«Баяцца не трэба. Вяртайцеся!» – старшыня Палаты прадстаўнікоў кліча «збеглых» дадому


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка заклікае беларусаў, якія з’ехалі з краіны праз палітычную сітуацыю, вяртацца. На Захадзе дрэнна, а ў Беларусі баяцца няма чаго, сцвярджае ён.

Ігар Сергеенка.
Фота: sb.by

Калі чалавек пераехаў «у сілу неспрактыкаванасці» або «палітычнай няспеласці», ён можа вярнуцца, кажа Ігар Сергеенка.

«Любы чалавек, які хоча вярнуцца ў родныя мясціны, можа вярнуцца! Ён нічога не мусіць баяцца, калі не здзейсніў супрацьпраўных дзеянняў.

Пастановаю прэзідэнта яшчэ пазалетась пад эгідай Генеральнай пракуратуры стварылі камісію ў пытаннях вяртання нашых так званых збеглых. Яна разглядае ўсе звароты, дае канкрэтны адказ. Ведаю, што такія звароты паступалі, і многія задавальнялі», – распавядае чыноўнік.

У пачатку 2024 года генпракурор Андрэй Швед распавёў, што за час працы камісіі, гэта значыць каля года на той момант, у яе звярнуліся 150 разоў і вярнуліся «каля дзесяці чалавек».

«Прычым часцяком людзі спакойна вяртаюцца, нават не звяртаючыся ў гэтую камісію. І вы правільна кажаце: не трэба разглядаць усіх як ворагаў. Ёсць сярод іх і проста аблудныя. Зрэшты, часу з тых часоў прайшло дастаткова. І, думаю, вызначыцца з палітычнай пазіцыяй і сваім далейшым лёсам яны ўжо цалкам маглі.

Многія зразумелі, як няпроста там, на чужыне, сябе знайсці, працаўладкавацца, заняць месца ў жыцці. Некаторыя, я думаю, за кардонам і пакутуюць, і вяртацца баяцца. Такіх, напэўна, сярод “збеглых” ужо большасць. Але баяцца не трэба. Вяртайцеся!», – працягвае Ігар Сергеенка.

Спакойна вяртаюцца ў Беларусь далёка не ўсе. У 2023 годзе вядома пра мінімум 207 асобаў, якіх затрымалі пасля вяртання з-за мяжы. А праваабаронцы папярэджваюць, што звяртацца ў так званую камісію вяртання небяспечна.

«Нагадаем, праваабаронцам вядомыя як мінімум тры выпадкі, калі нягледзячы на “дамоўленасці”, супраць людзей распачынаюць крымінальныя справы пасля вяртання», – піша «Вясна».

Белсат Zoom
Страшны план Лукашэнкі: беларусаў перастануць выпускаць з краіны
2024.06.05 21:09

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў