Беларусаў чакаюць у Крыме. І хутчэй за ўсё – вялікія непрыемнасці

Беларускія турыстычныя аператары прапаноўваюць пуцёўкі ў Крым, нахвальваючы цудоўны адпачынак на беразе Чорнага мора. На некаторых сайтах пішуць, што Крым – перліна расейскага курортнага адпачынку. Іншыя не акцэнтуюць на гэтай тэме ўвагу, нібыта нічога не адбываецца. Проста гарантуюць, што адпачываць з дзецьмі там будзе асабліва добра, замоўчваючы дэталі рэальнай сітуацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі адпачываюць пад парасонам на пляжы ў Еўпаторыі, Крым, Украіна. 10 жніўня 2023 года.
Фота: Alexey Pavlishak / Reuters / Forum

Абяцаюць незабыўную паездку – аўтобусам па тэрыторыі Расеі без начлегаў праз Крымскі мост. З гэтым якраз цяжка паспрачацца. Улічваючы стан рэчаў, паездка сапраўды можа стаць незабыўнай, а для кагосьці нават і апошняй.

Тураператары не згадваць аб тым, што паўвыспа сёння – суцэльная расейская вайсковая база – і законная ваенная цэль падчас вайны, таму там амаль штодня нешта выбухае і гарыць, а расейскія вайскоўцы імкнуцца збіваць украінскія ракеты над пляжам, каб яны не трапілі ў цэль, якая месціцца літаральна за 700 метраў ад гэтага самага пляжу.

Можа, застаюцца хаця б славутасці? Турыстам з Беларусі прапаноўваюць экскурсіі да архітэктурных помнікаў. Самы вядомы гістарычны помнік антычнай эпохі – Херсанес Таўрычны. Сёння ён знішчаны. Акупацыйныя ўлады паставілі на яго месцы навабуд, а самыя каштоўныя археалагічныя знаходкі – фрэскі, посуд, прадметы ўжытку і абразы – вывезлі ў расейскія музеі.

Здарылася гэта амаль адразу пасля захопу паўвостраву. Яшчэ ў 2015 годзе забудоўнікі загарадзілі назіральнымі пляцоўкамі археалагічныя парэшткі, якія былі на паверхні: калоны, вежы і сцены. А на месцы старажытнай цытадэлі паставілі штосьці кшталту адкрытага тэатру, які стварае нагрузку на арыгінальнае збудаванне вагою амаль тону. Украінскія археолагі лічаць, што выратаваць помнік наўрад ці ўдасца.

Калі не атрымліваецца з помнікамі, то можа выйдзе з курортамі? Тураператары працягваюць клікаць беларусаў, абяцаючы давезці іх аж да самага пляжу з Віцебску, Воршы, Бабруйску, Жлобіна, Гомля. Кошт пуцёвак пачынаецца ад 600 рублёў. Акцэнт на адпачынак з дзецьмі. Пішуць, што самае папулярнае месца – Еўпаторыя.

Калі выказаць здагадку, што нехта ніколі раней не чуў назвы гэтага гораду і не ведаў, што гэта вядомы курорт, куды даўней з усяго СССР везлі дзяцей на лячэнне, то цяпер горад нагадаў пра сябе загалоўкамі ў СМІ. Нейкія пару дзён таму там так бахала і гарэла, што мясцовыя жыхары гэтымі фота забілі ўвесь інтэрнэт. Эпіцэнтр быў побач, у пасёлку Віціна, там цяпер цэнтр далёкай касмічнай сувязі.

Афіцыйная назва цэнтру – 40-ы асобны камандна-вымяральны комплекс. Там месціцца комплекс РЭБ «Красуха», прызначаны для прыкрыцця камандных пунктаў і іншых важных ваенных аб’ектаў акупантаў, а таксама комплекс «Фазан МТС» з радыусам дзеяння ад 150 да 40 тысяч кіламетраў. І гэта ўсяго толькі адна з цэляў ЗСУ, бо адтуль забяспечваецца кіраванне спадарожнікамі ГЛОНАСС для навядзення расейскіх ракетаў і беспілотнікаў на ўкраінскія абʼекты.

Не лішне будзе памятаць, што такіх цэляў на Крымскім паўвостраве некалькі, і яны яшчэ не ўсе знішчаныя. Але гэта толькі пытанне часу. Дзе бабахне і ўспыхне сёння ўначы ці заўтра, мірнае насельніцтва не ведае.

Пляж Еўпаторыі славіўся тым, што ён быў ідэальны для дзяцей – плытчыня на сотню метраў і пясок, а не камяні. Дзеткі маглі плёскацца ў вадзе і будаваць на пляжы замкі з пяску. Але ўсё змянілася. Цяпер на пляжы стаяць агнявыя разлікі, бетонныя загароды і сцены з мяхоў з пяском. Праўда, улічваючы, што колькасць турыстаў шматкроць зменшылася, месца павінна хапіць тым, хто прывёз сваіх дзяцей, кіруючыся толькі ім адной вядомай логікай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына фатаграфуе інсталяцыю з выявай карты Расеі з акупаванымі рэгіёнамі Украіны ў Дзень народнага адзінства ў Сімферопалі, Крым, Украіна. 4 лістапада 2023 года.
Фота:  Alexey Pavlishak / Reuters / Forum

Можа, тады пашукаць іншы пляж? Напрыклад, у Судаку. Тады давядзецца змірыцца з тым, што на пляжы ўстаноўленыя пункты назірання і агнявыя кропкі.

Калі хтосьці хацеў агледзець мясцовую славутасць – старажытную крэпасць, то павінен ведаць, што ваенныя абʼекты – акурат на скале ніжэй крэпасці. Так што прыемнага прагляду.

Акрамя таго, у Судаку кошты цяпер касмічныя. Мясцовыя прадпрымальнікі хацелі скарыстацца тым, што ў Кактэбелі няма турыстаў з-за рэканструкцыі набярэжнай, а ў Феадосіі і Керчы часта выбухае, і ўзнялі кошты на арэнду і грамадскае харчаванне, каб кампенсаваць страты. Але наўрад ці яны паспеюць зарабіць у гэтым сезоне. Турыстаў у горадзе вельмі мала. А ў санаторыях небагатыя льготнікі.

А што чуваць у Севастопалі? Пасля таго, як расейскія вайскоўцы збілі ўкраінскую ракету над пляжам, мясцовыя пачалі абурацца. Прэтэнзіі самыя розныя – чаму не прагучала паветраная трывога, чаму збілі над пляжам, калі ў выходны там было столькі народу, чаму ўвогуле ваенныя абʼекты размяшчаюць бліжэй да дамоў і да месцаў вялікай колькасці людзей. Але ў Севастопалі ўлады і не думаюць закрываць пляжы. Падкантрольны Расеі мэр гораду сказаў, што не рэкамендуе пакуль хадзіць на пляжы на паўночным баку, пакуль там не ўсталююць хованак. А як жа Крыштальны пляж, што ў цэнтры гораду? А ён, аказваецца, не гатовы для адпачынку пасля леташняга шторму з паводкай.

А што робіцца ў міжнародным лагеры «Артэк»? ЕЗ увёў супраць яго санкцыі з-за парушэння правоў чалавека. Гэта адбылося днямі, пасля таго, як пацвердзіліся выпадкі, калі дзяцей не адпускалі дадому, пакуль тыя не выкажуць прыхільнасць Расеі і не прадэманструюць сваю падтрымку. Дарэчы, учора Украіна выйграла справу супраць Расеі адносна Крыму ў Еўрапейскім судзе правоў чалавека. Былі ўстаноўленыя шматлікія парушэнні правоў чалавека на падставе шматлікіх доказаў.

Калі няма месца на пляжах, можа ёсць сэнс праехаць углыб паўвостраву? Напрыклад, да Белагорскага вадасховішча. Але там спачатку трэба будзе амаль з кіламетр ісці побач са звалкай смецця ўздоўж грунтавой дарогі. Несанкцыянаваныя звалкі – гэта сурʼёзная праблема акупаванага Крыма.

Здавалася б, усе ўжо павінны былі зразумець, што ў Крыме наспявае гарачы сезон, які ці наўрад спадабаецца турыстам. Украінскі бок папярэджваў, што паўвостраў ёсць ваеннай базай акупантаў. Нават адзін з рупараў расейскай прапаганды Карэн Шахназараў звярнуўся да суграмадзянаў з просьбаю не браць на адпачынак у Крым дзяцей (ой, а што здарылася?).

Але адмова ад бранявання пуцёвак вырасла толькі на 28 %. Ну што ж, шчасліва адпачыць, як кажуць.

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў