«Ну і што?» – міністр гандлю пра страты прадпрыемстваў ад рэгулявання цэнаў


Міністр гандлю і антыманапольнага рэгулявання Аляксей Багданаў падчас канферэнцыі «Рэспубліканскі клуб дырэктараў», якая прайшла ў Менску 19 студзеня, не ўбачыў праблемы ў стратах прадпрыемстваў ад рэгулявання цэнаў. Пра гэта паведамляе Zerkalo.io.

Міністр гандлю Беларусі Аляксей Багданаў
Міністр гандлю Беларусі Аляксей Багданаў.
Фота: Ont.by

Аляксей Багданаў заявіў, што ўлады не плануюць адмяняць 713-ю пастанову ўрада, якой з канца 2022 года ўвялі жорсткае дзяржрэгуляванне цэнаў, бо іншага інструменту рэгулявання цэнаў «не прыдумалі».

Міністр прызнаў, што пастанова была «складана ўспрынятая» і бізнесам, і дзяржпрадпрыемствамі, але за год яе дзеяння «нічога крытычнага не здарылася».

«Тавары як былі, так і засталіся. Прадпрыемствы працуюць, кампаніі працуюць, навучыліся па-новаму ажыццяўляць сваю дзейнасць. Так, нейкія тавары сышлі з рынку, замясціліся іншымі, але гэта натуральны працэс», – сказаў ён, адзначыўшы, што пастанова не аказала негатыўнага ўплыву на эканоміку.

У сваю чаргу адзін з журналістаў адзначыў, што ў выніку прыняцця пастановы за 11 месяцаў 2023 года чысты прыбытак арганізацыяў у розных сферах зменшыўся на 8,1%. Таксама павялічылася колькасць стратных прадпрыемстваў, пагоршылася рэнтабельнасць і гэтак далей – «усе паказніку ў мінусе». Журналіст таксама папрасіў міністра назваць канкрэтныя крытэры «страшнасці», калі, паводле таго, «нічога крытычнага не здарылася».

«Ну і што?» – спытаў кіраўнік МАРГ, удакладніўшы асобу таго, хто задаваў пытанні, і адкуль узятыя звесткі.

Багданаў сказаў, што ведае гэтыя лічбы і нават больш – «тое, што не публікуецца». І зноў паўтарыў:

«І што?»

У выніку, так і не адказаўшы на пытанне, чыноўнік папрасіў задаваць яму «нармальныя пытанні, канструктыўныя».

Аб’ектыў
Навагодні скачок цэнаў: да чаго рыхтавацца?
2023.12.25 20:48

Адзначым, што рэгуляванне цэнаў не спыніла іх рост. А апошнім часам ён нават паскорыўся. Інфляцыя год да года ў Беларусі ў снежні 2023 года склала 5,8% пасля 5,4% у лістападзе. А ў кастрычніку гэты паказнік быў яшчэ меншым і раўняўся 3,7%.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў