«Наша СПА ўсё бачыць». Беларусь наўмысна не збівае расейскія ракеты ў сваім небе, упэўнены эксперт


У ноч на 27 красавіка тры ракеты, якімі Расея атакавала Украіну, праляцелі транзітам праз паветраную прастору Беларусі, паведамілі ўкраінскія маніторынгавыя каналы. Звестак пра працу ў той час беларускай СПА няма, таму ўзнікла пытанне: нашыя вайскоўцы не пабачылі гэтыя цэлі або наўмысна іх не чапалі? Эксперт, які паразмаўляў з «Белсатам» на ўмовах ананімнасці, упэўнены: беларусы бачаць у сваім небе ўсё і расейскія ракеты адмыслова не збіваюць.

Навучанне фармаванняў супрацьпаветранай абароны Узброеных сілаў Беларусі. 3 красавіка 2024 года.
Фота: modmilby / Telegram

На мапе, падрыхтаванай на падставе звестак маніторынгавага каналу «monitor», бачна, што тры ракеты прыляцелі з тэрыторыі Расеі ў Чарнігаўскую вобласць і потым транзітам праз Гомельскую вобласць Беларусі накіраваліся далей на захад Украіны. На мапе яны пазначаныя як «балістыка, «Кінжалы» і хуткасныя цэлі».

Праект «monitor» на просьбу «Белсату» удакладніў, што гэта былі гіпергукавыя «Кінжалы», нацэленыя на энергетычныя аб’екты на захадзе Украіны:

«Ракеты пераадолелі невялікі адцінак тэрыторыі Беларусі ў Гомельскай вобласці, дыстанцыя – да 22 кіламетраў. Калі вельмі груба разлічваць час, то кожны з «Кінжалаў» прабыў над тэрыторыяй Беларусі недзе 10,5 секунды».

У справаздачы Паветраных сілаў ЗСУ паведамляецца, што ў ноч на 27 красавіка Расея ўдарыла 34 ракетамі паветранага, наземнага і марскога базавання, 21 была збітая. «Кінжалаў» у пераліку не было, такім чынам, ракеты, што праляцелі над Гомельшчынай, дасягнулі цэляў.

27 красавіка ўкраінская энергетычная кампанія ДТЕК паведаміла, што тады Расея атакавала чатыры іх цеплаэлектрастанцыі, у выніку было істотна пашкоджана абсталяванне. Цэлямі былі аб’екты ў Івана-Франкоўскай і Львоўскай вобласцях (на захадзе краіны, куды і ляцелі ракеты транзітам праз Беларусь), а таксама ў Днепрапятроўскай вобласці.

Hавiны
Украінскія маніторынгавыя каналы заўважылі расейскія ракеты ў беларускім небе
2024.04.28 17:27

Аўтар іншага маніторынгавага каналу, «Український Єнот», пацвердзіў «Белсату», што гэтыя ракеты не былі збітыя, і ўдакладніў цэлі:

«Ракеты прыляцелі ў Стрый (Львоўская вобласць) і Старакасцянтынаў (Хмяльніцкая вобласць). Стрый расейцы актыўна абстрэльваюць апошнія месяцы два, але пераважна крылатымі ракетамі. Старакасцянтынаў абстрэльвалі ўсю восень і зіму. Стрый – вялікі інфраструктурна-прамысловы цэнтр на Львоўшчыне. У Старакасцянтынаве – вялікі вайсковы аэрадром».

Суразмоўца «Белсату» таксама адзначыў, што выкарыстанне агрэсарам паветранай прасторы Беларусі ўскладняе працу ўкраінскай СПА, бо ракеты чакаюць найперш з Расеі:

«У першую чаргу цэлі, вядома ж, чакаюць з тэрыторыі Расеі і намагаюцца прыкрыць галоўныя калідоры, па якіх ракеты заходзяць ва Украіну. Гэтыя маршруты звычайна тыповыя. Радары пакрываюць усю тэрыторыю Украіны, зазіраюць за лінію баявога сутыкнення і дзяржаўную мяжу, але ж зразумела, што галоўныя сілы сканцэнтраваныя на мяжы з Расеяй і на лініі баявога сутыкнення».

Цяперашнія ўлады Беларусі звесткі пра выкарыстанне нашай паветранай прасторы ў расейскім нападзе не каментуюць. Ананімны Telegram-канал, набліжаны да беларускага войска, назваў ілжывай інфармацыю пра ракеты над Гомельшчынай, напісаўшы: «Нашыя крыніцы гэта не пацвярджаюць». Што за крыніцы, невядома.

Траекторыя палёту крылатых і балістычных ракетаў, што атакавалі Украіну ў ноч на 27 красавіка.
Крыніца: textyorgua / Telegram

Беларускі вайсковы аналітык, імя якога не раскрываем з увагі на бяспеку, растлумачыў «Белсату»: Беларусь і Расея ведаюць, што адбываецца ў небе адно ў аднаго, таму для нашых вайскоўцаў ракеты над Гомельшчынай не сталіся сюрпрызам.

«Мы маем адзіную рэгіянальную сістэму СПА з Расеяй. Камандныя пункты, хоць і працуюць аўтаномна, аднак у рэжыме рэальнага часу абменьваюцца інфармацыяй. Таму, вядома, калі быў такі запуск, то пра гэта загадзя паведамілі на беларускія пазіцыі СПА, каб яны не прынялі гэтыя ракеты за варожыя і не пачалі разварочваць сістэму СПА», – кажа эксперт.

Ён падкрэсліў, што калі нават Расея не папярэдзіць пра свае ракеты, беларускія вайскоўцы ўсё адно іх пабачаць:

«Мы маем адну з самых шчыльных сетак супрацьпаветранай абароны, можа, нават у свеце. Існуюць радыёлакацыйныя станцыі дзяжурнага рэжыму, што бесперапынна нясуць дзяжурства. Уся паветраная прастора прыкрытая. І нават калі Расея нейкім чынам не папярэдзіць, усё адно гэтыя цэлі будуць выяўленыя».

Болей за тое, як сцвярджае суразмоўца «Белсату», беларускія вайскоўцы бачаць неба суседніх краінаў, што цяпер запісаныя ў ворагі: Польшчы, Літвы, Латвіі ды Украіны.

«Прылеглую тэрыторыю суседніх дзяржаваў беларускія радыёлакатары праглядваюць на глыбіню, можа, нават некалькіх соцень кіламетраў», – кажа эксперт.

Аналітыка
Тры сцэнары эскалацыі. Як вайна можа прыйсці ў Беларусь?
2024.04.01 08:26

Грамадзянскай авіяцыі такія палёты ракетаў не пагражаюць, упэўнены аналітык:

«Сістэма СПА працуе ў кантаце з дыспетчарскімі станцыямі грамадзянскай авіяцыі. Натуральна, у выпадку запуску баявых ракетаў праз паветраную прастору Беларусі ці Расеі гэты кавалак неба закрываецца для палёту грамадзянскіх суднаў на нейкі час».

Даведка
Цяпер на поўдні Беларусі трывае абмежаванне на палёты ўсіх тыпаў грамадзянскіх суднаў на вышыні да 20 кіламетраў. Яно было ўведзенае ў лютым 2020 года, калі пачалося расейскае ўварванне ва Украіну, і некалькі разоў прадаўжалася. Пакуль абмежаванне дзее да 30 чэрвеня 2024 года.

Суразмоўца «Белсату» пагаджаецца з украінскімі маніторынгавымі праектамі, што расейскія ракеты прабылі ў нашым небе менш за хвіліну:

«”Кінжал” мае хуткасць каля 11 тысячаў кіламетраў за гадзіну. І цяпер не існуе сістэмаў СПА, якія могуць збіць такія ракеты, бо ракета супрацьпаветранай абароны, каб збіць гіпергукавую цэль, мусіць ляцець значна хутчэй за самую цэль».

Зона абмежаванняў на палёты ўсіх тыпаў грамадзянскіх суднаў у Беларусі.
Крыніца: Hajun_BY / Telegram

На пытанне, чаму Беларусь не збівае чужыя ракеты, што пралятаюць над уласным небам, аналітык адказвае так: з пункту гледжання цяперашняга кіраўніцтва краіны гэта абавязак хаўрусніка Расеі.

«Мы хаўруснікі. Калі не бяром непасрэднага ўдзелу ў баявых дзеяннях, то, натуральна, калі Расея будзе ладзіць аперацыю праз нашу паветраную прастору, мы гэтую прастору для іх адкрыем», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Hавiны
Лукашэнка: «Я не адмаўляюся, што мы – «суагрэсары»
2024.04.12 19:03

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў