Менскае «Дынама» падпісала канадскага хакеіста, якога вінавацяць у сексуальным гвалце


Менскае «Дынама» дамовілася аб падпісанні кантракту з канадскім хакеістам Дыланам Дубэ. Пра гэта 1 ліпеня паведаміў афіцыйны сайт клубу. Але ў хакеіста ёсць пэўныя праблемы.

Дылан Дубэ.
Фота: FastMoneyLabs / X

Дылан Дубэ, якому неўзабаве споўніцца 26 гадоў, правёў у Нацыянальнай хакейнай лізе (НХЛ) 325 матчаў, зарабіўшы 127 (57+70) балаў. Апошняя ягоная каманда – «Calgary Flames».

Да таго ж, хакеіст рэпрэзентаваў зборную Канады U20 на моладзевых чэмпіянатах свету. У 2017 годзе ён стаўся срэбным прызёрам, а ў 2018-м – чэмпіёнам свету як капітан каманды.

Паводле інфармацыі журналіста Артура Хайруліна, зарплата Дубэ ў «Дынама» складзе каля 60 тысяч долараў на месяц.

Падазраваны ў сексуальным гвалце

Разам з тым у хакеіста ёсць пэўныя праблемы з законам. 21 студзеня Дубэ сышоў у бестэрміновы адпачынак у сувязі з ментальным здароўем. А праз дзевяць дзён сталася вядома, што яму і яшчэ чатыром былым хакеістам моладзевай зборнай Канады ўзору 2018 года выставілі абвінавачанні ў сексуальным гвалце. 5 лютага Лонданская служба паліцыі заявіла, што Дубэ выставілі абвінавачанне ў адным пункце сексуальнага гвалту.

Справа павінна вярнуцца ў суд 13 жніўня. У гэты дзень могуць прызначыць дату судовага разбору. Папярэдняе судовае паседжанне, закрытае для публікі, запланаванае на ліпень, некаторыя слуханні таксама прызначаныя на верасень. Гульцы паўстануць перад суддзёй і прысяжнымі.

У «Дынама» адзначылі, што ў курсе сітуацыі з абвінавачаннем супраць Дубэ:

«Дылан не прызнаў сябе вінаватым у абвінавачанні, не хаваецца ад уладаў і бярэ ўдзел у слуханнях у справе. Паколькі справа цяпер на стадыі судовага разбору, а таксама кіруючыся прэзумпцыяй невінаватасці, клуб устрымліваецца ад далейшых каментароў у гэтым пытанні».

Тэлеграм-канал «Хоккей по понятиям» піша, што Дубэ – выдатны гулец, «у яго добрая хуткасць, выдатнае хакейнае мысленне, выдатны кідок, і ўсё гэта паводле мерак НХЛ. Ён універсальны гулец, здольны гуляць як на флангу, так і ў цэнтры». Паводле каналу, Дубэ патэнцыйна адзін з наймацнейшых гульцоў Кантынентальнай хакейнай лігі, дзе гуляе менскае «Дынама».

«На першы погляд усё выглядае цудоўна, і Менск зрывае куш. Але ў гэтага падпісання могуць быць свае мінусы. У красавіку 2025 года ў Дубэ і іншых фігурантаў справы будзе суд. Гэта азначае, што ў плэй-оф форвард будзе даступны толькі для першага раўнду […]. Дубэ здольны дапамагчы камандзе заняць вышэйшае месца ў рэгулярцы і пазмагацца за праходжанне першага раўнду. Гэта будзе поспехам для беларускай каманды. Пытанне толькі псіхалагічнага стану форварда», – піша аўтар каналу.

На ягоную думку, канадскі хакеіст будзе гуляць за менскі клуб «у чаканні не самага прыемнага, а гэта можа негатыўна паўплываць на гульню».

Агляд
Гарэлка, тролінг, шопінг, адпачынак. Чым уцеклы польскі суддзя Шмыт займаецца ў Беларусі
2024.05.15 19:08

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў