«Вось да чаго мяжа давяла. Усе здзічэлі». У чарзе з Польшчы ў Беларусь даводзіцца стаяць амаль содні


Падчас абмеркаванняў чэргаў на мяжы ў Telegram-чатах акцэнт ссунуўся на ўезд у Беларусь з Польшчы, хоць звычайна часцей пісалі пра чэргі з боку Берасця. Падарожнікі сведчаць, што цяпер чакаюць праходжання мяжы амаль содні, скардзяцца на «ўлезуноў» і не шкадуюць абразаў на адрас гандляроў месцамі ў чарзе.

Чарга перад пунктам пропуску «Тэрэспаль» на ўезд у Беларусь. 2 ліпеня 2024 года.
Фота: granica_bypl / Telegram

Чаты, прысвечаныя пераходу мяжы, поўняцца абразамі, скаргамі і нараканнямі. У доўгім чаканні абвінавачваюць усіх: і польскіх службоўцаў, і беларускіх, і гандляроў месцамі, якія без чаргі пускаюць «улезуноў». Даходзіць да філасофскіх разважанняў, ці то мяжа давяла да таго, што беларусы здзічэлі, ці то людзі заўсёды такія былі, а асаблівыя абставіны проста выявілі нізкія чалавечыя якасці.

Больш за ўсіх атрымліваюць кіроўцы з берасцейскімі нумарамі, якія пускаюць у чаргу «сваіх». Часам здараюцца канфлікты і высвятленне стасункаў.

Найвялікшыя чэргі цяпер фіксуюцца перад пунктам пропуску ў Тэрэспалі ў бок Беларусі. Там больш за 400 легкавікоў, дзясяткі аўтобусаў. У чатах пішуць, што час чакання – каля содняў. Беларускія мытнікі звычайных падарожнікаў даглядаюць не так пільна, як «чаўночнікаў».

Напярэдадні і без таго няпростую сітуацыю пагоршыў голы мужчына, які бегаў паміж пунктам «Тэрэспаль» і Варшаўскім мостам. Рух на пераходзе праз яго спынялі на некалькі гадзінаў.

На беларуска-польскай мяжы затрымалі голага мужчыну. 1 ліпеня 2024 года.
Фота: granica_bypl / Telegram

Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі на 10:00 раніцы ў чарзе ў Берасці – 200 легкавікоў і 55 аўтобусаў.

У «Каменным Логу» на мяжы з Літвою – 100 легкавых аўтаў, у «Беняконях» – 45. Там выезду з Беларусі чакаюць каля дванаццаці гадзінаў. Аўтобусных чэргаў, паводле Памежнага камітэту, няма.

Пры гэтым чэргі ўтварыліся на ўезд у Беларусь: у «Мядзінінкаі» – 140 аўтамабіляў, у «Шальчынінкаі» – 80, таксама даводзіцца чакаць палову содняў.

1 ліпеня на пераходзе на мяжы з Латвіяй, звычайна самым незагружаным, падарожнікаў чакаў сюрпрыз: у чатах пішуць, што латышскія службоўцы, спасылаючыся на новыя санкцыі, забаранілі ўвозіць у краіну шмат якія тавары, у тым ліку касметыку, алкагольныя напоі, цыгарэты.

Выкінутыя на патрабаванне латышскіх службоўцаў рэчы ў пункце пропуску «Грыгораўшчына – Патэрніекі». 1 ліпеня 2024 года.
Фота: granica_bypl / Telegram

Што датычыць чаргі, то ў «Грыгораўшчыне» яе няма, як паведамляюць падарожнікі, на мінанне мяжы што ў адзін, што ў другі бок патрабуецца 2–3 гадзіны.

Агляд
У Літву можна правезці адну цыгарэту, а ў Берасці стаіць амаль 40 аўтобусаў. Сітуацыя на мяжы
2024.06.28 19:50

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў