«Залужнага злуе, што мы часткова прайграем». Саюзнікі прасілі галоўнакамандуючага ЗСУ асцярожней выказвацца ў СМІ аб праблемах на вайне — крыніца «Вот Так»


Мінулым летам заходнія партнёры былі незадаволеныя заявамі ў СМІ галоўнакамандуючага ЗСУ Валерыя Залужнага і прасілі яго асцярожней выказвацца ў зносінах з журналістамі. Пра гэта «Вот Так» паведаміла крыніца, блізкая да апарату галоўнакамандуючага ЗСУ. Верагодна, гаворка ідзе пра інтэрв’ю Залужнага для The Washington Post, дзе ён упершыню раскрытыкаваў саюзнікаў, калі контрнаступленне ўкраінскай арміі не прынесла хуткага поспеху. Інтэрв’ю ў амерыканскай газеце выйшла 30 чэрвеня (і засталося адзіным выступам у заходніх СМІ за ўсё лета), а ўжо ў пачатку ліпеня пайшлі чуткі пра пагаршэнне адносін галоўнакамандуючага з Уладзімірам Зяленскім.

Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны генерал-маёр Валерый Залужны вітае Уладзіміра Зяленскага падчас святкавання дня дзяржаўнасці ў Вярхоўнай Радзе. Кіеў, Украіна. 28 ліпеня 2022 года.
Фота: Ukrainian Presidential Press Office / Zuma Press / Forum

У размове з карэспандэнтам The Washington Post Валерый Залужны выказаў расчараванне, што ўкраінская армія на той момант так і не атрымала знішчальнікі F-16 (пакуль пілоты ЗСУ толькі навучаюцца імі кіраваць у краінах-партнёрах. – Рэд.). З ягоных слоў, самі саюзнікі наўрад ці б наважыліся пачаць наступ без панавання ў паветры. Акрамя гэтага галоўнакамандуючы ЗСУ скардзіўся на снарадны голад, удакладняючы, што ў асобных выпадках расейцы могуць пераўзыходзіць ЗСУ ў артылерыйскім агні ў 10 разоў.

«Гэта не шоў, якое глядзіць увесь свет і робіць стаўкі. Кожны дзень кожны метр даецца крывёю. Без паўнавартаснага забеспячэння рэалізацыя гэтых планаў наогул немагчымая. Але яны выконваюцца. Так, магчыма, не так хутка, як хацелася б назіральнікам, але гэта іх праблемы», — казаў у канцы чэрвеня Залужны.

Аналітыка
Канфлікт ці працоўны момант? Што адбываецца паміж Зяленскім і Залужным?
2023.11.24 17:15

Па дадзеных крыніцы «Вот Так», блізкай да апарату галоўнакамандуючага ЗСУ, саюзнікі тады засталіся незадаволеныя крытыкай у свой адрас і прасілі Залужнага асцярожней выказвацца ў СМІ. Галоўкама ЗСУ, па словах крыніцы, раззлавала рэакцыя заходніх партнёраў на яго заявы. На адным з мерапрыемстваў з камандзірамі ён даў ім вуснае распараджэнне адмаўляцца ад удзелу ў мерапрыемствах па абмене вопытам, на якія саюзнікі часта запрашаюць украінскіх вайскоўцаў.

«Ёсць непасрэдна палявыя выезды, у якіх, напрыклад, удзельнічаюць украінцы і хтосьці з жаўнераў саюзнікаў. Вось вобразна тэма – штурм траншэй. Яны пытаюцца: “А ў вас як?” Нашы вайскоўцы, напрыклад, кажуць: “Мы такой методыкай не карыстаемся, таму што гэта неэфектыўна”. І тлумачаць чаму. Гэта нармальны працэс: саюзнікі таксама нас вучаць, проста яны адначасова пераймаюць і наш вопыт. Другі тып мерапрыемстваў – тэарэтычныя, дзе абмяркоўваюцца пытанні арганізацыі вядзення бою падраздзяленнямі і гэтак далей», — патлумачыла крыніца рэдакцыі.

Аналітыка
Украіна прызнала: сітуацыя на фронце зайшла ў тупік. Чаму так здарылася і ці ёсць выйсце?
2023.11.03 17:51

Яна ўдакладніла, што не ведае, выконваецца гэтае даручэнне ў поўнай меры ці не, паколькі яно неафіцыйнае.

Як сапсаваліся адносіны Зяленскага і Залужнага

Першыя чуткі аб зараджэнні палітычнай канкурэнцыі галоўнакамандуючага ЗСУ з прэзідэнтам Украіны з’явіліся мінулай вясной. Тады, згодна даным «Украинской правды», у офісе прэзідэнта занепакоіліся, што ў Валерыя Залужнага высокі ўзровень падтрымкі сярод насельніцтва. З абвяржэннямі выступіў як кіраўнік АП Андрэй Ярмак, так і на той момант намесніца міністра абароны Ганна Маляр (звольненая з пасады ў верасні пасля прызначэння новага міністра абароны. – Рэд.). Апошняя сказала, што «ўлада [палітычная і ваенная] адзіныя цяпер як ніколі перад агульнай задачай — захаваць краіну». Дарэчы, цяпер гэты пост на старонцы Маляр выдалены, але яго скрыншот захаваўся ў публікацыі УП.

Даведка
Калі б выбары прэзідэнта Украіны адбыліся ў бліжэйшыя месяцы, фаварытам на іх быў бы Уладзімір Зяленскі. Пры гэтым рэальную канкурэнцыю яму змог бы скласці толькі галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны, тлумачыў палітолаг Уладзімір Фясенка. Гэта звязана з тым, што ва Украіне вельмі высокі ўзровень даверу да войска: паводле вераснёўскага апытання Цэнтру Разумкова, ЗСУ давяраюць 93% грамадзян. Аднак, па словах эксперта, малаверагодна, што Залужны вырашыць удзельнічаць у выбарах, пакуль знаходзіцца на сваёй цяперашняй пасадзе і камандуе арміяй.

Аб тым, што Зяленскі бачыць у Залужным канкурэнта, з новай сілай загаварылі ў пачатку ліпеня, праз некалькі дзён пасля выхаду яго інтэрв’ю ў The Washington Post. Тэму падагрэла рашэнне Генштаба абмежаваць права вайсковаабавязаных пакідаць месца жыхарства без дазволу ваенкамата. Яно выклікала негатыўную рэакцыю ў грамадстве, якую Генштаб і сам Залужны паспрабавалі пагасіць сваімі тлумачэннямі, але тады ў сітуацыю ўмяшаўся Зяленскі. Прэзідэнт Украіны ў вячэрнім звароце да нацыі папрасіў Генштаб «у далейшым не прымаць без яго падобных рашэнняў».

Нягледзячы на просьбу партнёраў асцярожней выказвацца ў СМІ і на нарастаючае напружанне ў адносінах з прэзідэнтам, пра якое пісалі журналісты, спасылаючыся на крыніцы, 1 лістапада ў часопісе The Economist выйшла колонка Валерыя Залужнага, артыкул яго аўтарства і інтэрв’ю з ім. У размове з карэспандэнтам брытанскага часопіса галоўнакамандуючы ЗСУ заявіў, што ўкраінскае контрнаступленне можа змяніцца пазіцыйнай вайной, што выгадна Расеі. Залужны параўнаў цяперашнія бітвы з бітвамі Першай сусветнай, калі супрацьлеглым бакам даводзілася прарываць добра ўмацаваныя лініі абароны. Паводле яго слоў, сітуацыю можа змяніць новы тэхналагічны прарыў.

Уладзімір Зяленскі стаіць перад знішчальнікам F-16 у ангары авіябазы Скрыдструп у Войенсе, Данія. 20 жніўня 2023 года.
Фота: Ukrainian Presidency / Abaca Press / Forum

У артыкуле для The Economist галоўнакамандуючы ЗСУ вылучае пяць галоўных прыярытэтаў, неабходных для змены становішча на полі бою: панаванне ў небе, контрбатарейная барацьба, сродкі РЭБ, пераадоленне мінных загарод і людскі рэзерв. Для рэалізацыі першых чатырох пунктаў, як піша Залужны, Украіна мае патрэбу ў пастаўках ад саюзнікаў найноўшай тэхнікі, якой няма на ўзбраенні ЗСУ. Пры гэтым у інтэрв’ю WP Залужны ўжо паказваў на неабходнасць вырашыць пытанне з авіяцыяй.

Праз два дні пасля публікацый у The Economist, 3 лістапада, адбылася нечаканая адстаўка камандуючага Сіламі спецыяльных аперацый (ССА) ЗСУ Віктара Харэнкі. Пры гэтым міністр абароны Украіны Рустэм Умераў заявіў, што не збіраецца тлумачыць прычыны звальнення Харэнкі. У той жа дзень ужо экс-камандуючы ССА сказаў, што даведаўся аб сваёй адстаўцы з СМІ, а прадстаўлення на яго звальненне галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны не рабіў. Па словах крыніцы «Вот Так», блізкай да апарату галоўнакамандуючага ЗСУ, звычайна ў войску вышэйшых афіцэраў такім чынам не здымаюць з пасад:

 

«Можна так у Міністэрстве адправіць у адстаўку палітычныя фігуры, а камандуючых — не. Я думаю, што гэта быў панч [з боку АП] Валерыю Фёдаравічу. Тым больш што пра Харэнку адгукаліся пазітыўна».

Падчас сумеснай прэс-канферэнцыі ў Кіеве з кіраўніком Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен 4 лістапада Уладзімір Зяленскі пракаментаваў публікацыі Залужнага ў заходняй прэсе. Прэзідэнт Украіны заявіў, што не лічыць сітуацыю, якая склалася на фронце, патавай, а камандзіры на перадавой проста берагуць сваіх падначаленых.

Графіці з выявай Валерыя Залужнага і надпісам «З намі Бог і камандзір Залужны» ў цэнтры Гуляйполя, Украіна. 18 траўня 2023 года.
Фота: Andriy Andriyenko / Zuma Press / Forum

Тады ў словах Зяленскага не прагучала адкрытай крытыкі Залужнага, але яна рушыла ўслед 20 лістапада. У інтэрв’ю прэзідэнт Украіны ўпершыню публічна пацвердзіў напружанасць у адносінах з галоўкамам ЗСУ. Зяленскі назваў памылкай пастанову вайсковага камандавання заняцца палітыкай і парушыць уладную іерархію: «Пры ўсёй маёй павазе да генерала Залужнага і да ўсіх камандзіраў на полі бою, ёсць абсалютнае разуменне іерархіі <…> Згодна з законам і падчас вайны гэта не можа нават абмяркоўвацца. Гэта не вядзе да адзінства нацыі».

«Чаму ў офісе прэзідэнта напружваюцца? Таму што напэўна задаюць тое ж пытанне, што і саюзнікі: “З якой мэтай ты каментаваў [для The Economist]? Агучыць праблемы?” Пра іх і так усе [саюзнікі] ведаюць, а заходняй прэсе гэта неабавязкова ведаць. Ці павялічыліся пастаўкі [зброі і боепрыпасаў] пасля гэтага? Не, такія пытанні ўсё роўна вырашаюцца ў асноўным на палітычным узроўні. Калі не скажаш, то цябе і не пачуюць. У нас жа ёсць тэндэнцыя замоўчваць праблемы. Можна зразумець і той, і другі бок. Залужнага злуе, што мы часткова прайграем праз тое, што не можам атрымаць перавагу ў тэхналогіях», — кажа крыніца «Вот Так».

 

Новы артыкул пра супрацьстаянне паміж украінскімі палітыкамі і вайскоўцамі з’явіўся ў The Economist 28 лістапада. У ім журналісты спасылаюцца на людзей з атачэння прэзідэнта, якія ананімна характарызуюць адносіны паміж ім і Залужным як «жахлівыя».

Hавiны
«Хацелі хутчэйшых вынікаў, але не адступаем». Зяленскі – пра новы этап вайны ва Украіне і контрнаступ
2023.12.01 14:50

Нягледзячы на шматлікія публікацыі ў СМІ, у якіх гаворыцца аб напружаных адносінах двух ключавых фігур у краіне, ніхто ва ўкраінскім кіраўніцтве адкрыта не прызнае існавання канфлікту па лініі Зяленскі-Залужны. 29 лістапада дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Міхаіл Падаляк назваў паведамленні на гэтую тэму «гібрыднай тэхналогіяй расейцаў». Пра тое ж 30 лістапада заявіла кіраўніцтва Галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Мінабароны Украіны, якое лічыць, што такім чынам Крэмль спрабуе дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне.

Фактар Бязуглай

Ва Украіне ёсць як мінімум адзін чалавек ва ўладзе, які адкрыта і сістэмна крытыкуе галоўнакамандуючага ЗСУ Валерыя Залужнага — народны дэпутат з фракцыі «Слуга народа» Мар’яна Бязуглая. Яна ўзначальвае камітэт Вярхоўнай рады ў пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і выведкі. Апошнім часам у сваім фэйсбуку яна практычна штодня размяшчае пасты, у якіх рэзка крытыкуе кіраўніцтва ЗСУ – пачынаючы з Залужнага і заканчваючы яго памочнікамі і камандаваннем асобных груповак войскаў.

Народны дэпутат з фракцыі «Слуга народа» Мар’яна Бязуглая.
Фота: m.bezuhla / Facebook

Бязуглая, прадстаўніца партыі Зяленскага, з пачатку вайны неаднаразова апыналася ў цэнтры скандалаў. У 2022 годзе яна зарэгістравала законапраект аб расстрэле вайскоўцаў за невыкананне загадаў (у Радзе яго адклікалі). У чэрвені 2022 года, са слоў журналіста Юрыя Бутусава і яшчэ некалькіх ягоных калегаў, Бязуглая давала ўказанні вайсковаму камандаванню ЗСУ падчас бітвы за Севераданецк. Афіцыйна гэта інфармацыя не пацвярджалася.

У сябе ў Фэйсбуку 26 лістапада нардэп заклікала да адстаўцы Залужнага, якога абвінаваціла ў тым, што ў яго няма ваеннага плана на 2024 год. Аднак, па словах дэпутата ад партыі «Голас» і сакратара камітэту Рады па пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і разведкі Рамана Кастэнкі, Бязуглая не прасіла галоўнакамандуючага ЗСУ даць ёй гэты план. Больш за тое, ужо на наступны дзень пасля рэзананснага паста Бязуглай высокапастаўлены прадстаўнік NATO падчас брыфінгу ў Брусэлі адзначыў, што план у Залужнага ёсць, аднак яго ўвасабленне — «вельмі складаная задача нават з той падтрымкай, якую Захад дае Украіне».

Інфармацыйную кампанію, накіраваную супраць вайсковага кіраўніцтва Украіны, Бязуглая пачала пасля выхаду публікацый Валерыя Залужнага ў The Economist. Першы пост з крытыкай галоўнакамандуючага ЗСУ з’явіўся на яе старонцы ў Фэйсбуку 5 лістапада (на наступны дзень пасля публікацыі Залужнага першым адрэагаваў прэзідэнт Украіны. – Рэд.). Характэрна, што ў ім яна сама ж напісала пра наяўнасць праблем у адносінах паміж вайсковым і палітычным кіраўніцтвам краіны:

«Не скаардынаваць такі артыкул з Вярхоўным Галоўнакамандуючым, хто б і як да прэзідэнта з нас не ставіўся, — гэта сведчанне ваенна-палітычнага крызісу».

Каментуючы апошнія заявы Мар’яны Бязуглай, украінскі палітолаг Алег Саакян называе яе скандальным палітыкам, якога раней можна было западозрыць ва ўзгадненні сваіх публічных выступаў з офісам прэзідэнта: «Канкрэтна ў дадзеным выпадку я больш схіляюся да таго, што тут супалі некалькі фактараў. Па-першае, кампанія па прамацванні стаўлення да тэмы адстаўкі вайсковага кіраўніцтва і адпаведна прамацванне глебы пад Залужным, якое ажыццяўляецца, у прыватнасці, спадарыняй Бязуглай. Па-другое, яна член профільнага камітэту [Рады] па абароне і таму добра валодае інфармацыяй аб сістэмных праблемах у ЗСУ. Па-трэцяе, гэта яе персанальны псіхатып. Яна чалавек, які бачыць мэту, але не бачыць перашкод, і калі яна ў чымсьці ўпэўненая, мне цяжка ўявіць, каб хтосьці мог яе сапраўды накіроўваць і перанакіроўваць».

Сама Бязуглая абвінавачванні ў каардынацыі сваіх заяў з офісам прэзідэнта адмаўляе. У інтэрв’ю ўкраінскай службе Бі-бі-сі яна сказала, што, нягледзячы на бурнае абмеркаванне, якое выклікалі яе пасты ў сацсетках, памылкай іх не лічыць. У адным з апошніх пастоў Бязуглая абвінаваціла Залужнага ў тым, што той піша заказныя артыкулы для The Economist.

Максім Шылін, Іван Лысюк / УК /«Вот Так»

Стужка навінаў