Даходы ўпалі так, што ніхто не хоча працаваць. Бізнес просіць зменшыць рэгуляванне цэнаў


Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў падрыхтаваў прапановы для пераўтварэння сферы гандлю ў Беларусі. Пра гэта паведамляе «MYFIN». Прапановы звязаныя з праблемамі, з якімі сутыкнуўся бізнес пасля ўзмацнення рэгулявання цэнаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by

«Калі нічога не мяняць, то могуць узнікнуць цяжкія наступствы для эканомікі ўсёй краіны. У галіне занята больш як 50 % суб’ектаў гаспадарання недзяржаўнай формы ўласнасці. У асноўным гэта субʼекты малога прадпрымальніцтва», – заявіў дырэктар саюзу Віктар Маргелаў.

Паводле яго, пастанова ўраду № 713 аб абмежаванні росту цэнаў спрычынілася да памяншэння валавых даходаў прадпрыемстваў раздробнага гандлю прадуктамі харчавання ў сярэднім не менш як на 15 % пры аналагічнай выручцы.

Таксама, заявіў Маргелаў, рост буйных сетак вядзе да спусташэння малога бізнесу, бо назіраюцца няроўныя ўмовы гаспадарання для малых і буйных прадпрыемстваў у сферы раздробнага гандлю. Праяўляецца гэта, у тым ліку, у асаблівых умовах паставак, эканамічна неабгрунтаваных зніжках і коштах вытворцаў і імпарцёраў. У выніку досыць шырокім асартыментам прадукцыі некаторыя буйныя сеткі гандлююць ураздроб паводле больш нізкіх коштаў, чым яе адпускаюць вытворцы субʼектам малога і сярэдняга бізнесу (МСП). Акрамя таго, пастанова № 713 прывяла да таго, што буйным гандлёвым сеткам нашмат больш выгадна гандляваць ураздроб імпартным таварам.

У выніку нізкая рэнтабельнасць гандлёвых прадпрыемстваў МСП выклікала «востры недахоп кадраў у раздробным гандлі», асабліва ў малых гарадах і сельскай мясцовасці, сказаў Маргелаў.

«Сярэдні налічаны заробак прадаўцоў гандлёвых прадпрыемстваў у рэгіёнах – толькі 700-800 рублёў, што больш чым у два разы ніжэй за сярэдні заробак у краіне. Перспектывы яго павышэння вельмі туманныя. Нарастаюць выпадкі закрыцця гандлёвых абʼектаў з прычыны поўнай адсутнасці кадраў», – заявіў ён.

Таксама Маргелаў паскардзіўся на тое, што банкі бяруць за магчымасць аплаты банкаўскімі карткамі ва ўстановах МСП «вельмі высокія адсоткі», якія, на ягоную думку, трэба абмежаваць.

У сувязі з гэтым малы і сярэдні бізнес прапаноўвае паменшыць пералік тавараў, якія падлягаюць дзяржаўнаму рэгуляванню цэнаў для субʼектаў МСП, абмежаваць адкрыццё вялікіх гандлёвых аб’ектаў і спрыяць адкрыццю малых і сярэдніх. Таксама прапаноўваецца абмежаваць долю выручкі прадпрыемстваў раздробнага гандлю з доляй замежных уласнікаў больш як 50 %; пашырыць пералік тавараў, якія адпускаюцца беларускімі вытворцамі беларускім прадпрыемствам раздробнага гандлю паводле адзінай цаны; знізіць адміністрацыйныя нагрузкі ды іншае.

Пасля таго як дзяржава ўзялася за рэгуляванне цэнаў, рэнтабельнасць гандлёвых арганізацыяў знізілася да 0,4 %. «Гэта адзін з самых нізкіх паказнікаў быў за ўсю гісторыю», – канстатаваў у лютым намеснік міністра гандлю і антыманапольнага рэгулявання Іван Вежнавец.

Тым не менш у міністэрстве не змаглі дакладна адказаць, колькі яшчэ працягнецца рэгуляванне коштаў у краіне. Але яно дакладна будзе працягвацца, пакуль не знікнуць вонкавыя шокі для эканомікі, распавёў кіраўнік ведамства Аляксей Багданаў.

Hавiны
«Ну і што?» – міністр гандлю пра страты прадпрыемстваў ад рэгулявання цэнаў
2024.01.20 15:03

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў