У Дзень палітвязня купалаўцы зладзяць дабрачынны паказ праекту «Слова з-за кратаў»


У Дзень палітвязня, 21 траўня, тэатральная група «Вольныя купалаўцы» зладзіць у Варшаве дабрачынны паказ праекту «Слова з-за кратаў». Усе сродкі ад продажу квіткоў будуць перададзеныя ініцыятыве «Палітвязынка» для дапамогі дзецям і сем’ям палітвязняў.

Тэатральная група «Вольныя купалаўцы» зладзіць паказ дабрачыннага праекту «Слова з-за кратаў».
Фота: Руслан Серадзюк

«Слова з-за кратаў» складаецца з вершаў, прозы і фрагментаў лістоў, напісаных беларускімі палітвязнямі. Мастацкае аздабленне спектаклю зрабіла Аляксандра Канафальская, рэжысёр – Аляксандр Гарцуеў.

Дабрачынны паказ прымеркаваны да Дня палітвязня, што адзначаецца 21 траўня. У гэты дзень у 2021 годзе ў шклоўскай калоніі загінуў Вітольд Ашурак. З няволі ён пісаў шчымлівыя лісты да сваёй маці, некаторыя з іх увайшлі ў праект «Слова з-за кратаў».

«Набыўшы квіток, вы аўтаматычна ўдзельнічаеце ў важнай справе. «Вольныя купалаўцы» перададуць усе грошы ад продажу квіткоў ініцыятыве «Палітвязынка» на дапамогу дзецям і сваякам палітвязняў.

Самае мінімальнае, што мы можам рабіць для тых, хто цяпер у няволі, для тых, каго пазбаўляюць бацькоўскіх правоў, для тых, хто амаль не мае сувязі са знешнім светам, – гэта гартаваць сваю волю і дзяліцца інфармацыяй пра беларускіх палітвязняў па ўсім свеце, пісаць ім лісты і падтрымліваць іх родных і дзяцей. Ім неабходная нашая ўвага», – адзначае творчы калектыў праекту.

Дабрачынны паказ адбудзецца 21 траўня а 19:00 у Музеі вольнай Беларусі, Варшава, Foksal 11.

Квіткі можна набыць па спасылцы.

Рэпартаж
«Зэкамерон» – турэмны кватэрнік ад купалаўцаў. Прэм’ера праз тыдзень
2024.05.01 14:10

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў