Палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк прызначылі новую псіхіятрычную экспертызу


Пра тое, што Паліне Шарэндзе-Панасюк прызначылі чарговую, чацвёртую з ліку псіхіятрычную экспертызу, «Берасцейская Вясна» даведалася ад Андрэя Шарэнды. Тры папярэднія экспертызы паказалі, што псіхічнае здароўе жанчыны ў норме.

Паліна Шарэнда-Панасюк.
Фота: асабісты архіў Паліны Шарэнды-Панасюк

Два разы жанчыну адпраўлялі на экспертызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Гэта было перад ейным першым судом у 2021 годзе, а потым пасля спробы Паліны адмовіцца ад беларускага грамадзянства. Яшчэ адна такая экспертыза праводзілася ў следчым ізалятары. Цяпер актывістку пастанавілі чацвёрты раз адправіць на экспертызу.

Палітзняволеная мусіла выйсці на волю 21 траўня, але за два дні да гэтага яе этапавалі ў СІЗА ў межах новай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК («Зацятае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»).

Раней стала вядома, што ў штрафным ізалятары (ШІЗА) з пачатку года палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк правяла 70 дзён.

У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёну Берасця прыгаварыў жанчыну да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 («Гвалт у дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») КК.

У красавіку 2022 года палітзняволеную прыгаварылі яшчэ да аднаго года зняволення паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га – яшчэ да аднаго году паводле таго ж артыкулу.

На дзень 27 чэрвеня ў Беларусі 1421 палітычны вязень прызнаны праваабарончай супольнасцю. Рэальная колькасць палітзняволеных можа быць большая.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў