Поўнага закрыцця мяжы Літвы з Беларуссю ніхто не хацеў бы – дэпутат Валдас Ракуціс


Камісія нацыянальнай бяспекі Літвы 6 лютага прапанавала спыніць рух транспарту, тавараў і людзей праз пункты пропуску «Лаворышкес» (з беларускага боку «Катлоўка») і «Райгардас» («Прывалка»). Калі іх закрыюць, застануцца толькі два пераходы – але ці надоўга?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Члены Літоўскага саюзу стралкоў усталёўваюць калючы дрот на памежным пераходзе з Беларуссю ў Шумскас (Šumskas), Літва. 18 жніўня 2023 года.
Фота: Janis Laizans / Reuters / Forum

Прапанову Камісіі нацыянальнай бяспекі тлумачаць рызыкамі, «звязанымі з транзітнымі патокамі праз Літву з Беларусі і дзейнасцю беларускіх спецслужбаў супраць літоўскай дзяржавы». Як распавёў кіраўнік Нацыянальнага цэнтру крызіснага кіравання Вільмантас Віткаўскас, «за апошні час паток беларускіх грамадзянаў павялічыўся прыкладна на 50 % на ўсіх пунктах пропуску, размешчаных уздоўж мяжы з беларускімі дарогамі».

Канчатковае рашэнне аб закрыцці памежных пунктаў павінен прымаць урад Літвы. Міністр унутраных справаў Агне Білатайце ўжо падтрымала прапанову: паводле яе, закрыццё яшчэ двух пунктаў дазволіць перанакіраваць сілы на пакінутыя памежныя пункты і лепш правяраць грузы і людзей, больш эфектыўна прымяняць санкцыі і змагацца з кантрабандай. Яна таксама заявіла, што праз пункт «Лаворышкес» 80 % грамадзянаў Беларусі едзе на закупы ў Польшчу, а бюракратычная нагрузка кладзецца на літоўскія ўстановы.

Літва ўжо закрыла два з шасці пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Калі закрыюць яшчэ два, застануцца адкрытымі толькі «Мядзінінкай» (з беларускага боку – «Каменны Лог») і «Шальчынінкай» («Беняконі»).

У суме на межах з краінамі Еўразвязу застанецца пяць адкрытых пераходаў, адзін з якіх – толькі для грузавікоў. Латвія закрыла адзін з двух сваіх пунктаў, адкрыты толькі «Патэрніекі» («Грыгораўшчына»). А на мяжы з Польшчай адкрыты толькі «Тэрэспаль» («Берасце») і грузавы пункт пропуску «Кукурыкі» («Казловічы»), а зачыненыя яшчэ чатыры.

Валдас Ракуціс, дэпутат Сейму Літвы (партыя «Саюз Айчыны – Хрысціянскія дэмакраты Літвы»), кажа «Белсату», што прапанова закрыць яшчэ два памежныя пераходы сапраўды звязаная з тым, што ў Літву стала прыязджаць шмат грамадзянаў Беларусі, і большасць з іх не мае «палітычных падставаў» для пераезду – яны не ўцякаюць ад палітычнага пераследу і рэпрэсій.

«Дзяржава бачыць вельмі вялікі прыток насельніцтва і пачынае турбавацца аб нацыянальнай бяспецы, інстынктыўна пераключаецца на тое, што трэба гэта прыпыніць, каб не было вялікага перамяшчэння людзей, – мяркуе Ракуціс. – Гэта можна зразумець. Але, вядома, як той казаў, лес сякуць – трэскі ляцяць».

Ракуціс адзначае, што праз закрыццё яшчэ двух пераходаў могуць скласціся цяжкія сітуацыі: напрыклад, калі сям’я жыве па розныя бакі мяжы, або калі людзі жывуць у адной краіне і працуюць у іншай. Дэпутат лічыць, што тым, хто прапаноўвае закрыць пераходы, трэба падумаць і пра такія гуманітарныя выпадкі.

Але суразмоўца сумняваецца, што Літва закрые наогул усе пераходы на мяжы з Беларуссю: гэта выкліча вялікае незадаволенасць беларусаў і літоўцаў, «з гэтымі людзьмі яшчэ трэба жыць». Поўнага закрыцця межаў «ніхто не хацеў бы».

«Я думаю, што ідэя закрыцця мяжы – гэта будзе апошняе, што зробяць», – рэзюмуе Ракуціс.

Тым часам кіраўнік літоўскай Службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустамас Любаевас паведамляў, што час працы пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю можа быць скарочаны. Ён патлумачыў гэта неабходнасцю «павысіць узровень кантролю» падарожнікаў.

Hавiны
Літоўскі дэпартамент дзяржбяспекі патлумачыў, каго з беларусаў успрымае як пагрозу
2024.02.02 20:53

Алесь Наваборскі / ІР belsat.eu

Стужка навінаў