«Хацелі хутчэйшых вынікаў, але не адступаем». Зяленскі – пра новы этап вайны ва Украіне і контрнаступ


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю агенцтву «Associated Press» падчас паездкі ў Харкаў распавёў, што з надыходам зімы вайна з Расеяй перайшла на новы этап, а таксама ацаніў вынікі контрнаступу.

Уладзімір Зяленскі.
Фота: president.gov.ua

З надыходам зімы ўкраінскія вайскоўцы чакаюць ускладнення сітуацыі, што звязана з надвор’ем. Камандаванне рыхтуецца да знаёмых з мінулага года праблемаў, сярод якіх – нізкія тэмпературы, голыя палі, на якіх ваярам няма дзе схавацца. Ізноў актуальная пагроза маштабных расейскіх атак на энергетычную інфраструктуру ўкраінскіх гарадоў і таго, што баявыя дзеянні выйдуць за лінію фронту ў гарады.

«У нас новы этап вайны, і гэта факт, – сказаў Зяленскі ў інтэрв’ю. – Зіма сама – новы этап вайны».

Ва Украіны сканчаюцца запасы боепрыпасаў, што можа спыніць ваенныя аперацыі. Доўгачаканы контрнаступ, які пачаўся пасля паставак вайсковай дапамогі Захаду на дзясяткі мільярдаў долараў, не прывёў да чаканых прарываў, таму ўкраінскія ўлады занепакоеныя, ці атрымаюць яшчэ дапамогу.

«Паслухайце, мы не адступаем, я задаволены. Мы змагаемся з другой арміяй свету, я задаволены, – адказаў Зяленскі на пытанне пра вынікі контрнаступу. – Мы страчваем людзей, я не задаволены. Мы не атрымалі ўсёй зброі, якой хацелі, я не магу быць гэтым задаволены, але я таксама не магу моцна скардзіцца».

Агляд
Ініцыятыва расейцаў амаль па ўсім фронце. Што адбываецца ва Украіне?
2023.11.30 18:30

Зяленскі зазначыў, што ўкраінскія вайскоўцы хацелі атрымаць хутчэйшыя вынікі:

«З гэтага гледзішча, на жаль, мы не дасягнулі жаданага. І гэта факт».

Паводле прэзідэнта Украіны, хуткаму наступу перашкодзіла абмежаваная колькасць Збройных сілаў, а таксама той факт, што саюзнікі не перадалі ўсёй неабходнай зброі.

«Не стае моцы, каб хутчэй дасягнуць жаданых вынікаў. Але гэта не значыць, што мы мусім здацца, – заявіў Зяленскі. – Мы ўпэўненыя ў тым, што робім. Мы змагаемся за тое, што належыць нам».

Зяленскі непакоіцца, што вайна ва Украіне адыдзе на другі план на фоне вайны ў Ізраілі і сектары Газа, і што з гэтай жа прычыны зменшыцца дапамога Захаду. З увагі на рэгулярныя праблемы з нястачаю зброі і боепрыпасаў, найважнейшы далейшы этап для Украіны – павелічэнне ўнутранай вытворчасці зброі, зазначыў Зяленскі. На гэта ідзе значная частка бюджэту Украіны, аднак цяперашні аб’ём вытворчасці занадта малы. Прэзідэнт Украіны спадзяецца, што заходнія саюзнікі, у тым ліку ЗША, дадуць выгадныя крэдыты і кантракты, каб наладзіць вытворчасць зброі ў дастатковым аб’ёме.

Аналітыка
Канфлікт ці працоўны момант? Што адбываецца паміж Зяленскім і Залужным?
2023.11.24 17:15

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў