, каб Украіна перамагла», – заявіў генеральны сакратар і дадаў: «Мы ведаем, што чым больш мы будзем падтрымліваць Украіну, тым хутчэй скончыцца вайна».

Стольтэнбэрг адзначыў важнасць нарошчвання вытворчасці ўзбраенняў, паляпшэння лагістычных шляхоў, але пры гэтым падкрэсліў «раздробленасць еўрапейскай абарончай прамысловасці».

«Мы не можам працаваць адзін з адным так шчыльна, як павінны», – сказаў ён.

Генеральны сакратар не стаў адказваць на пытанне аб тым, як трэба дзейнічаць Збройным сілам Украіны, а пераадрасаваў «прыняцце гэтых складаных аператыўных рашэнняў украінцам і іх ваеннаму кіраўніцтву».

І хоць за год лінія фронту засталася практычна нязменнай, Стольтэнбэрг адзначыў, што Украіна здолела нанесці вялікія страты Расеі, у тым ліку ў авіяцыі, і адцясніць расейскі флот на ўсход Чорнага мора.

Hавiны
«Мы не далі гэтага ўкраінцам». Экс-кіраўнік ЦРУ назваў прычыну няўдалага контрнаступу ЗСУ
2023.12.02 08:44

Былы дырэктар ЦРУ і экс-камандуючы міжнароднымі кааліцыямі ў Іраку і ў Афганістане генерал Дэйвід Пэтрэюс таксама лічыць, што ўкраінцы «не змаглі дасягнуць таго прарыву, на які ўсе спадзяваліся» у контрнаступе летам 2023 года праз недастатковыя пастаўкі Кіеву ўзбраення.

У прыватнасці, паводле яго, былі затрымкі з прыняццем рашэнняў адносна танкаў «Abrams M1» і «Leopard», касетных боепрыпасаў, сістэмаў ракет большага радыусу дзеяння для рэактыўных сістэмаў залпавага агню і самалётах заходняга ўзору.

Гісторыі
«Залужнага злуе, што мы часткова прайграем». Саюзнікі прасілі галоўнакамандуючага ЗСУ асцярожней выказвацца ў СМІ аб праблемах на вайне — крыніца «Вот Так»
2023.12.01 21:25

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў