Якая ядравая зброя ёсць у Лукашэнкі? Эксперт тлумачыць: ніякай і быць не можа


Аляксандр Лукашэнка ўжо год пагражае свету ядраваю зброяй. Павел Подзвіг тлумачыць, што нават калі ядравую зброю даставяць на тэрыторыю Беларусі, што сумнеўна, то ў Лукашэнкі не будзе доступу да боегаловак.

На Усебеларускім народным сходзе 25 красавіка Аляксандр Лукашэнка зноў выхваляўся і пагражаў расейскай тактычнай ядравай зброяй на тэрыторыі Беларусі. Што вядома пра яе, у эфіры «Вось так» апавёў старэйшы навуковы працаўнік Інстытуту ААН у справе вывучэння праблемаў раззбраення Павел Подзвіг.

Эксперт падкрэслівае, што пра зброю вядома якраз мала. Лукашэнка казаў, што ў Беларусь былі дастаўленыя некалькі дзясяткаў ракетаў і самалётаў, але паўсюль, у тым ліку ў Расеі, ракеты ідуць асобна, а боегалоўкі асобна. Да самалёта, здольнага несці ядравую зброю, не абавязкова прымацаваная ядравая зброя.

«Тое, што там ёсць ракеты і бамбавікі, якія ў прынцыпе могуць гэта дастаўляць, зусім не азначае, што там ёсць рэальныя ядравыя боегалоўкі, прызначаныя для размяшчэння на гэтых сістэмах», – кажа Павел Подзвіг.

Аднак эксперт бачыць некалькі прыкметаў таго, што справа ідзе да перамяшчэння ў Беларусь баявых набояў. Не так даўно эксперты заўважылі, што на аб’екце ў Асіповічах ствараецца адпаведнае сховішча, інжынерныя збудаванні ўжо гатовыя, пастаўленыя агароджы і калючы дрот.

А ўласна ядравых боегаловак у Беларусі яшчэ не паказвалі і не заўважалі. І наўрад ці пакажуць, перакананы Павел Подзвіг:

«Уласна баявых набояў ніхто ў гэтае сховішча везці не будзе. Практыка, прынятая ў Расеі ў справе абыходжання з баявымі набоямі такая, што яны застаюцца ў абмежаванай колькасці месцаў захоўвання».

Найбліжэйшае да Беларусі сховішча – каля Бранску, за 75 км ад мяжы з Беларуссю (115 км дарогамі). Там набоі і застануцца, упэўнены суразмоўца. Сховішча ў Беларусі дабудуюць, магчымасць размясціць набоі створаць, але іх не аддадуць.

І нават калі набоі прывязуць на тэрыторыю Беларусі, іх не аддадуць пад кантроль Лукашэнку. Баявыя набоі ў такім выпадку будуць кантралявацца адпаведнымі расейскімі часткамі, спецыяльнымі войскамі 12-га Галоўнага ўпраўлення Міністэрства абароны РФ.

Гэтак і ў Расеі: вайсковыя часткі, якія займаюцца ракетамі і самалётамі, здольнымі несці ядравыя набоі, не маюць доступу да самой ядравай зброі. Уся яна на складзе пад аховай 12-га Галоўнага ўпраўлення. Набоі апынуцца блізка да самалётаў або ракетаў толькі ў апошні момант, калі будзе пастаноўлена іх выкарыстаць.

Александр Лукашенко с воображаемым ядерным оружием
Аляксандр Лукашэнка з уяўнай ядравай зброяй.
Калаж: Pixabay.com / president.gov.by / Белсат

Выходзіць, Лукашэнка блефуе, калі пагражае ядраваю зброяй ці кажа, што яе выкарыстанне будзе супольным рашэннем з Уладзімірам Пуціным? Павел Подзвіг сумняваецца, што Лукашэнка кажа праўду: ува ўсіх расейскіх дакументах сказана, што рашэнне прымае толькі прэзідэнт Расеі, няма прычынаў дзяліцца гэтым правам.

«У нейкім сэнсе зразумела: сам факт таго, што існуюць сістэмы, могуць быць выкарыстаныя для дастаўкі зброі, тое, што ідзе навучанне персаналу, – гэта ўсё рэчы рэальныя, – прызнае суразмоўца. – Але зноў жа, мне здаецца, трэба выразна аддзяляць рэчы, якія робяцца і я не думаю, што нечую бяспеку рэальна павялічваюць, і рэчы, якія не робяцца. А менавіта перадача кантролю і нават перавоз баявых набояў на тэрыторыю Беларусі».

Дарэчы, на Усебеларускім народным сходзе, дзе Лукашэнка зноў пагражаў ядраваю зброяй, міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін запэўніваў, што пастанова пра размяшчэнне ў Беларусі такой зброі абумоўленая парушэннем Будапэшцкага мемарандуму (PDF). Толькі не згадаў, што гэты мемарандум першаю парушыла менавіта Расея, калі пачала вайну ва Украіне.

Абноўлена
Ядравая зброя, мір на ўмовах Расеі і баявыя камары. Пра што кажуць на другім дні УНС
2024.04.25 11:06

belsat.eu / ЮК

Стужка навінаў