Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы разглядае магчымасць стварэння творчай прасторы для прадстаўнікоў з Беларусі. Пра гэта паведамляе кіраўнік НАУ і намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце Павел Латушка.
«Цяпер ідуць перамовы аб стварэнні прасторы, якая дасць магчымасць развіваць сваю дзейнасць творцам, якія займаюцца тэатральнай творчасцю і прадстаўляюць нацыянальныя меншасці», – адзначана ў лісце Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы ў адказ на зварот Паўла Латушкі ў адрас міністра культуры Польшчы.
Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы нагадвае, што артысты з Беларусі, якія знаходзяцца ў Польшчы, могуць прымаць удзел у праграмах, якія рэалізуе Тэатральны інстытут. Сярод іх, напрыклад, «Przestrzenie Sztuki» (у супрацы з адным з аператараў праграм альбо «OFF Polska») ці «Lato w teatrze» (у супрацы з установай культуры ці грамадскай арганізацыяй).
Важнай прапановай для беларускіх творцаў з’яўляецца ўдзел у праграме «Gaude Polonia», якую рэалізоўвае Нацыянальны цэнтр культуры. Праграма служыць для пабудовы паразумення і добрых кантактаў у галіне культурнай супрацы паміж Польшчай і яе блізкімі суседзямі. На паўгадавую стыпендыю ў Польшчы могуць прэтэндаваць творцы, якія прадстаўляюць наступныя сферы: кіно, фатаграфія, захаванне помнікаў, літаратура, пераклад, музыка, выяўленчае мастацтва, тэатр, тэатральная і кінакрытыка.
Стыпендыяты працуюць пад кіраўніцтвам выбітных польскіх мастакоў, звязаных з акадэмічнымі цэнтрамі і мастацкімі коламі Польшчы.
«У дачыненні да прадстаўнікоў беларускай культуры ў Беларусі не спыняюцца шырокамаштабныя рэпрэсіі. Па дадзеных Беларускага ПЭН-цэнтру, толькі ў 2023 годзе адбылося 1097 парушэнняў у дачыненні да 605 дзеячаў культуры, 163 парушэнні ў дачыненні да 147 арганізацый і супольнасцей, 57 парушэнняў у дачыненні да абʼектаў гісторыка-культурнай спадчыны і беларускай мовы. Многія беларускія дзеячы культуры былі вымушаны пакінуць Беларусь і сёння ім патрабуецца падтрымка. Мы працягнем падтрымліваць дзейнасць Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і сумесна з Прадстаўніцтвам працягваць працу па лабіяванні інтарэсаў беларускіх дзеячаў культуры, якія вымушана знаходзяцца за мяжой», – адзначае Павел Латушка.
Арсен Рудэнка belsat.eu