Арганізатараў культурніцка-відовішчных імпрэзаў ізноў урэгулююць


У Беларусі зноў збіраюцца ўрэгуляваць дзейнасць арганізатараў культурніцка-відовішчных імпрэзаў. Ім даюць месяц на тое, каб падаць дакументы на залучэнне ў спецыяльны рэестр, што дае права займацца арганізацыяй канцэртаў, святаў і шоу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Белсат

Паводле адпаведнай пастановы Савету Міністраў, якая была апублікаваная і ўступіла ў моц 19 верасня, каб трапіць у дзяржаўны рэестр, неабходна асноўным відам дзейнасці мець менавіта арганізацыю культурніцка-відовішчных імпрэзаў.

Стаж працы ў сферы арганізацыі такіх захадаў у арганізатараў, заснавальнікаў, кіраўнікоў і спецыялістаў, якія працуюць у арганізатара, мае быць не меншы за тры гады.

А ўласна імпрэзы маюць адпавядаць такім крытэрам, як эстэтычная каштоўнасць твораў, мастацкая цэласнасць і кампазіцыйная завершанасць, мастацкае афармленне і выканальніцкае майстэрства ўдзельнікаў.

Пацвердзіць стаж для залучэння ў рэестр неабходна шляхам надання копіяў працоўных кніжак, даведак, копіяў дамоваў. Таксама складальнікі пастанаўлення патрабуюць інфармацыю пра імпрэзы (відэа- або аўдыязапісы, сцэнары ды інш.), якія праводзіліся цягам трох папярэдніх гадоў.

Сярод патрабаванняў таксама ёсць выпіска аб правапарушэннях з адзінага дзяржаўнага банку звестак аб правапарушэннях у адносінах да арганізатара (ІП), заснавальнікаў, кіраўнікоў арганізатара (для юрыдычных асобаў).

Пры гэтым дзеянне пастановы датычыць усіх арганізатараў культурніцка-відовішчных імпрэзаў, нават тых, хто ўжо быў залучаны ў рэестр раней. У выпадку ненадання неабходных дакументаў пра пацвярджэнне стажу і падобнага яны будуць выключаныя з рэестру.

Каментар
Сяргей Будкін: Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы – сюррэалістычны твор
2023.09.20 08:52

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў