Знішчыць антызаапарк. У Варшаве адкрыўся праект «Minsk Anti Zoo. Red Mark»


«Дзякуючы ёй я веру, што мы здолеем. І я заклікаю ўсіх нас даць рады, і справіцца, і зрабіць хоць штосьці…» – гэта словы былой палітзняволенай Дарʼі Афанасьевай пра Марфу Рабкову, якая застаецца за кратамі. Гэтыя словы прагучалі 10 траўня на адкрыцці праекту «Minsk Anti Zoo. Red Mark» у Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве. Прамаўляючы, Дарʼя ледзь стрымлівала слёзы. «Белсат» пабываў на адкрыцці праекту.

Ганна Канавалава, маці палітзняволенай Антаніны Канавалавай, супакойвае былую палітзняволеную Дар’ю Афанасьеву падчас адкрыцця выставы праекту «Minsk Anti Zoo. Red Mark» у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 10 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«… Марфа Рабкова аддае ўсе свае рэсурсы на дапамогу дзеўчынам, якія знаходзяцца побач. Гэта сапраўдны кот Леапольд (і так мы яе назвалі!), таму што яна проста чалавек неверагоднай дабрыні. Ёй гаворыш адно, а яна кажа: «А можа быць, не так, можа быць, усё добра, і мы справімся?». І дзякуючы ёй я веру, што мы справімся. І я заклікаю ўсіх нас даць з гэтым рады, і справіцца, і рабіць хоць штосьці… Таму што, пакуль я знаходжуся тут, я здымаю з рукі гадзіннік, каб сачыць за часам і ведаць, што яны робяць цяпер – ідуць на абед, ці шыюць гэтыя штаны, ці прыбіраюць тэрыторыю…» – казала Дарʼя Афанасьева.

Гэта былі хіба самыя моцныя словы, якія гучалі 10 траўня ў прасторы Музею вольнай Беларусі. Дарʼя Афанасьева прабыла ў няволі два з паловай гады і выйшла з жаночай калоніі ў Гомлі зусім нядаўна – 30 сакавіка 2024 года.

Былая палітзняволеная Дар’я Афанасьева паказвае вопратку, якую жанчыны носяць у калоніі, падчас адкрыцця выставы праекту «Minsk Anti Zoo. Red Mark» у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 10 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

На прэзентацыі мультымедыйнага праекту «Minsk Anti Zoo. Red Mark» Дарʼя распавядала пра адзенне, якое носяць у калоніі зняволеныя жанчыны. Трымала ў руках ружовую (колер пад пытаннем, бо вызначыць нялёгка) сукенку і турэмную целагрэйку («Мы жартавалі, што гэта не яна цела грэе, а наадварот, – цела сагравае целагрэйку»). Абяцала прынесці ў музей сваю сукенку («форма № 2»), якая «ўжо цалкам развалілася», «шытую і перашытую», хоць «палітычным» на зоне зашываць ці перашываць сукенкі без дазволу адміністрацыі было строга забаронена…

Жанчыны за кратамі – жывёлы ў заапарку

Ідэяй мультымедыяпраекту «Антызаапарк» («Minsk Anti Zoo. Red Mark») стала параўнанне паміж жывёламі ў заапарках і людзьмі ў беларускіх турмах і калоніях.

Адкрыццё мультымедыйнай выставы «Minsk Anti Zoo. Red Mark» у супрацы з ініцыятывай «Палітвязынка» журналісткі Яўгеніі Доўгай у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 10 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«Калі людзі ходзяць у заапарк, каб паглядзець, як жывёлы знаходзяцца ў клетках ці вальерах, дык мы прапануем паглядзець, як беларусы знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Нашыя героі маюць рэальныя прататыпы людзей і аватары жывёлаў, розныя суперздольнасці і тэрміны зняволення, а яшчэ – кожны мае свой чырвоны адбітак, каб вы маглі пазнаць і запомніць яго. Усе нашыя гадаванцы жаночага полу. І гэта таксама страшна і невыпадкова, бо жанчына – гэта заснавальніца новага жыцця, і пакуль яна ў няволі, пакуль яна несвабодная – новае жыццё не можа нарадзіцца. Запрашаем у наш Антызаапарк», – гаворыцца ў анатацыі праекту.

У гэтай замкнёнай і алегарычнай прасторы былая палітзняволеная Вольга Хіжанкова ператвараецца ў малпу, Алена Леўчанка – у ваўка, палітзняволеная Марыя Калеснікава – у лісу.

«Я магу вымаўляць больш за 40 розных гукаў, пачуць мыш пад метрам снегу, па-майстэрску заблытаць сляды, прымудраючыся не трапляць на вочы. Я магла бегчы ўсю ноч, не спыняючыся. І вось я тут. Востры слых зараз патрэбны, каб раней за іншых пачуць звон ключоў у руках наглядчыкаў. Нюх – каб унюхаць, якая пайка будзе на вячэру. Мне тут далі мянушку Неверагодная», – звяртаецца Ліса, Марыя Калеснікава, да наведнікаў выставы.

Гісторыі
«З аўсянкі рабілі маскі, гелевымі асадкамі малявалі стрэлкі на вачах». Як захаваць прыгажосць за кратамі?
2024.03.08 06:00

Чаму ў калоніі знікла чырвоная памада

Суаўтарка праекту вядомая беларуская стылістка Ганна Прышывалка распавядае, што ідэя выставы ўзнікла падчас наведвання ў 2020 годзе менскага заапарку, а таксама падчас чакання ў чарзе пад сценамі Валадаркі, каб перадаць блізкаму чалавеку перадачу. Тады прыйшла гэтая паралель: заапарк і турма. Супрацоўнік вязніцы, пабачыўшы ў перадачы адной з жанчын заколкі, гумкі і касметыку, здзіўлена запытаўся: «А гэта навошта?..»

«І ў той момант я зразумела, што гэты праект будзе прысвечаны жанчынам, дзеўчынам, дзяўчынкам. Маці і бабулям…» – гаворыць Ганна Прышывалка.

Гледачы слухаюць выступ падчас адкрыцця выставы праекту «Minsk Anti Zoo. Red Mark» у Музеі вольнай Беларусі. На здымку (справа) – сястра Рамана Бандарэнкі Вольга Кучарэнка. Варшава, Польшча. 10 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

У межах праекту «Антызаапрак» – шэсць гісторыяў. Тры – пра рэальных жанчын: Вольгу Хіжанкову, Алену Леўчанку і Марыю Калеснікаву. Яшчэ тры – зборныя вобразы беларускіх пенсіянерак, студэнтак і маці за кратамі. У кожнай гісторыі – свая чырвоная метка: чырвоная памада Калеснікавай, калготкі Хіжанковай, чырвоныя кветкі жаночых пратэстаў, чырвоная рука гвалту…

«У Польшчы я даведалася, што, калі Машу Калеснікаву прывезлі ў калонію, там перасталі прадаваць чырвоную памаду», – расказвала Ганна Прышывалка.

Агляд
«Праз тры гады здаюць псіхіка і цела». Што перажываюць за кратамі палітзняволеныя жанчыны?
2024.04.12 15:23

«Дно дна»

Вобразы палітзняволеных – жанчын-жывёлаў у заапарку – стварылі акторкі Беларускага свабодна тэатру (бачым іх на фотаздымках). Над праектам «Minsk Anti Zoo. Red Mark» працавалі таксама стылісты, візажысты, фатографы, капірайтары і перакладчыкі, прозвішчы якіх у мэтах бяспекі на адкрыцці не называліся. Праект рабіўся ў супрацы з ініцыятывай «Палітвязынка» і яе стваральніцай Яўгеніяй Доўгай.

Яўгенія Доўгая прамаўляе падчас адкрыцця выставы праекту «Minsk Anti Zoo. Red Mark» у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 10 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«Я ўчора спытала палітзняволеную, якая вызвалілася зусім нядаўна, што такое беларуская жаночая турма. Яна адказала, што калі б было ў свеце нейкае дно дна, то гэта акурат было б Антошкіна – вуліца, на якой знаходзіцца жаночая калонія ў Гомлі», – казала Яўгенія Доўгая падчас імпрэзы ў Музеі вольнай Беларусі.

Праект уключае ў сабе відэа, у якім гучаць галасы палітзняволеных жанчын.

«Не маўчаць пра гэта – гэта самае галоўнае. І сённяшні праект – гэта пра тое, каб не маўчаць. Каб казаць пра гэта, каб крычаць! Каб пра гэта пісала прэса, у тым ліку замежная. Гэта вельмі важна. Мы павінны казаць пра катавальню, якую стварыў у Беларусі рэжым Лукашэнкі», – сказаў на адкрыцці «Антызаапарку» намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Пранізлівей за крык гучаў верш, які напісала сваім дзецям палітзняволеная Антаніна Канавалава. Яго прачытала на імпрэзе маленькая Наста – дачка Антаніны. З прамовай выступіла і маці палітзняволенай Ганна Канавалава.

Ганна Канавалава, маці палітзняволенай Антаніны Канавалавай паказвае цішоткі, якія яна зрабіла для ўнукаў па просьбе іх маці, якая зараз у калоніі, падчас адкрыцця выставы праекту «Minsk Anti Zoo. Red Mark» у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 10 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Пра беларускіх жанчын у лукашэнкаўскай няволі распавядалі акторка Свабоднага тэатру Юлія Шаўчук і сястра Рамана Бандарэнкі Вольга Кучарэнкі. З дынамікаў гучалі словы Марыі Калеснікавай, Ксеніі Луцкіной, Марфы Рабковай, Насты Лойкі ды іншых.

«Выпусціце хаця бы інвалідаў і дзяцей!»

«Так быць не павінна! Не павінна быць ніякіх разважанняў, кшталту дамаўляцца выпусціць кагосьці ці не, маўляў, або ўсіх або нікога – выпусціць хаця б кагосьці! Выпусціце хаця бы інвалідаў і дзяцей!» – патрабавала былая палітзняволеная Дарʼя Афанасьева.

Паводле лічбаў, якія былі агучаныя на імпрэзе, за кратамі зараз знаходзіцца не менш за 190 палітзняволеных жанчын (толькі афіцыйна прызнаных праваабарончай супольнасцю). З 2020 года праз рэпрэсіі, паводле праваабаронцаў, прайшло больш за 8 тысяч беларусак. Гэты антызаапарк трэба разбурыць…

Выступ гурта «Spievy» падчас адкрыцця выставы праекту «Minsk Anti Zoo. Red Mark» у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 10 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Імпрэза ў Музеі вольнай Беларусі скончылася жаночымі спевамі ў выкананні гурту «Spievy» («Спевы з-пад мосту»).

Ужо ў самым фінале наперад выйшлі палітзняволеныя жанчыны, якія прысутнічалі ў зале: Дарʼя Афанасьева, Вольга Скрашчук, Вольга Рытус, Мія Міткевіч. Іх сустракалі гучнымі воплескамі.

З выставай праекту «Minsk Anti Zoo. Red Mark» у Музеі вольнай Беларусі (вуліца Foksal 11 у Варшаве) можна будзе азнаёміцца да 9 чэрвеня (16:00 – 20:00 у будні, 12:00–20:00 у выходныя).

Рэпартаж
«Хай яны баяцца!» У Сенаце Польшчы адкрылі выставу пра Алеся Бяляцкага
2024.05.08 16:44

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў