NATO хутка нарошчвае вайсковыя выдаткі: нарматыў 2 % выконваюць ужо ⅔ краінаў


На фоне поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну краіны NATO досыць хутка нарасцілі вайсковыя выдаткі і, паводле папярэдніх звестак, у 2024 годзе нарматыўныя 2 % ВУП выканаюць ужо больш як дзве трэці з іх. Пра гэта паведамляе BBC.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: NATO North Atlantic Treaty Organization / Flickr

Паводле справаздачы Альянсу, у 2024 годзе, зыходзячы з заяўленых вайсковых бюджэтаў і прагнозу ВУП, арыенціру 2 % ВУП на вайсковыя асігнаванні дасягнулі ўжо 23 з 32 краінаў NATO. Летась іх было ўсяго 10.

Лідарам паводле долі вайсковых выдаткаў у ВУП стала Польшча – больш за 4 %, за ёй ідуць Эстонія (3,43 %) і ЗША (3,38 %).

У рэальных цэнах, з папраўкай на інфляцыю, вайсковыя выдаткі краінаў NATO ў 2023 годзе выраслі на 9,3 %, а сёлета падскочаць адразу на 18 % і перавысяць $ 1,5 трыльёна. Праўда, амаль дзве траціны гэтай сумы – 957 млрд – прыпадаюць на ЗША.

Частку агульнага прыросту дало далучэнне да альянсу Фінляндыі і Швецыі. Абедзве яны выконваюць нарматыў 2 %, а іх сумарны вайсковы бюджэт складзе сёлета каля $ 20,5 млрд.

Нарматыў 2 % выконваюць усе краіны ўсходняга флангу NATO, ад Нарвегіі да Балгарыі і Турцыі.

Самыя ж адсталыя (калі не лічыць Ісландыю, якая ўвогуле не мае арміі) – гэта Бельгія, Люксембург, Славенія і Іспанія. Яны ўсё аддаюць на свае ўзброеныя сілы каля 1,3 % ВУП.

Нагадаем, у 2006 годзе чальцы NATO дамовіліся выдаткоўваць на абарону не менш за 2 % свайго ВУП. Аднак большасць дзяржаваў доўгі час ігнаравала гэтую пастанову.

Экс-прэзідэнт ЗША і імаверны кандыдат на выбарах 2024 года Доналд Трамп сёлета заявіў, што калі еўрапейскія саюзнікі не будуць выконваць сваіх фінансавых абавязкаў перад Альянсам, ён не толькі не стане іх абараняць, але і будзе заахвочваць Расею «рабіць усё, чаго яны, трасца, захочуць».

Аналітыка
Барацьба за новы сусветны парадак. Аналізуем геапалітычныя працэсы 2023 года
2023.12.29 07:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў