«Яны забралі ў нас лес». Чым небяспечныя кляшчы ў Беларусі і як ад іх ратавацца?


У Беларусі кляшчы ўсё часцей кусаюць чалавека, і ў вялікай колькасці выпадкаў гэтыя ўкусы зусім не бяскрыўдныя, бо кляшчы пераносяць розныя інфекцыі. Самыя распаўсюджаныя з іх – лайм-барэліёз і вірусны энцэфаліт. Чаму кляшчоў зрабілася так шмат у Беларусі? Што надзяваць і якія рэпеленты выкарыстоўваць, каб пачувацца ў парках і лясах бяспечна? Ці трэба здаваць кляшча на аналіз і піць антыбіётыкі дзеля прафілактыкі? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні нам далі хімік-фармацэўт, эксперт у грамадзянскай бяспецы Сяргей Бесараб і лекарка Мая Церакулава.

Клешч (Ixodes ricinus) чакае сваёй ахвяры на траве.
Фота: East News

Што за звер клешч, і дзе ён жыве?

Клешч – гэта не насякомае. Гэта павукападобная істота. Агулам існуе больш за 54 тысячы відаў кляшчоў, але для чалавека небяспечныя далёка не ўсе. Тым не менш ёсць тыя, што пераносяць небяспечныя інфекцыі, і ў Беларусі апошнім часам яны моцна распаўсюдзіліся.

Паводле хіміка-фармацэўта Сяргея Бесараба, месца камфорту для кляшчоў – пераходныя зоны паміж лесам і лугам. Клешч пры гэтым любіць сядзець у ценю, які ўтвараецца ад дрэваў.

«Небяспека тут у тым, што ў залежнасці ад часу дня цень змяняецца, і калі ён знікае, людзі пераходзяць на гэтае сонечнае месца, але клешч там як сядзеў, так і сядзіць, – кажа адмысловец. – Ён трымаецца задняй парай ножак, а пярэднія выцягвае, расстаўляе і чакае. Калі побач з’яўляецца патэнцыйны гаспадар, спрацоўвае трыгер, і клешч скача, чапляецца і паўзе па гаспадары ўверх. Клешч заўсёды паўзе толькі ўверх, ён не можа паўзці ўніз».

На якія трыгеры рэагуюць кляшчы?

Перш за ўсё кляшчы рэагуюць на змяненне інтэнсіўнасці святла, кажа Сяргей Бесараб. Чалавек, калі праходзіць, стварае кляшчу больш ценю, і клешч на гэта рэагуе і скача, у яго спрацоўвае інстынкт, што калі змяняецца ўзровень інтэнсіўнасці асвятлення, то там можа ісці яго гаспадар.

«Колераў клешч не адрознівае, яму ўсё роўна, ува што вы апранутыя, – кажа навуковец. – Але часта можна пачуць, што ў лес раяць хадзіць у светлым. Адзіная прычына для гэтага – на светлым лепш бачна кляшчоў».

Акрамя таго, клешч рэагуе на тэмпературу і на канцэнтрацыю вуглякіслага газу.

«У ЗША на гэтым прынцыпе робяцца пасткі для кляшчоў – у адмысловыя ёмістасці кладуць сухі лёд; калі ён выпараецца, то выдзяляе вуглякіслы газ, там кляшчы і збіраюцца».

Трыгерам для кляшча таксама служаць вібрацыя і пахі. Клешч адчувае вібрацыю ад рухаў жывёлы ці чалавека і скача. Датычна пахаў, самы моцны атрактант для кляшча – пах авечай воўны.

«У мяне пыталіся пра бялізну з воўны авечкі-мерыноса – ці прыцягвае яна кляшча. Але тут складана сказаць, бо воўна ж апрацоўваецца. Тым не менш цалкам выключаць імавернасць, што атрактант застанецца, нельга, бо мы не ведаем, як у кожным канкрэтным выпадку апрацоўваюць гэтую воўну», – зазначае хімік.

Пах цела чалавека ці жывёлы можна перабіць адмысловымі рэпелентамі.

Які сродак самы эфектыўны ў барацьбе з кляшчамі?

«Найлепшы спосаб абараніць сябе ад кляшчоў – сядзець у кватэры і нікуды не выходзіць, – жартуе Сяргей Бесараб. – Але гэта немагчыма, таму трэба карыстацца рэпелентамі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Bignai / Easyfotostock / East News

Але далёка не кожны рэпелент сапраўды абароніць, зазначае Сяргей Бесараб:

«У галовах у людзей пануе ўяўленне, што дапаможа першы-лепшы сродак, які можна набыць у аптэцы. І гэта сур’ёзная памылка і мой вялікі боль. Насамрэч знайсці добры рэпелент не так проста. І нават аптэка зусім не гарантыя, што там будзе штосьці добрае. Я даследаваў, што ў нас прадаецца, і ведаю, што сапраўды эфектыўных сродкаў у продажы мала. У большасці ў складзе намяшаныя рэчывы, эфектыўнасць якіх навукай не пацверджаная. Ці канцэнтрацыя рэчыва такая, што не спрацуе. Але гэта ўсё прадаецца і рэкламуецца».

Асноўны рэпелент для адпужвання кляшча – залаты стандарт у свеце – дыэцілталуамід (ДЭТА). Сяргей Бесараб запэўнівае, што яго эфектыўнасць пацверджаная і Сусветнай арганізацыяй здароўя (World Health Organization), і шматлікімі рэгіянальнымі арганізацыямі, накшталт амерыканскага Агенцтва аховы навакольнага асяроддзя (U.S. Environmental Protection Agency) ці Цэнтру кантролю і прафілактыкі хваробаў (CDC), якія ствараюць метадычную базу для барацьбы з пераносчыкамі хваробаў. Але канцэнтрацыя ДЭТА павінна быць ад 20 да 50 %, не меншаю.

«У большасці ж рэпелентаў, якія ў нас прадаюцца, – 3–5 %. Можна вадой папырскацца – і будзе такі ж эфект», – зазначае хімік.

Наносіць сродак трэба на адкрытыя ўчасткі цела і абавязкова на адзенне перад выхадам з дому. Потым паўтараць нанясенне праз 2, 3, 4 гадзіны – у залежнасці ад канцэнтрацыі дзейнага рэчыва. Чым яна вышэйшая, тым даўжэйшы інтэрвал паміж нанясеннем.

«ДЭТА няшкодная, не выклікае моцных алергічных рэакцыяў, але яны, вядома, могуць быць, асабліва калі наносіць на пашкоджаную скуру – сонечныя апёкі, драпіны. На такія ўчасткі непажадана наносіць, таму лепш на адзенне і на тыя месцы, адкуль клешч вандруе – манжэты, каўнер, ногі само сабой. У асноўным клешч чапляецца за ногі ці рукі і вандруе вышэй. Хоць можа адразу і вышэй зачапіцца – нейкай адназначнай статыстыкі няма», – кажа Сяргей Бесараб.

На якой стадыі развіцця клешч нападае на чалавека?

Жыццёвы цыкл кляшча: яйка, шасціногая лічынка, васьміногая німфа, дарослы клешч. Лічынка і німфа пераходзяць на наступную стадыю развіцця пасля ператраўлівання крыві гаспадара, скідваючы старую скуру. Большасць кляшчоў мае жыццёвы цыкл з трыма рознымі гаспадарамі.

Паводле Сяргея Бесараба, самыя небяспечныя – німфа і дарослы клешч. Тэарэтычна і лічынка можа ўкусіць, але рэдка. Яе гаспадар – невялікія жывёліны кшталту пацукоў, птушак; лічынкі жывяцца іх крывёю. Перайсці на чалавека яны могуць, калі чалавек узаемадзейнічае з жывёлінаю, на якіх лічынка гаспадарыць.

Німфы сядзяць у траве на вышыні 10–15 сантыметраў. Адтуль яны часцей скачуць на невялікіх жывёлінаў, сабак. Гаспадар дарослага кляшча – сабака, воўк, жывёліны вышынёю каля метра, кшталту казулі. Дарослы клешч жыве на хмызняку, дрэвах і адтуль можа пераскочыць на чалавека. Ці, як і німфа, з сабакі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: John Roca / Polaris / East News

«Сабакі – найлепшы транспарт для кляшча, – зазначае Сяргей Бесараб. – Яны паўсюль лазяць, на іх усё чапляецца, і яны прыносяць кляшча сваім гаспадарам».

У якую пару года кляшчы найбольш актыўныя?

Паводле Сяргея Бесараба, адзіны час, калі можна не баяцца кляшчоў у Беларусі, – калі шмат снегу і маразы. Увесь астатні час хімік раіць карыстацца рэпелентам перад кожным шпацырам, асабліва, калі ідзяце гуляць з сабакам.

«У Беларусі праз кліматычныя змяненні актыўнасць кляшча цяпер складае 10 месяцаў. У 2022 годзе першы клешч, які ўкусіў чалавека, быў зафіксаваны ў Берасцейскай вобласці ў лютым. Таму цяпер у Беларусі трэба разлічваць, што актыўнасць кляшча фактычна год, – зазначае эксперт. – Пра кляшчоў кажуць, што яны ў нас забралі лес, і фактычна так і ёсць. Раней кляшчы найбольш распаўсюджаныя былі ў паўднёвых раёнах. Але раней у Беларусі былі тры кліматычныя зоны: паўночная, цэнтральная і паўднёвая. Цяпер паўночная знікла, а паўднёвая пачала захопліваць тэрыторыю краіны, стала цяплей і кляшчы папаўзлі па ўсёй краіне ўслед за пацяпленнем».

Якія хваробы пераносіць клешч?

Энцэфаліт

У Беларусі тры небяспечныя віды кляшчоў: сабачы, чарнаногі і таежны – зазначае Сяргей Бесараб. Ёсць яшчэ вярблюджы ці карычневы сабачы клешч, які пераносіць конга-крымскую гемарагічную ліхаманку, але ў Беларусі яго пакуль не назіралі.

Вакцынацыя супраць клешчавага энцэфаліту ў медычным цэнтры.
Фота: Kirill Kukhmar / TASS / Forum

«Прынамсі, так вынікае з адкрытых звестак, – заўважае хімік-фармацэўт. – Аднак у тых жа не самых цёплых Нарвегіі і Нямеччыне гэтыя кляшчы ёсць. Таму я думаю, што і ў нас ці ёсць, ці хутка будуць, але хіба што не ў такой вялізнай колькасці пакуль».

Кляшчы, якія пераносяць конга-крымскую ліхаманку, распаўсюджаныя ў Грузіі.

З тых жа, што ёсць у нас, таежны і сабачы кляшчы пераносяць вірус энцэфаліту.

«Раней эпідэміёлагі казалі, што няма чаго баяцца беларускага энцэфаліту, бо ён мае заходні тып і працякае ў лёгкай форме. А самы сур’ёзны энцэфаліт – далёкаўсходні. Але я бачу, што і ў нас усё больш выпадкаў сур’ёзнага працякання энцэфаліту, паводле далёкаўсходняга сцэнара», – кажа Сяргей Бесараб.

Ад віруснага энцэфаліту лекаў няма, кажа доктарка Мая Церакулава. Хвораму толькі аблягчаюць стан і даюць сродкі, каб падтрымаць арганізм.

Ад энцэфаліту можна прышчапіцца. У Беларусі некалькі зарэгістраваных вакцынаў, і яны даступныя ўсім ахвочым.

«Каб прышчапіцца, трэба прыйсці ў паліклініку да свайго лекара і сказаць, што вы хочаце прайсці вакцынацыю. Гэтая працэдура платная і ў прыватных, і ў дзяржаўных медустановах. Кошт – каля 80–90 рублёў. Бясплатна атрымліваюць толькі працаўнікі лясгасаў», – расказвае Мая Церакулава.

Вакцынацыя трохфазная. Пасля першай прышчэпкі праз два тыдні – месяц трэба зрабіць другую, а трэцюю – праз год. І потым раз на тры гады паўтараць. Дзяцей вакцынуюць ад 1,5 года.

Каб ацаніць тэрміновасць прышчэпкі, Сяргей Бесараб раіць звярнуцца ў мясцовую санстанцыю і запытацца ў іх, якія кляшчы распаўсюджаныя ў вашым рэгіёне.

«У ЗША, напрыклад, малююць вельмі падрабязныя мапы, на якіх паказваюць эндэмічныя раёны на кожны від кляшча, і распавядаюць, якое захворванне яны могуць пераносіць, – зазначае ён. – У Беларусі, на жаль, інфармаванне насельніцтва недастатковае».

Мая Церакулава раіць вакцынавацца кожнаму, калі ёсць магчымасць.

«Вакцына бяспечная, максімум, можа падвысіцца тэмпература ці з’явіцца невялікі ацёк у месцы ўколу. Але яно таго вартае, каб не шарахацца ад кожнага кляшча», – кажа лекарка.

Лайм-барэліёз

Найбольш распаўсюджаная хвароба, з якой сутыкаюцца ахвяры ўкусаў кляшчоў у Беларусі, – лайм-барэліёз. Ён пагражае неўралагічнымі ўскладненнямі і б’е па суставах – выклікае артрыты і падобныя хваробы.

Мая Церакулава зазначае, што барэліёз добра лечыцца антыбіётыкамі, нават калі ўжо з’явіліся сімптомы. Таму неабходнасць прыёму прафілактычнай дозы, калі няма дыягназу, дыскутабельная, зазначае лекарка.

«Сімптомы развіцця барэліёзу даволі відавочныя – плямы эрытэмы цяжка з нечым зблытаць. Пры гэтым лечыцца ён даволі сур’ёзнымі антыбіётыкамі – доксіцыклінам, тэтрацыклінам – з сур’ёзнымі пабочнымі эфектамі. Таму я б узважыла тут карысць і шкоду, перш чым піць прэпарат дзеля прафілактыкі», – кажа яна.

Мая Церакулава ў сваёй практыцы сутыкалася з вясковымі дзецьмі, якія ледзь не штотыдзень лавілі на сабе кляшчоў. Лекарка кажа, што не прызначала ім антыбіётыку дзеля прафілактыкі, і ў выніку не было ніводнага выпадку, каб развілася хвароба.

Паводле доктаркі, лайм-барэліёз апошнім часам стаў модным дыягназам, і яго імкнуцца знаходзіць нават там, дзе яго няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: East News

«Рэч у тым, што сімптомы барэліёзу – галаўныя болі, зніжэнне зроку, болі ў суставах – сустракаюцца і пры іншых хваробах і проста пры маладынамічным ладзе жыцця. Паўсюдна прапаноўваецца здаваць аналізы на барэліёз. Аднак у той жа час нават выяўленыя антыгены не гарантуюць, што хвароба ёсць, гэта можа казаць пра тое, што арганізм сустрэўся з гэтай інфекцыяй, аднак хвароба не развілася, – кажа Мая Церакулава. – На мой погляд, апошнім часам развілася фобія лайм-барэліёзу, і яна даволі шкодная».

Эрліхіёз і бабезіёз

Акрамя таго, у Беларусі кляшчы пераносяць яшчэ тры хваробы: анаплазмоз, эрліхіёз і бабезіёз – кажа спадар Бесараб:

«Усе хваробы маюць даволі непрыемныя наступствы. Бабезіёз падобны да малярыі, не мае спецыфічных сімптомаў, хаця можа ў выніку прыводзіць да разбурэння чырвоных крывяных цельцаў (гемолізу). Прафілактычная доза 200 міліграмаў доксіцыкліну, якую звычайна рэкамендуюць прыняць пасля ўкусу кляшча, на іх не дзейнічае, яна эфектыўная толькі ў выпадку лайм-барэліёзу. Я б увогуле не раіў проста так прымаць такую прафілактыку, бо яна дае падманлівую надзею – чалавек думае, што абараніў сябе, а хвароба інкубуецца і развіваецца».

Эрліхіёз, паводле адмыслоўцы, мае сімптомы, падобныя да ВРЗ (ліхаманка, галаўны боль, недамаганне), у 20 % выпадкаў можа ўзнікаць сып на скуры, таму лячэнне часта пачынаецца позна і патрабуе доўгай тэрапіі антыбіётыкамі з выкарыстаннем сур’ёзных прэпаратаў. Анаплазмоз, які і хвароба Лайма, выклікае ўзнікненне эрытэмы, абцяжарваецца памутненнем свядомасці, амаль у паловы хворых адзначаецца скаванасць шыі. Анаплазмоз і эрліхіёз лечаць курсамі антыбіётыкаў, як і хваробу Лайма, а ў выпадку бабезіёзу лячэнне амаль такое ж, як лячэнне малярыі, – моцны антыбіётык кліндаміцын і хінін.

Ці трэба аддаваць кляшча на аналіз?

Сяргей Бесараб лічыць, што вельмі пажадана гэта рабіць, бо ад выніку аналізу будуць залежаць наступныя дзеянні і не будзе непатрэбных прафілактычных прыёмаў антыбіётыкаў. Прычым выявіць спірахеты, якія пераносяць барэліёз, ці амёбу, якая заражае бабезіёзам, можа любы чалавек, у якога ёсць мікраскоп, кажа хімік, бо там усё добра бачна. А вось знайсці вірус энцэфаліту і эрліхіёз можна толькі праз аналіз ПЛР, што можна зрабіць выключна ў лабараторыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: East News

Здаваць на аналіз трэба толькі жывога кляшча. Таму Сяргей Бесараб раіць знятага з сябе кляшча памясціць у шкляную пасудзіну і забяспечыць яму там вільготнасць, можна нейкую травінку нават пакласці. Доступ паветра пры гэтым не такі важны. Гэтага кляшча трэба аднесці ў найбліжэйшую да вас санстанцыю – там яго павінны ў вас забраць і перадаць у абласную санстанцыю на аналіз.

Што рабіць, калі клешч ужо мёртвы і яго не ўзялі на аналіз? Чакаць сімптомаў, кажа Сяргей Бесараб. У выпадку лайм-барэліёзу гэта будзе чырвоная пляма, так званая эрытэма, у месцы ўкусу. Яе важна не зблытаць з рэакцыяй гіперадчувальнасці на выдаленне кляшча, якая звычайна праходзіць праз пару дзён і пляма там невялікая. Эрытэма ж можа быць 10–15 сантыметраў і не знікае за некалькі содняў.

Калі эрытэма з’явілася, трэба ісці да лекара, які накіруе на двухэтапны аналіз, па выніках якога прызначыць антыбіётыкі.

Як выкручваць кляшча?

Прасцей за ўсё заўважыць і выцягнуць дарослага кляшча, зазначае Сяргей Бесараб. З німфамі складаней, бо яны малыя і часта пранікаюць пад скуру.

Чым выцягваць кляшча – няма розніца, кажа навуковец:

«Хтосьці робіць пятлю з ніткі, хтосьці водзіць вакол кляшча звычайнай ватнай палачкай, і ён чапляецца за яе і так выкручваецца. Няма аднаго рэцэпту і нейкіх складанасцяў. Адзіная непрыемнасць, што можа здарыцца, калі абламаўся носік кляшча. Тады яго трэба выцягваць іголкай ці ісці да лекара. З німфай усё складаней, бо калі яна пад скурай, чалавеку можа быць складана выцягнуць. Тады лепш ісці да лекара».

Мая Церакулава звяртае ўвагу, што калі выцягваеш кляшча, лепш не давіць яму на брушка, каб не раздавіць. Таксама доктарка кажа, што не трэба хвалявацца, калі ў скуры застанецца нейкая частка кляшча – яна сама выйдзе праз пару дзён.

Можна скарыстацца адмысловым інструментам для выцягвання кляшча, які можна купіць у аптэцы ці ветэрынарнай краме. Гэтыя прыстасаванні аднолькавыя для людзей і жывёлы, кажа Сяргей Бесараб.

«Але, на мой погляд, іх неабавязкова набываць. Тонкая шоўкавая нітка ці лёска могуць спрацаваць яшчэ лепш, чым гэтыя прыстасаванні», – рэзюмуе навуковец.

Крыху афіцыйнай статыстыкі

Тым часам стала вядома, што летась колькасць заражэнняў клешчавым энцэфалітам і хваробай Лайма ў Беларусі вырасла больш як удвая. Аб гэтым заявіла на прэс-канферэнцыі энтамолаг Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Яшкова.

У 2023 годзе захваральнасць на энцэфаліт і хваробу Лайма застаецца на ўзроўні мінулага года. На цяперашні момант зарэгістраваныя 2 выпадкі клешчавага энцэфаліту і больш за 200 выпадкаў лайм-барэліёзу, але ў гэтых выпадках само заражэнне адбылося яшчэ ў мінулым годзе.

Яшкова заявіла, што за 4 месяцы 2023 года ў беларускія арганізацыі аховы здароўя звярнулася дастаткова вялікая колькасць людзей (у сярэднім утрая больш, чым за аналагічны перыяд 2022 года) з прысмоктваннем кляшчоў.

Паводле звестак беларускіх навукоўцаў, кляшчы на тэрыторыі Беларусі могуць быць заражаныя 9 рознымі ўзбуджальнікамі інфекцыйных хваробаў, але штогод медыкі рэгіструюць два асноўныя захворванні: лайм-барэліёз і клешчавы энцэфаліт.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў