Экс-міністру эканомікі Казахстану прысудзілі 24 гады зняволення за забойства жонкі


Былому міністру эканомікі Казахстану Куандыку Бішыймбаеву вынесены прысуд па справе аб катаваннях і забойстве з асаблівай жорсткасцю ягонай жонкі Салтанат Нукенавай. Пра гэта паведамляе «Радио Азаттык».

Былы міністр эканомікі Казахстану Куандык Бішыймбаеў, абвінавачаны ў збіцці сваёй жонкі да смерці, на судовым пасяджэнні ў Астане, Казахстан. 3 красавіка 2024 года.
Фота: Turar Kazangapov / Reuters / Forum

Міжраённы крымінальны суд Астаны прызнаў былога міністра эканомікі Куандыка  Бішыймбаева вінаватым паводле артыкулаў «Забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю» і «Катаванні» і прысудзіў яму 24 гады пазбаўлення волі. Разам з экс-міністрам быў асуджаны ягоны сваяк Бахытжан Байжанаў, якога прызналі вінаватым ва ўкрыцці злачынства.

Куандык Бішыймбаеў раней быў высокапастаўленым чыноўнікам, у 2016 годзе ён займаў пасаду міністра эканомікі Казахстану. Яго абвінавацілі ў карупцыі і ў 2018 годзе пакаралі 10 гадамі зняволення. Аднак прэзідэнт Казахстану скараціў яму тэрмін да 4 гадоў і ўжо ў 2019 годзе чыноўнік выйшаў на свабоду ўмоўна-датэрмінова.

9 лістапада 2023 года медыкі, якія прыбылі на выклік у рэстаран, што належыць сям’і былога міністра, канстатавалі смерць ягонай жонкі – 31-гадовай Салтанат Нукенавай. На ейным твары і целе былі шматлікія сінякі. Экс-міністр быў арыштаваны. Абвінавачанне заявіла, што Бішыймбаеў сістэматычна збіваў Нукенаву і чыніў над ёй псіхалагічны гвалт. Следства прыйшло да высновы, што прычынай смерці жанчыны сталі траўмы, нанесеныя ёй у той вечар і раней ейным мужам.

Судовы працэс выклікаў вялікі рэзананс у Казахстане. У краіне абвастрылася грамадская дыскусія наконт праблемы хатняга гвалту, адбыліся вулічныя акцыі. На фоне гэтых падзеяў улады Казахстану прынялі закон, што ўзмацняе жорсткасць пакарання за бытавы гвалт і педафілію. У народзе ён атрымаў назву «закон Салтанат».

Аб’ектыў
У Казахстане прынялі Закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту
2024.04.12 20:54

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў