З’есці перац чылі і прыняць цёплы душ: як уратавацца ад спёкі?


Распачалося лета, якое, па прагнозах навукоўцаў, можа стаць самым спякотным за ўсю гісторыю назіранняў за надвор’ем. Ужо цяпер, на пачатку чэрвеня, у еўрапейскіх краінах фіксуецца даволі высокая тэмпература паветра. Не абміне спёка і Беларусь. Як ад яе ўратавацца і дапамагчы арганізму ў дні, калі слупок тэрмометру зашкальвае? «Белсат» сабраў парады на розныя выпадкі жыцця.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пара ідзе побач з фантанам у парку Янкі Купалы ў Менску.
Фота: Белсат

Якая тэмпература паветра небяспечная для чалавека?

Небяспечнай для чалавека лічыцца тэмпература паветра, вышэйшая за +30°С – пры такім надвор’і пагаршаецца самаадчуванне, могуць абвастрыцца хранічныя захворванні. У спёку можа хутка і незаўважна здарыцца абязводжванне, бо потааддзяленне становіцца больш інтэнсіўным. Недахоп вадкасці можа прыводзіць да згушчэння крыві і ўтварэння тромбаў.

Прыкметы перагрэву арганізму: слабасць, санлівасць, галавакружэнне, галаўны боль, млоснасць, ваніты, частае сэрцабіцце, скачкі артэрыяльнага ціску. У групе рызыкі ў спякотнае надвор’е дзеці і сталыя людзі, людзі з залішняй вагой цела, цяжарныя жанчыны, людзі з хранічнымі захворваннямі сардэчна-сасудзістай, эндакрыннай сістэмаў, нырак, лёгкіх, людзі, якія злоўжываюць алкаголем.

Hавiны
2023 год стаў трэцім з самых цёплых за гісторыю назіранняў у Беларусі. У 2024 будзе рэкордная спёка
2024.01.09 14:20

Вада з лёдам ці гарачая гарбата?

У спёку варта больш піць, нават калі не адчуваеш смагу. Пры гэтым трэба памятаць, што не ўсе напоі аднолькава добра ахалоджваюць і аднаўляюць утрыманне вадкасці ў арганізме. Калі тэмпература паветра вельмі высокая, варта адмовіцца ад кавы, у тым ліку ад халоднай, а таксама ад моцнай чорнай гарбаты. Справа ў тым, што кафеін выводзіць вадкасць з арганізму, і можа атрымацца так, што вы будзеце піць, а адначасова сутыкняцеся з абязводжваннем. Акрамя таго, кафеін стымулюе сардэчную дзейнасць, паскарае яе і выклікае звужэнне сасудаў. Адначасова спёка сама па сабе аказвае сур’ёзную нагрузку на сэрца і сасуды, таму асалоду ад кавы лепш перанесці на больш прахалодны час.

У спёку ж найлепш піць травяныя зборы, морсы, натуральныя сокі і, канешне ж, ваду. Вельмі карысныя кампоты, якія дапамагаюць аднавіць запасы вітамінаў і мікраэлементаў, якія губляюцца ў спёку. Таксама можна піць адмысловыя салявыя рэгідратацыйныя напоі (рэгідрон, нормагідрон, ці можна проста растварыць сталовую лыжку солі ў літры вады), напоі з электралітамі, якія ўжываюць спартоўцы, ці мінеральную ваду без газу – гэта дапаможа падтрымаць салявы баланс у арганізме.

Лепш не піць газаваныя салодкія напоі, бо яны толькі ўзмацняюць смагу. Таксама не самы лепшы варыянт – халоднае піва і іншыя алкагольныя напоі, бо алкаголь кепска ўплывае на працэсы тэрмарэгуляцыі арганізму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзяўчыны з напоямі ў руках у прасторы Пясочніца ў Менску.
Фота: Белсат

У трапічных краінах наталяюць смагу какосавай вадой, у якой утрымліваецца шмат вітамінаў, мінералаў, электралітаў.

Ваду і сокі трэба піць не вельмі халодныя, не адразу з лядоўні, бо гэта можа справакаваць зніжэнне мясцовага імунітэту і як вынік – ангіну ці прастуду.

Ідэальны варыянт напою ў спёку – чыстая звычайная вада з тэмпературай 15–20°С. Хоць некаторыя эксперты мяркуюць, што гарачыя напоі лепш ратуюць ад спёкі, бо стымулююць потааддзяленне.

Піць трэба невялікімі порцыямі, па 50–100 мл. Справа ў тым, што вялікія колькасці вадкасці могуць падвысіць нагрузку на ныркі і сэрца.

Што есці ў спёку?

Калі слупок тэрмометра набліжаецца да +30°С, лепш адмовіцца ад тлустай цяжкай ежы, бо на яе пераварванне арганізм будзе траціць дадатковыя рэсурсы. Таксама лепш не спажываць вельмі салёныя стравы, бо яны ўзмоцняць смагу. Карыснымі будуць нятлустае мяса, рыба, зеляніна, кісламалочныя прадукты, раслінныя алеі, халодныя супы (лета – найлепшы час на традыцыйны беларускі халаднік). Не варта есці шмат, лепш часцей, але маленькімі порцыямі.

Ідэальныя для спёкі – фрукты, гародніна, ягады, у якіх шмат клятчаткі і вады. Асабліва карысныя маліны, якія разрэджваюць кроў. Таксам вельмі добры на спёку кавун, багаты на ваду і вітаміны.

Адзін з невідавочных спосабаў выратавацца ад спёкі – есці вострую ежу, якая ўтрымлівае перац чылі ці прыправу кары. Не дарма самыя вострыя стравы ядуць у самых спякотных краінах. Справа ў тым, што рэчыва капсаіцын, якое ўтрымліваецца ў перцы чылі стымулюе потааддзяленне, што спрыяе ахалоджванню. Такі ж эфект прыносіць імбір. Аднак людзям, якія церпяць на гастрыт і іншыя захворванні стрававальнай сістэмы, лепш ратавацца ад спёкі іншымі спосабамі.

Аб’ектыў
Што адбываецца з кліматам і надвор’ем у Беларусі?
2024.03.20 20:51

Халодная вада ў спёку – сябар ці вораг?

У спёку хочацца як мага хутчэй трапіць пад халодны душ, аднак найлепшым выйсцем будзе цёплы. Справа ў тым, што калі арганізм нагрэецца, пачнецца працэс потааддзялення, і цела ахалодзіцца. Найлепш, каб тэмпература душа была вышэйшай за +20°С. Таксама асвяжыцца дапаможа вільготны ручнік, які можна накінуць на плечы ці пакласці на лоб. У прахалодную ваду можна апусціць ногі ці падставіць пад яе запясці.

І як бы ні хацелася, але не варта скакаць пад ледзяны душ ці ў халодную раку ці возера, бо рэзкае ахалоджанне можа справакаваць спазм сасудаў.

Белы ці чорны?

У спякотнае надвор’е лепш апранаць вопратку светлых колераў, найлепш – белую. Белы колер, як вядома, адбівае сонечнае цяпло, а цёмныя, наадварот, паглынаюць яго. Хоць у той жа час яшчэ ў 1980 годзе ў часопісе «Nature» было апублікаванае даследаванне, праведзенае ў пустыні з мэтай высветліць, як колер вопраткі ўплывае на ўспрыняцце чалавекам спёкі. Аказалася, што і ў чорным цалкам камфортна пры высокіх тэмпературах паветра, бо гэты колер добра паглынае цяпло цела.

Таксама варта звяртаць увагу на тканіну: штапель, бавоўна, паркаль і лён добра прапускаюць паветра, што робіць спёку не такой невыноснай. Але больш важны за колер і тканіну – пакрой. Лепш апранаць штосьці свабоднае – гэта дапаможа целу дыхаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ідуць па вуліцы недалёка ад станцыі метро Няміга ў Менску.
Фота: Белсат

Калі вельмі спякотна, вопратку можна намачыць. Каб вада выпарылася, ёй патрэбная цеплавая энергія. Яна будзе забіраць яе ад вашага цела і зніжаць тэмпературу скуры. Працэс выпарэння можа паскорыць вентылятар ці веер. Можна выкарыстоўваць пульверызатар і апырскваць з яго цела ці вопратку.

На вуліцы і ў аўтамабілі

На адкрытым сонцы лепш не знаходзіцца ў перыяд з 12:00 да 16:00. Калі ўсё ж трэба выйсці, лепш ісці па ценявым баку вуліцы, пад дрэвамі. Пажадана апранаць галаўны ўбор. Можна скарыстацца парасонам, ідэальна, калі ён будзе цеплаадбівальным. І вельмі важна не забывацца пра сонцаахоўныя сродкі для скуры.

У спёку лепш знізіць фізічную актыўнасць, не займацца спортам на адкрытым паветры, калі вельмі горача. Вельмі карысна будзе выйсці на шпацыр увечары – астылае паветра насыціць арганізм кіслародам і нармалізуе тонус сасудаў. Таксама можна выехаць на прыроду, найлепш – у лес, у горадзе – прагуляцца па парку: дрэвы дадуць прахалоду, цень і свежае паветра.

Пры спякотным надвор’і лепш адмовіцца ад далёкіх паездак на аўтамабілі. Калі ж гэта неабходна, перад паездкай адчыніце дзверы ці апусціце шыбы машыны, праветрыце салон, уключыце кандыцыянер. У паездку трэба абавязкова ўзяць запас вады, лепш прахалоднай тэмпературы, каб яна не так хутка награвалася. Таксама варта праверыць аўтамабільную аптэчку і прасачыць, каб у ёй былі сардэчныя лекі, прынамсі, нітрагліцэрын, на выпадак, калі хтосьці адчуе сябе кепска ў дарозе.

Нельга пакідаць у замкнёным аўтамабілі дзяцей і хатніх жывёлаў – машыны вельмі хутка награваюцца, што можа выклікаць цеплавы ўдар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі ў Менску.
Фота: Белсат

Што рабіць са спёкай удома?

Калі вельмі спякотна ў кватэры, можна развесіць вільготныя прасціны – гарачае паветра, якое пройдзе праз вільготную тканіну, стане больш прахалодным. Таксама пакой можна закрыць шторамі ці жалюзі – так ён будзе менш награвацца.

Вокны можна адчыняць, і ідэальны варыянт, калі ёсць форткі знізу і зверху – гарачае паветра будзе выходзіць праз верхнюю фортку, а больш прахалоднае паступаць у пакой праз ніжнюю.

У спёку трэба быць асцярожнымі з кандыцыянерамі – пры выкарыстанні варта сачыць, каб розніца паміж тэмпературай у пакоі і на вуліцы была не большай за 10 градусаў, інакш можа быць моцнае ахалоджанне, зніжэнне імунітэту і праз гэта – прастуда.

Калі няма кандыцыянера, можна ўключыць вентылятар, паставіць перад ім бутэлькі з ледзяной вадой. Вентылятар будзе разганяць па пакоі халоднае паветра, якое ідзе ад халоднай вады. Ёсць таксама меркаванне, што вентылятар можа дапамагчы толькі калі тэмпература паветра не перавышае +35°С. Калі вышэй, абдзьмуханне цела такім паветрам можа толькі павялічыць цеплавую нагрузку і рызыку абязводжвання. Таксама вентылятары не вельмі эфектыўныя пры высокай вільготнасці, калі агулам выпарэнне поту са скуры ўскладняецца.

Можна зрабіць прыборку ўдома – памыць падлогу прахалоднай вадой.

Цеплавы ўдар

Калі ўратавацца ад спёкі ўсё ж не атрымалася, і вы адчуваеце сябе блага – вам млосна, кружыцца і/ці баліць галава, вы адчуваеце, што можаце страціць прытомнасць, лепш адразу ж зайсці ў прахалоднае памяшканне, зняць ці расшпіліць цесную вопратку, абгарнуцца ці пакласці на лоб вільготны ручнік, прыняць прахалодны душ ці ванну. Таксама трэба павольна выпіць вады, лепш, калі гэта будзе мінералка ці рэгідратацыйны раствор. Калі самаадчуванне не паляпшаецца, варта звярнуцца да лекара.

Агляд
«У красавіку грымот – цёплы будзе год». Як па народных прыкметах вызначыць, якімі будуць лета і восень?
2024.04.14 08:06

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў