Журналісты даведаліся, якой маёмасцю валодаюць Наталля і Іван Эйсманты


Выданне Zerkalo.io з дапамогай каманды BELPOL высветліла, якой нерухомасцю і аўтамабілямі валодаюць прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант і ейны муж Іван Эйсмант, які ўзначальвае Белтэлерадыёкампанію. 

Дом № 32 на вуліцы Ратамскай.
Фота: zerkalo.io

У 2014 годзе тэлевядоўца Наталля Эйсмант стала прэс-сакратаркай Аляксандра Лукашэнкі і адной з набліжаных да палітыка асобаў. Пасля гэтага пайшла ў гару і кар’ера яе мужа Івана – ён стаў старшынёй Белтэлерадыёкампаніі ў 2018-м. Усе гэтыя гады пара ідэалагічна «фармуе праз медыі грамадскую думку аб дзейнасці» іх наймальніка, за што атрымлівае пэўныя матэрыяльныя выгады.

У траўні 2018 года Наталля Эйсмант абзавялася кватэрай у Менску – у доме № 32 на вуліцы Ратамскай. Тады разам з жыллём былі набыты два парковачных месцы. У рэгістрацыйных дакументах гэтая нерухомасць адзначана як аднапакаёвая, хоць плошча даволі вялікая – 108,4 м2. Там прапісаны яны з мужам.

Гэты дом уваходзіць у жылы комплекс «Алімпік Парк», што побач з вадасховішчам Дразды і заказнікам «Лебядзіны». Тэрыторыя комплексу абгароджана і знаходзіцца пад відэаназіраннем, там ёсць уласная інфраструктура: аздараўленчы комплекс з басейнам, саунамі, трэнажорнай залай і рэстарацыяй. Жыллё там каштуе даволі дорага. Напрыклад, у тым жа доме № 32 цяпер прадаецца кватэра менш, чым у Эйсмантаў – 63,1 м², яна каштуе 794 315 рублёў або $ 245 000. Ёсць яшчэ адна кватэра ў гэтым доме, такога ж метражу, але з рамонтам прасцей, яе прадаюць за 462 810 рублёў або $142 750. Самая дарагая кватэра ў «Алімпік Парку» прадаецца за 1 604 840 рублёў або $495 000 – чатырохпакаёвая, плошчай 124,2 м².

У 2019 годзе Наталля Эйсмант набыла яшчэ адну кватэру агульнай плошчай 118,4 м2. Жыллё знаходзіцца ў доме № 16 на вуліцы Каменнагорскай, гэта панэльная дзевяціпавярховік, пабудаваная ў 2010 годзе. На сярэдзіну 2021 года не было інфармацыі аб зарэгістраваных у кватэры людзях.

Цяпер у гэтым доме прадаецца жыллё. Праўда, няма абʼектаў з такой вялікай плошчай, як у Эйсмант. Самыя вялікія кватэры – трохпакаёвыя на 75-76 «квадратаў», кошт іх пачынаецца ад 290 000 рублёў (каля $ 90 000) і даходзіць да 325 000 рублёў (крыху менш за $100 000).

Таксама муж і жонка Эйсмант маюць два ўчасткі ў садовым таварыстве «Тэлесад», гэта побач з вёскай Чырвоны Бор Лагойскага раёну. Да МКАД адсюль – каля 50 км, да гарналыжнага цэнтру «Лагойск» – каля 20 км. За Наталляй лічыцца ўчастак пад № 115, за Іванам – № 108, плошча кожнага складае дзевяць сотак.

Што тычыцца аўтамабіляў, то Наталля афіцыйна валодае BMW X1 2013 гады выпуску. Калі прыкінуць кошт мадэлі, улічваючы толькі дату яе выпуску, то такі транспарт цяпер можна купіць прыкладна ад 42 000 рублёў (каля $13 000) да 53 000 рублёў (каля $16 500). На Іване жа вісіць Citroen 2004 гады выпуску.

Zerkalo.io зазначае, што звесткі па маёмасці прыведзены на сярэдзіну 2021 года.

План: Б
Інсайд: Эйсмант удзельнічала ў мітынгах 2006 года
2024.04.01 16:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў