Расейцы набліжаюцца да трасы Пакроўск - Канстанцінаўка. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 850-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 22 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскай вобласці асноўныя баявыя дзеянні лакалізуюцца на двух участках фронту – побач з сялом Глыбокае (Харкаўскі раён) і на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў (Чугуеўскі раён). Прарасейскія крыніцы пішуць, што ініцыятыва захоўваецца за Збройнымі сіламі Украіны, якія контратакуюць, імкнучыся выціснуць праціўніка з займаных пазіцыяў. Адначасова з гэтым працягваецца назапашванне рэзерваў і пошук слабых месцаў у абароне расейцаў.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» паведамляе, што ў гэты ж час войскі РФ засяродзіліся на нанясенні авіяцыйных удараў па пазіцыях ЗСУ і шляхах падыходу да іх.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў на купянскім і ліманскім кірунках Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Стэпавая Навасёлаўка, Мясажарыўка, Стэльмахаўка, Андрэеўка, Неўскае і Церны. Сітуацыя на гэтых участках фронту застаецца кантраляванай.

У гэты ж час у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхным вайскоўцам удалося палепшыць сваё становішча каля сёлаў Сынькоўка, Петрапаўлаўка, Торскае, Церны і Дзіброва.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На так званым сівэрскім выступе па фронце (у ваколіцах гораду Сівэрск) расейцы ціснуць на пазіцыі ЗСУ побач з сёламі Верхнякаменскае, Спірнае, Выемка і Раздолаўка.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» сцвярджае, што ў апошнім населеным пункце штурмавыя групы УС РФ выбілі праціўніка з апорных пунктаў на ўсходніх ускрайках, а таксама замацаваліся на двух вуліцах сяла.

На краматорскім кірунку войскі РФ наступаюць ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр і на ягоных флангах, паступова выціскаючы ўкраінцаў за канал Сівэрскі Данец – Данбас.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што УС РФ выбілі праціўніка з руінаў заводу «Гідражалезабетон» у мікрараёне Канал, у выніку чаго пад кантролем ЗСУ засталася толькі паўднёва-заходняя частка забудовы, якая ляжыць за каналам (асноўная частка гораду знаходзіцца на захадзе ад воднай перашкоды).

Акрамя гэтага крыніца фіксуе рух расейцаў на поўначы ад гораду – у сяле Калінаўка.

На паўднёвым фланзе ідуць баі па лініі населеных пунктаў Іванаўскае – Клішчыеўка і Курдзюмаўка, але зменаў не фіксуецца.

Цяжкую сітуацыю для ЗСУ на краматорскім кірунку пацвярджаюць і самыя ўкраінскія вайскоўцы.

Працягваецца наступ УС РФ і ў ваколіцах Тарэцку. Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што на ўсходзе ад гораду яны занялі населены пункт Шумы, а таксама прасунуліся ў сяле Паўночнае.

Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» мяркуе, што расейцы дасягнулі поспеху на гэтым кірунку за кошт удару падчас правядзення ратацыі на ўкраінскіх пазіцыях.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку працягваецца рух войскаў РФ на захадзе ад гораду Аўдзееўка.

У Deepstate фіксуюць іхныя прасоўванні ў сяле Сокал.

Прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» сцвярджае, што Узброеныя сілы РФ прабіліся ад сяла Новааляксандраўка да суседняй Ваздвыжанкі і зайшлі на паўднёва-ўсходнія ўскрайкі гэтага населенага пункту.

Адзначаецца, што захоп Ваздвыжанкі дазволіць расейцам выйсці да трасы Т-0504 Пакроўск – Канстанцінаўка, што істотна пагоршыць становішча ЗСУ на ўсім усходнім фронце.

Праўкраінскі «Офіцер» піша, што на поўдні кірунку УС РФ прабіліся да цэнтральнай часткі сяла Карлаўка, дзе цяпер працягваюцца цяжкія баі.

Тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе, што на курахаўскім кірунку Узброеныя сілы РФ расшырылі зону кантролю ў горадзе Краснагораўка.

Ніжэй па фронце працягваюцца баі каля сёлаў Максімільянаўка, Георгіеўка і Канстанцінаўка.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці расейцы цягам содняў зноў атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Вадзяное і Старамаёрскае, але прасунуцца не здолелі.

Адсутнічаюць змены і ў цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці, дзе баі лакалізуюцца на выступе па фронце каля гораду Арэхаў.

У Херсонскай вобласці фіксуюцца сутыкненні на левым беразе Дняпра на ўчастку паміж сёламі Крынкі і Казачыя Лагеры, а таксама ў ваколіцах Антонаўскага моста.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў