«Еўра-2024»: Францыю ў васьмёрку найлепшых выводзіць аўтагол, Партугалія перамагае Славенію толькі ў серыі пенальці


Ужо вядомыя тры з чатырох параў удзельнікаў 1/4 фіналу чэмпіянату Еўропы ў Нямеччыне. Да камандаў Швейцарыі, Нямеччыны, Іспаніі, Англіі далучыліся зборныя Францыі і Партугаліі. Апошнія дзве і згуляюць паміж сабой у 1/4 фіналу. Зборная Партугаліі не змагла забіць Славеніі, і ўпершыню на гэтым «Еўра» давялося біць пенальці. Гэта найлепш зрабілі больш дасведчаныя партугальцы. Падрабязней – у нашым традыцыйным аглядзе.

Абаронца зборнай Бельгіі Тымаці Кастанэ і нападнік зборнай Францыі Кільян Мбапэ рэагуюць на жоўтую картку, якую суддзя Глен Нюберг дае паўабаронцу зборнай Францыі Арэльену Чуамэні падчас футбольнага матчу 1/8 фіналу «Еўра-2024» паміж Францыяй і Бельгіяй. Дусэльдорф, Нямеччына. 1 ліпеня 2024 года.
Фота: Alberto Pizzoli / AFP / East News

Францыя зноў мацнейшая за Бельгію

Францыя – Бельгія – 1:0

Гэта была 80-ая сустрэча французаў і бельгійцаў. Абедзве каманды не вельмі ўпэўнена правялі гульні першага этапу. І калі Францыя перамагла Аўстрыю і падзяліла пункты з Нідэрландамі, яна датэрмінова выйшла з групы. А вось месца Бельгіі ў 1/8 фіналу было пад пытаннем да заканчэння гульні з Украінаю. Скончыўся гэты двубой з мірным вынікам – 0:0, Бельгія трапіла ў плэй-оф. Пры гэтым у «чырвоных д’яблаў» адбылося некалькі канфліктаў з заўзятарамі: яны вельмі незадаволеныя працаю нямецка-італьянскага трэнера Дамэніка Тэдэска. Заўзятарам не падабаецца гульня каманды і тое, што трэнер, які раней працаваў толькі з клубамі, не ўзяў на «Еўра-2024» шэраг футбалістаў.

Мы ж адзначым, што залатое пакаленне ў бельгійцаў было цягам 2014–2022 гадоў, і за гэты час каманда не здолела выгуляць нешта сурʼёзнае. Напрыклад, у фінальным турніры чэмпіянату свету – 2018 Бельгія перамагла ў пяці гульнях запар, дайшла да паўфіналу, дзе з лікам 0:1 саступіла Францыі. Паразаю 2:3 ад той жа Францыі скончыўся паўфінал Лігі нацыяў увосень 2021 года. У выніку за апошні час Бельгія саступіла Францыі ў трох ключавых гульнях запар.

Гэтым разам матч Францыі і Бельгіі выйшаў адным з самых сумных на гэтым «Еўра» і на ўсёй стадыі 1/8 фіналу. Супернікі быццам бы сабраліся бегчы марафон, і гульня ўжо кацілася ў дадатковы час, калі за пяць хвілінаў удар абаронцы французаў Калё Муані пацэліў у калена абаронцы бельгійцаў Вэртонхэна, мяч на рыкашэце абышоў брамніка Бельгіі Кастээлса і зваліўся ў ніжні кут. Такім чынам, на сёлетнім чэмпіянаце дзякуючы аўтаголу Францыя перамагае ўжо другі раз – у першай гульні групавога этапу супраць Аўстрыі перамогу французам прынёс гол ва ўласную браму Максімільяна Вёбэра. Гэтым разам аўтагол выводзіць зборную Францыі ў 1/4 фіналу, а Бельгія едзе дадому.

Форвард зборнай Партугаліі Крыштыяну Раналду б’е, але не забівае голу з пенальці ў брамніка зборнай Славеніі Яна Облака падчас футбольнага матчу 1/8 фіналу «Еўра-2024» паміж Партугаліяй і Славеніяй. Франкфурт-на-Майне, Нямеччына. 1 ліпеня 2024 года.
Фота: Daniel Roland / AFP / East News

Партугалія – Славенія – 0:0, пенальці – 3:0

Маленькая Славенія толькі трэці раз гуляла на топ-турніры. Пры дзвюх мінулых спробах каманда не здолела выйсці з групы, і толькі на палях Нямеччыны гэта ўдалося пасля таго, як усе гульні ў групе Славенія завяршыла мірам.

Партугалія двойчы выгуляла на старце, але параза ад Грузіі вельмі сапсавалі партугальцам настрой, таму не трэба было казаць, хто быў фаварытам у гэтай гульні 1/8 фіналу.

З першых хвілінаў вышэйшая ў аптымальным складзе Партугалія асадзіла браму Славеніі, але партугальцы так і не здолелі прарваць добра арганізаваную абарону славенцаў і прабіць брамніка мадрыдскага «Atletico» Яна Облака. Гэтаму брамніку 31 год, і ён ужо дзесяць гадоў абараняе колеры мадрыдскага клубу, перамагаў з ім у чэмпіянаце Іспаніі, у Кубку Іспаніі, Лізе Еўропы і браў Суперкубак Еўропы. А ягоную браму не здолелі ўзламаць ні зоркі Англіі, ні зорныя партугальцы. У апошніх асноўная пагроза прадказальна зыходзіла ад Крыштыяну Раналду, але двойчы цудоўна згуляў Облак, яшчэ двойчы партугалец прабіў міма. Гэтак другі раз на гэтым «Еўра» давялося гуляць дадатковы час. На 105-й хвіліне Партугалія пасля парушэння ў штрафны на Д’ёгу Жузэ атрымала права на пенальці, але і тут Крыштыяну Раналду не перагуляў Облака – галкіпер адбіў мяч з левага кута сваёй брамы. А на 115-й хвіліне гульні Славенія магла вырваць перамогу, але форвард балканцаў Бэньямін Шэшка не здолеў перагуляць галкіпера Партугаліі Д’егу Косту.

У выніку справа дайшла да серыі пенальці, і яе сапраўдным героем стаўся партугальскі брамнік, які адбіў усе тры ўдары славенцаў у выкананні Ёсіпа Ілычыча, Юрэ Балкоўца і Бэньяміна Вэрбіча. А ў Партугаліі ўсе тры ўдары былі дакладныя, іх выканалі Крыштыяну Раналду, Бруну Фэрнандыш і Бэрнарду Сілва. Такім чынам Партугалія выходзіць у 1/4 фіналу, а Славенія, не прагуляўшы ў асноўны час на гэтым «Еўра» ніводнай гульні, выбывае з турніру.

Бельгійскі футбаліст Кевін дэ Брэйнэ прыгнечаны ў канцы матчу 1/8 фіналу паміж Францыяй і Бельгіяй на футбольным турніры «Еўра-2024» у Дусэльдорфе, Нямеччына. 1 ліпеня 2024 года.
Фота: Andreea Alexandru / AP Photo / East News

Аўтагол – найлепшы бамбардзір

На гэтым «Еўра» ўжо здарыліся 9 аўтагалоў. Рэкордным быў мінулы турнір, «Еўра-2020», тады каманды 11 разоў скіроўвалі мяч ва ўласную браму. За ўвесь час правядзення фінальных турніраў зафіксаваныя 29 аўтагалоў. На сёлетнім турніры мяч ва ўласную браму адпраўлялі немец Антоньё Рудыгер, італьянец Рыкарда Каляфʼёры, чэх Робін Гранач, турак Самэт Акайдын, аўстрыец Максімільян Вёбэр, іспанец Нарман, бельгіец Вэртонхэн, албанец Кляўс Гясуля і нідэрландзец Доніел Мален.

Што далей?

Гульні на выбыванне працягнуцца, кожны дзень дзве каманды будуць пакідаць Нямеччыну. Калі асноўны час скончыцца мірам, будуць дададзеныя два таймы па 15 хвілінаў кожны (як гэта было ў гульні Англія – Славаччына), і калі яны не дапамогуць, пераможцу будуць вызначаць у серыі пенальці.

Такім чынам, 2 ліпеня – апошні дзень 1/8 фіналу. Вось расклад гульняў (час беларускі):

  • 02.07. 19:00. Румынія – Нідэрланды
  • 02.07. 22:00 Аўстрыя – Турцыя

Вядомая частка раскладу і гульняў 1/4 фіналу. Гэтак, у пятніцу, 5 ліпеня, а 19:00 паводле беларускага часу пачнецца гульня Іспанія – Нямеччына, а 22:00 згуляюць Францыя і Партугалія. У суботу, 5 ліпеня, а 19:00 пазмагаюцца Англія і Швейцарыя.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў