«Мы не далі гэтага ўкраінцам». Экс-кіраўнік ЦРУ назваў прычыну няўдалага контрнаступу ЗСУ


Былы дырэктар ЦРУ і экс-камандуючы міжнароднымі кааліцыямі ў Іраку і ў Афганістане генерал Дэйвід Пэтрэюс лічыць, што ўкраінцы «не змаглі дасягнуць таго прарыву, на які ўсе спадзяваліся» у контрнаступе летам 2023 года праз недастатковыя пастаўкі Кіеву ўзбраення. Пра гэта паведамляе расейская служба BBC.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

«Былі затрымкі з наданнем украінцам [вайсковай тэхнікі], нашы танкі толькі нядаўна дабраліся да іх», – сказаў Дэйвід Пэтрэюс на прэзентацыі сваёй кнігі.

У прыватнасці, паводле яго, былі затрымкі з прыняццем рашэнняў адносна танкаў Abrams M1 і Leopard, касетных боепрыпасаў, сістэмаў ракет большага радыусу дзеяння для рэактыўных сістэмаў залпавага агню і самалётах заходняга ўзору.

«У нашай [вайсковай] дактрыне гаворыцца, што для прарыву той абароны, што мы бачылі на поўдні (і я не думаю, што нехта на самой справе ўсведамляў ці ацэньваў глыбіню мінных палёў, і што Расея правільна пабудавала абарону, у некалькі лініяў і г. д.), трэба перавага ў паветры, а таксама шмат што іншае. Мы не далі гэтага ўкраінцам», – падкрэсліў Пэтрэюс.

Агулам жа, на думку генерала, Захад, не прыняўшы «дастатковых захадаў» пасля анексіі Крыму, даў Уладзіміру Пуціну думаць, што «яму ўдасца пазбегнуць адказнасці за ўварванне ва Украіну».

Гісторыі
«Залужнага злуе, што мы часткова прайграем». Саюзнікі прасілі галоўнакамандуючага ЗСУ асцярожней выказвацца ў СМІ аб праблемах на вайне — крыніца «Вот Так»
2023.12.01 21:25

Мінулым летам заходнія партнёры былі незадаволеныя заявамі ў СМІ галоўнакамандуючага ЗСУ Валерыя Залужнага і прасілі яго асцярожней выказвацца ў зносінах з журналістамі. Пра гэта «Вот Так» паведаміла крыніца, блізкая да апарату галоўнакамандуючага ЗСУ. Верагодна, гаворка ідзе пра інтэрв’ю Залужнага для The Washington Post, дзе ён упершыню раскрытыкаваў саюзнікаў, калі контрнаступленне ўкраінскай арміі не прынесла хуткага поспеху.

Інтэрв’ю ў амерыканскай газеце выйшла 30 чэрвеня. У размове з карэспандэнтам The Washington Post Валерый Залужны выказаў расчараванне, што ўкраінская армія на той момант так і не атрымала знішчальнікі F-16 (пакуль пілоты ЗСУ толькі навучаюцца імі кіраваць у краінах-партнёрах. – Рэд.). З ягоных слоў, самі саюзнікі наўрад ці б наважыліся пачаць наступ без панавання ў паветры. Акрамя гэтага галоўнакамандуючы ЗСУ скардзіўся на снарадны голад, удакладняючы, што ў асобных выпадках расейцы могуць пераўзыходзіць ЗСУ ў артылерыйскім агні ў 10 разоў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў