У Беларусі за запіс на візу «дапамагатары» пачалі прасіць 2 тысячы рублёў


Чытачы belsat.eu паскардзіліся на немагчымасць запісацца на візу ў цэнтры «VFS Global» – афіцыйным партнёры польскай амбасады ў Беларусі. Праблема ўзнікае на этапе відэаверыфікацыі, калі сістэма дае збой. Гэтая захада мела абараніць сайт ад ботаў, але, падобна, толькі зрабіла больш дарагімі паслугі пасярэднікаў. Выданне «Devby.io» паведамляе, што «дапамагатары» цяпер просяць 2 тысячы рублёў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская віза ў беларускім пашпарце.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Як сцвярджаюць чытачы belsat.eu, функцыя відэаверыфікацыі на сайце «VFS Global» завісае, калі выбіраеш вольны часовы слот. Калі паспрабаваць зноў, то месцаў на запіс ужо няма. Такім чынам, робяць выснову карыстальнікі, некаму і нейкім чынам усё ж удаецца прайсці гэтую верыфікацыю. У махлярстве падазраюць візавы цэнтр, які, імаверна, нелегальна дае магчымасць запісацца з дапамогаю пасярэднікаў.

«VFS Global» – афіцыйны партнёр амбасады Польшчы ў Беларусі, і «Белсат» накіраваў запыт у польскае МЗС з пытаннямі пра працу візавага цэнтру. Адказу мы пакуль не атрымалі.

Выданне «Devby.io» сёння паведаміла, што кошт паслугаў «памочнікаў», якія абяцаюць запісаць на падачу дакументаў нават з відэаверыфікацыяй, даходзіць да 2 тысячаў рублёў.

У чатах пішуць, што такія «элітныя» пасярэднікі просяць аванс і фота пашпарта, і ўжо на наступны дзень паведамляюць дату, час і месца падачы дакументаў. Праўда, пацверджанняў таго, што людзям сапраўды ўдалося запісацца такім чынам, пакуль няма.

Зрэшты, апошнім часам падаражэлі паслугі і «звычайных» пасярэднікаў, якія раней прасілі 500 рублёў, а цяпер ад 700 да 1050 рублёў. Але з тэрмінамі пэўнасці няма – можна чакаць месяцамі.

Некаторыя дзеляцца досведам самастойнага запісу, на гэта некаторым спатрэбілася амаль чатыры месяцы намаганняў.

Напярэдадні ў чаце прыйшлі да высновы, што апошні раз, калі выкінулі слоты, больш асобаў запісаліся самастойна, чымся з «дапамагатарамі». Такое бывае, калі на сайце абнаўляюць сістэму, і пасярэднікі яшчэ не паспяваюць прыстасавацца да зменаў і знайсці новыя шчыліны.

Агляд
«Шэнгенскі квэст». Як беларусам атрымаць візу ў Еўразвяз?
2024.05.29 15:45

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў