26 чэрвеня Уладзімір Астапенка прызначаны выконваючым абавязкі прадстаўніка ў замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі на месца Валера Кавалеўскага, які склаў свае паўнамоцтвы.
Пастанову аб прызначэнні Уладзіміра Астапенкі прыняла кіраўніца АПКБ Святлана Ціханоўская.
Яна таксама падзякавала Валеру Кавалеўскаму за працу і пракаментавала змены ў кіраўніцтве прадстаўніцтва.
«Удзячная Валеру Кавалеўскаму за тры з паловай гады супольнай працы, спачатку ў Офісе, а потым і ў Кабінеце. Сярод іншага, Валер Георгіевіч уздымаў пытанне Беларусі на міжнародных форумах і ў арганізацыях, наладзіў працу Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі, дапамагаў развязваць пытанні беларусаў за мяжой», – адзначыла Святлана Ціханоўская.
Уладзімір Астапенка да гэтага часу быў намеснікам Валера Кавалеўскага і кіраўніком Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі.
У 2020 годзе Уладзімір Астапенка падаў заяву аб вызваленні з пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у Аргентыне, заявіў пра шматлікія парушэнні асноўных правоў і свабодаў грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі краіны і яе міжнародна-прававых абавязацельствах, відавочныя і грубыя фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Нагадаем, што сёння стала вядома, што Валер Кавалеўскі складае з сябе абавязкі намесніка кіраўніцы і прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах. Сваю пастанову Валер Кавалеўскі патлумачыў тым, што на гэтым кірунку ў яго «з’явіліся разыходжанні ў стратэгічным бачанні шляхоў дасягнення мэтаў дэмакратычнага руху, у арганізацыі і тактыцы вядзення працы, а таксама ў падыходах да ўнутранай палітыкі».
Раман Шавель belsat.eu