«BELPOL»: Беларусь адправіла ў Брусель ганца лабіяваць адкрыццё пунктаў пропуску


Арганізацыя былых беларускіх сілавікоў «BELPOL» сцвярджае, што ў Беларусі пастанавілі адправіць старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэту Уладзіміра Арлоўскага ў Брусель (Бельгія).

Уладзімір Арлоўскі.
Фота: belta.by

Падставай называецца ўдзел у 143/144 сесіі Рады Сусветнай мытнай арганізацыі з 27 па 29 чэрвеня 2024 года.

«Паводле нашых звестак, галоўнай задачай гэтай камандзіроўкі ёсць лабіяванне пытання наконт аднаўлення функцыянавання пунктаў пропуску на межах Еўрапейскага Звязу з Беларуссю», – заяўляюць прадстаўнікі «BELPOL».

Цяпер у Беларусі з суседнімі краінамі ЕЗ працуюць чатыры пункты пропуску: два літоўскія, адзін латвійскі і адзін польскі. Прычым праз апошні праходзіць амаль у чатыры разы больш грузаў, чым праз тры астатнія, разам узятыя. І закрыццё яго можа выклікаць транспартны калапс.

У канцы жніўня 2023 года міністры ўнутраных справаў Літвы, Латвіі і Польшчы дамовіліся, што межы з Беларуссю могуць быць закрытыя ў выпадку ўзброенага інцыдэнту (тады на тэрыторыі Беларусі была вялікая колькасць баевікоў ПВК Вагнэра) або пры прарыве нелегальных мігрантаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Зачынены памежны пераход «Баброўнікі» (з беларускага боку – «Бераставіца») на польска-беларускай мяжы. Баброўнікі, Польшча. 13 траўня 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Эскалацыя канфлікту паміж Варшавай і Менскам, выкліканая забойствам на мяжы адным з мігрантаў польскага жаўнера, прывяла да таго, што 22 чэрвеня міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў: разглядаецца магчымасць закрыць рэшту памежных пераходаў з Беларуссю.

На гэта адрэагаваў міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік.

Кіраўнік дыпламатычнага ведамства зазначыў, што закрыццё межаў будзе найперш скіраванае супраць грамадзянаў ЕЗ, СНД і «Вялікай Еўразіі» і прывядзе да эскалацыі:

«Вядома, гэтыя заклікі вядуць да эскалацыі. […] Тут трэба дакладна разумець, што гэтыя заклікі і гэтыя прапановы скіраваныя не толькі і не столькі супраць польскіх грамадзянаў і польскіх рэгіёнаў, эканамічнага развіцця польскіх рэгіёнаў, колькі супраць многіх іншых грамадзянаў ЕЗ, СНД і так званай Вялікай Еўразіі».

Сяргей Алейнік перакананы, што закрыццё ўсіх памежных пераходаў не спыніць плыні нелегальных мігрантаў, і заклікаў да дыялогу.

«Калі Польшча да гэтага гатовая, хаця б у памежных пытаннях ці пытаннях памежнай супрацы, што згарнулі з ініцыятывы польскага боку і іншых еўрапейскіх партнёраў, мы гатовыя гэтыя тэмы абмяркоўваць», – зазначыў міністр.

Аналітыка
Асцярожна, межы зачыняюцца. Што калі Польшча ўсё ж закрые пераходы на мяжы з Беларуссю
2024.06.27 10:25

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў