«Еўра» застаўся без чэмпіёна, Італія едзе дадому


У Нямеччыне на фінальным турніры чэмпіянату Еўропы па футболе адбыліся першыя гульні 1/8 фіналу. На падставе іх вынікаў турнір губляе дзейнага чэмпіёна – Італію, якая саступіла Швейцарыі. А вось гаспадары «Еўра» ўпэўнена ідуць далей. Больш – у нашым аглядзе.

Швейцарыя другі раз запар у сваёй гісторыі выходзіць у 1/4 фіналу «Еўра»

Швейцарыя – Італія 2:0

Швейцарыя на гэтым турніры пачала з перамогі над Вугоршчынай, а потым былі дзве нічые з Шатландыяй і гаспадарамі турніру. А вось Італія, якая прыехала на турнір як чэмпіён, гуляла так сабе. Спачатку перамога над Албаніяй, потым параза ад Іспаніі пры адсутнасці гульні ў атацы – і выратаванне на восьмай дададзенай хвіліне ў гульні з Харватыяй. Без гэтага голу Матыя Дзаканні, які зрабіў лік 1:1, Італіі проста не было ў плэй-оф.

На мінулым фінальным турніры «Еўра» Італія і Швейцарыя гулялі ў адной групе, і італьянцы тады проста знішчалі суперніка – 3:0. Тады два галы забіў Мануэль Лёкатэллі і яшчэ гол – Чыра Імобіле. Цяпер абодвух Лючана Спаллецці не ўзяў у каманду, трэнер прывёз на турнір шэсць іншых форвардаў, на ўсіх разам яны забілі адзін гол.

Але вернемся да мінулага «Еўра»: італьянцы тады ўпэўнена дабраліся да фіналу і выгулялі турнір. А Швейцарыя тады выбіла іншага гранда – Францыю, узяўшы верх у серыі пенальці, а ў 1/4 фіналу сваімі пенальці Швейцарыя саступіла Іспаніі. На апошнім топ-турніры, чэмпіянаце свету ў Катары, Швейцарыя выйшла са сваёй групы разам з Бразіліяй, але ў 1/8 фіналу яе чакала катастрофа, яна была знішчаная Партугаліяй – 1:6.

Заўзятары зборнай Швейцарыі падчас гульні Швейцарыі супраць зборнай Італіі, 29 чэрвеня 2024 г.
Фота: www.imagephotoagency.it / imago sport / Forum

Італія ў гульні супраць Швейцарыі выглядала камандаю цалкам бяззубай і без ідэяў – і на стыку таймаў у яе браме апынуліся два галы. Спачатку Рэма Фройлер з італьянскай «Балонні» стрэльнуў у бліжні кут, дарэчы, ён стаў самым узроставым гульцоў Швейцарыі, які забіў гол за зборную, зрабіўшы гэта ва ўзросце 32 гады і 75 дзён. А ў самым пачатку другой паловы гульні адзначыўся Рубэн Варгас з нямецкага клубу «Аўгсбург». Італія так і не змагла нічога прапанаваць суперніку і бязвольна пакідае турнір.

А вось меркаванне нашага эксперта: «За тры гады пасля чэмпіёнства «Скўадра Адзура» перажыла перыяд відавочнай дэградацыі, а таксама істотнага абнаўлення. Справядлівасці дзеля зазначым, што каманда вычарпала сябе яшчэ пры Манчыні. Захаваць ранейшае не ўдалося, як і стварыць адметнае новае. У складзе апенінцаў чэмпіёнскаму роўню адпавядалі цяпер хіба толькі брамнік Джанлюіджы Доннарума ды ў нейкай ступені плэймекер Нікалё Барэлля. І камандзе відавочна бракавала такога «фантазісты», якім быў на мінулым «Еўра» Лёрэнца Інсінне. Лючана Спаллецці выбраў у свой калектыў вельмі шмат сумнеўных фігураў (найбольш яскравы прыклад – нулёвы Эль-Шаараві). Атака была бляклай, як ніколі ў гісторыі. Бэрадзі траўмаваўся перад чэмпіянатам, Бэлёцці чамусьці не ўзялі. А больш асабліва не было каго і выбіраць. Найлепшы з італьянскіх бамбардзіраў апошняга сезону серыі «A» – Скамака – толькі 12-ы. Так што хлопцы Спаллецці пакідаюць турнір зусім бясслаўна», – зазначае публіцыст, аматар футболу Уладзімір Хільмановіч.

Гаспадары ў выніку перамаглі і VAR, і Данію

Нямеччына – Данія 2:0

У 1992 годзе ў фінале «Еўра» ў Швецыі сустрэлася гэтая пара камандаў, тады Данія перамагла 2:0 і стала чэмпіёнам Еўропы. Цяпер немцы ўзялі люстэркавы рэванш.

З першых хвілінаў немцы абрынулі шэраг атак на браму Каспэра Смайгля, пра гэтага брамніка мы ўжо пісалі, але доўгі час супраць іх быў VAR, што адмяніў адзін гол немцаў, і цудоўны гулец Каспэр. Данія адказвала атакай на атаку і магла забіць. А на 35-й хвіліне над Дортмундам пачаўся дождж з навальніцамі і гульня спынілася на дзесяць хвілінаў.

А галоўныя падзеі з гульні развярнуліся ў пачатку другой паловы, калі VAR двойчы выступіў супраць Даніі. Спачатку ён адмяніў гол Ёакіма Андэрсэна, а ў атацы немцаў зафіксаваў у Андэрсэна гульню рукой у штрафной, а форвард «Арсеналу» Гавэрц другі раз на гэтым турніры зрэалізаваў пенальці.

А пераможную кропку ў гульні паставіў Джамаль Мусьяля. Ён забіў на гэтым «Еўра» ўжо тройчы і ў спісе бамбардзіраў дагнаў грузіна Мікаўтадзэ, які пасля ўдалага выступу на «Еўра» змяніў «Мэс» з другога дывізіёну на элітны «Манака».

Данія на гэтым турніры ні разу не выгуляла, але спадабалася заўзятарам сваёй гульнёй.

1/8 фіналу, напярэдадні гульні паміж зборнымі Англіі і ​​Славакіі – Арэна АўфШальке, Гельзенкірхен, Нямеччына, 30 чэрвеня 2024 г.
Фота: John Sibley / Reuters / Forum

Што далей?

Цяпер пойдуць гульні на выбыванне, штодня дзве каманды будуць пакідаць Нямеччыну. Калі асноўны час гульні скончыцца мірам, то будуць дададзеныя два таймы на 15 хвілінаў кожны, а калі яны не дапамогуць высветліць пераможцу – будзе прызначаная серыя пенальці.

Такім чынам, 1/8 фіналу будзе разыграная з 29 чэрвеня да 2 ліпеня. Вось расклад гульняў, час беларускі:

  • 30.06, 19:00 Англія – Славаччына
  • 30.06, 22:00 Іспанія – Грузія
  • 01.07, 19:00 Францыя – Бельгія
  • 01.07, 22:00 Партугалія – Славенія
  • 02.07, 19:00. Румынія – Нідэрланды
  • 02.07, 22:00 Аўстрыя – Турцыя

Нямеччына і Швейцарыя чакаюць сваіх супернікаў на 1/4 фіналу.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў