Двух замежнікаў асудзілі ў Менску за арганізацыю незаконнай міграцыі


Двое замежных грамадзян прыгавораныя судом у Менску за «арганізацыю незаконнай міграцыі» (ч. 2 арт. 371-1 Крымінальнага кодэксу), паведамляе дзяржагенства «Менск-Навіны».

Польска-беларуская мяжа.
Фота: Wyborcza.pl

Адзін з абвінавачаных асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі са штрафам у памеры 500 базавых велічынь (20 000 руб.), другі – на 3,5 года са штрафам 300 б. в. (12.000). Грамадзянства асуджаных не называецца.

«Удзельнікі злачыннай групы распрацавалі механізм незаконнай міграцыі – падзялілі паміж сабой ролі, падбіралі і фарміравалі групы з нелегальных мігрантаў, арганізоўвалі іх незаконны ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Абвінавачаныя падшуквалі ім месца часовага жыхарства, збіралі з іх грошы», – паведаміла памочнік пракурора Першамайскага раёну Менску Юлія Лугаўская.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, абвінавачаныя ўваходзілі ў злачынную групу. Устаноўлена, што за ўзнагароджанне яны садзейнічалі незаконнаму знаходжанню ў Беларусі не менш як 60 іншаземцаў. У далейшым планаваўся іх выезд у краіны Еўразвязу ў парушэнне ўстаноўленага парадку і па-за пунктамі пропуску праз мяжу.

Пракуратура Першамайскага раёну 27 траўня накіравала ў суд справу ў дачыненні да двух замежнікаў, абвінавачаных паводле ч. 2 арт. 3711 КК.

У Беларусі замежнікі, як заяўлялася, сумесна з мясцовым жыхаром шукалі месцы для часовага пражывання мігрантаў і бралі з іх грошы – «плату за пражыванне ў суме не менш за 10 долараў ЗША з чалавека за суткі», паведамлялася, што «замежныя грамадзяне размяшчаліся па 11 адрасах у Менску».

Падкрэслівалася, што ў дачыненні да грамадзяніна Беларусі «следчы вылучыў крымінальную справу ў асобную вытворчасць».

Аналітыка
Асцярожна, межы закрываюцца. А што, калі Польшча ўсё ж зачыніць пераходы на мяжы з Беларуссю?
2024.06.27 10:25

Міграцыйны крызіс на межах Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй трывае амаль тры гады. Ён не прынёс Беларусі нічога акрамя закрыцця памежных пераходаў, але не толькі не спыняецца, а яшчэ больш разгортваецца на адным з напрамкаў.

У Беларусі час ад часу затрымліваюць мігрантаў, але сілавыя органы не перашкаджаюць знаходжанню нелегалаў у памежнай зоне і іх спробам перасячэння мяжы з суседнімі краінамі ЕЗ.

З пачатку чэрвеня 2024 года суседнія краіны ЕЗ спынілі больш за 4 тысячы спробаў незаконнага пранікнення мігрантаў з беларускай тэрыторыі.

З вясны 2024 года Польшча стала фіксаваць рост спробаў нелегальнага пераходу мяжы з боку Беларусі. Так, вясной 2022 года за месяц у Польшчы фіксавалі 1000 – 1700 спробаў на месяц, вясной 2023-га – 2400 – 3000 спробаў на месяц, у красавіку 2024-га – каля 3500, а ў красавіку – пад 5500. Такіх лічбаў не было аж з 2021 года.

Польшча, абараняючыся ад нерэгулярных мігрантаў, якія ідуць з боку Беларусі, увяла буферную зону на мяжы 13 чэрвеня. Яна праходзіць уздоўж 60,67 кіламетра беларуска-польскай мяжы і ідзе ўглыб Польшчы на 0,2–2 км.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў