Рух расейцаў на захад. Як выглядае сітуацыя на франтах Украіны?


«Белсат» падводзіць вынікі 859-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 1 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы 110-й асобнай механізаванай брыгады ЗСУ страляюць з рэактыўнай сістэмы залпавага агню РМ-70 «Вампір» па расейскіх войсках каля лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 30 чэрвеня 2024 года.
Фота: Alina Smutko / Reuters / Forum

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскай вобласці працягваюцца баі на двух асноўных участках фронту – на паўднёвых ускрайках сяла Глыбокае і на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў.

Ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што большай ініцыятывай валодаюць Збройныя сілы Украіны, якія намагаюцца адкінуць праціўніка да дзяржаўнай мяжы з РФ. Адзначаецца, што лінія сутыкнення знаходзіцца ў пастаянным руху, але пра істотныя змены гаварыць не даводзіцца.

Іншая прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Два майора» – піша, што баі маюць сустрэчны характар, пры гэтым кожны з бакоў канфлікту пакуль не можа знайсці слабыя месцы ў абароне праціўніка.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім і ліманскім кірунках расейцы цягам содняў атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Пішчанае, Бераставое, Стэпавая Навасёлаўка, Стэльмахаўка, Макееўка, Грэкаўка, Неўскае і Торскае, але прасунуцца не здолелі. Баі працягваюцца, але сітуацыя застаецца кантраляванай для Сілаў абароны краіны.

Між тым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы захапілі Стэпавую Навасёлаўку.

Канал «Два майора» піша, што ў гэты ж час ЗСУ атакуюць на так званым торскім выступе (на левым беразе ракі Жарабец) і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва, паступова займаючы шэрую зону ў лясах.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай вобласці і на паўднёвым захадзе Луганскай)

З поўдня ад ракі Сівэрскі Данец захоўваецца ціск Узброеных сілаў РФ па лініі населеных пунктаў Спірнае, Верхнякаменскае і Выемка.

Прарасейскія крыніцы паведамляюць пра баі за самое Спірнае, што зняпраўджвае ранейшую заяву Мінабароны РФ пра поўны кантроль над ім.

На суседнім краматорскім кірункі наступ расейцаў па-ранейшаму лакалізуецца ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр і ў ягоных ваколіцах. Пегаў сцвярджае, што войскі РФ маюць тактычныя поспехі ў самім населеным пункце, акрамя гэтага яны прасунуліся на паўночным фланзе з боку сяла Калінаўка.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» піша, што ніжэй па фронце УС РФ атакуюць у ваколіцах Клішчыеўка (з поўдня ад гораду Бахмут), але пакуль Збройным сілам удаецца ўтрымліваць пазіцыі.

На тарэцкім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць на ўсходзе ад аднайменнага гораду, а таксама ў ваколіцах прылеглых да яго населеных пунктаў Паўночнае і Паўднёвае.

Прарасейскія крыніцы пішуць, што ў Паўночным ужо ідуць баі, пры гэтым адзначаецца, што войскам РФ удалося незаўважна дабрацца да населенага пункту і зайсці ў тыл ЗСУ, прасунуўшыся  адлегласць больш за тры кіламетры па тунэлі каналу Сівэрскі Данец – Данбас.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць шырокім фронтам з захаду ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

Тут, паводле Генштабу ЗСУ, толькі за апошнія дні сілы абароны краіны адбілі больш за чатыры дзясяткі атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Новааляксандраўка, Ваздвыжанка, Яўгенаўка, Прагрэс, Навасёлаўка Першая і Сокал.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Демон» паведамляе, што на паўночным фланзе расейцы ў першую чаргу па-ранейшаму намагаюцца прабіцца да трасы Пакроўск – Канстанцінаўка, але пакуль Збройным сілам удаецца стрымліваць праціўніка.

Між тым канал «Два майора» фіксуе рух УС РФ каля Новааляксандраўкі, Сокалу і ў Яўгенаўцы.

Іншая прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «НгП раZVедка» – сцвярджае, што ніжэй па фронце войскі РФ выбілі праціўніка з сяла Яснабродаўка, пасля чаго ЗСУ адышлі да ракі Воўча ў ваколіцах Карлаўскага вадасховішча.

На курахаўскім кірунку, паводле Пегава, працягваюцца баі ў Краснагораўцы, акрамя гэтага расейцы ўзнавілі штурмавыя дзеянні каля сёлаў Канстанцінаўка і Парасковіеўка – паўсюль Узброеныя сілы РФ крыху прасунуліся за апошнія содні.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што каля Канстанцінаўкі і Парасковіеўкі ЗСУ ўдалося спыніць праціўніка і адкінуць на ранейшыя пазіцыі. Пры гэтым адзначаецца, што сітуацыя на гэтых участках фронту застаецца складанай для Сілаў абароны праз пастаянны ціск з боку расейцаў.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (поўдзень Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

У Запарожскай вобласці сітуацыя застаецца адносна стабільнай: асноўныя баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе па фронце ў ваколіцах гораду Арэхаў, але пакуль ніводны з бакоў не мода дасягнуць істотных поспехаў.

У Херсонскай вобласці працягваюцца баі за астраўную зону ў рэчышчы Дняпра, але зменаў лініі сутыкнення таксама не фіксуецца.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў