Што новага ва ўступнай кампаніі ў беларускія ВНУ і колькі месцаў пакінуць «простым смяротным»


У Беларусі пастаянна мяняюць правілы паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Апошнім часам трэнд на «ручны адбор» на так званую мэтавую падрыхтоўку. «Белсат» глядзіць, што новага прыдумалі, каб абітурыентам не было сумна паступаць, і колькі куды возьмуць вучыцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Галоўны корпус БНТУ падчас Цэнтралізаванага тэставання. Менск, Беларусь. 6 чэрвеня 2024 года.
Фота: Bntu.by

Галоўныя змены – для «мэтавікоў»

Летась мэтавы набор не апраўдаў чаканняў чыноўнікаў, быў недабор. На 2024 год асноўныя змены закранулі якраз яго: дазволілі праводзіць асобны конкурс на мэтавы набор сярод асобных арганізацыяў-замоўнікаў у выпадку адсутнасці агульнага конкурсу, увялі абмежаванне на сярэдні бал атэстату для паступлення на мэтавы набор (мінімум 7) і павялічылі квоты для «мэтавікаў» (разам з тым і колькасць месцаў на «бюджэт»), пашырылі спіс спецыяльнасцяў, куды можна паступаць без экзаменаў.

Для паступлення на мэтавае навучанне абітурыенты, як і раней, здаюць адзін унутраны экзамен у ВНУ для першага профільнага прадмету. Вынік уступнага іспыту падсумоўваецца з сярэднім балам атэстату, такім чынам ладзіцца конкурс. Дамова з арганізацыяй гарантуе месца працы пасля ВНУ, але адпрацоўваць давядзецца доўга – 5 гадоў.

Улады не ўтойваюць, што змены ў сістэме адукацыі ладзяць у палітычных мэтах:

«Важна, каб самыя матываваныя, самыя падрыхтаваныя абітурыенты не толькі з пункту гледжання ведаў, але і актывісты ў грамадскім жыцці маглі рэалізаваць сваё права для атрымання вышэйшай адукацыі ў нашай краіне», – казаў віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка.

«Мэтавікоў» будуць браць на самыя розныя спецыяльнасці. Напрыклад, у БДУ па мэтавым наборы збіраюцца ўзяць 90 чалавек, з іх 30 на праваўнаўства і 19 на мытную справу. А ў магілёўскім Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогіяў месцаў на мэтавы набор вылучылі нават больш – пад сотню (пры тым, што агулам на «бюджэт» там плануюць прыняць толькі 365 чалавек).

Начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Сяргей Пішчоў на семінары пра ўступную кампанію прызнаваў, што паступаюць пытанні аб вялікай колькасці абітурыентаў на мэтавай падрыхтоўцы і тых, хто паступае без экзаменаў, таму на «бюджэт» амаль не застаецца тых, хто паступае на агульных умовах. Чыноўнік доўга ўхіляўся ад адказу на агучанае ім самім пытанне, але ўрэшце назваў лічбы: мінімум 20 % месцаў ад кантрольных лічбаў прыёму па ўсіх спецыяльнасцях (па медычных – не менш за 10 %) застанецца для паступлення на агульных умовах.

У сувязі са зменамі датаў цэнтралізаванага тэставання, цэнтралізаваных экзаменаў і ўступных іспытаў, змяніліся і даты падачы дакументаў: з 27 чэрвеня да 2 ліпеня. Уступныя іспыты для «мэтавікоў» пройдуць з 4 да 10 ліпеня. Залічэнні ў ВНУ – да 12 ліпеня.

Што яшчэ змянілася ў правілах паступлення, «Белсат» разбіраў у красавіку:

Агляд
Больш бюджэтнікаў і расейцаў, змены для мэтавікоў: поўны гайд, каб паступіць у Беларусі
2024.04.18 07:00

Што ў выніку з месцамі ў ВНУ

Колькасць студэнтаў у Беларусі істотна знізілася, амаль на чвэрць за год: з 227 тысяч студэнтаў у 2022 годзе да 171 тысячы ў 2023-м.  Усяго 13 гадоў таму студэнтаў было амаль удвая больш: 445 тысяч на піку ў 2011-м. Імаверна, прычыны гэтага – не толькі ў зніжэнне нараджальнасці, але і ў адтоку моладзі ў замежныя ВНУ, казаў на «Еўрарадыё» эканаміст Леў Львоўскі.

Ды ў галоўным універсітэце краіны, БДУ, сёлета план прыёму на «бюджэт» павялічылі на чвэрць, да 2503 «звычайных» студэнтаў (плюс яшчэ 16, як і летась, выпускнікоў установаў сярэднеспецыяльнай адукацыі па інтэграваных праграмах). Колькасць платнікаў знізілася нязначна: на 60 чалавек да 1499 (і з 15 да 10 па інтэграваных праграмах).

Калі вы думаеце, што Беларусь трапіла ў міжнародную ізаляцыю і перажывае прававы дэфолт, БДУ з вамі не пагодзіцца. Найбольш разрасліся планы прыёму на юрыдычны факультэт (плюс 130 бюджэтных месцаў, але мінус 25 платных) і Факультэт міжнародных адносінаў (+ 50 бюджэтных і + 42 платных).

Але не паўсюль у БДУ колькасць бюджэтных месцаў вырасла. Напрыклад, на Механіка-матэрамычным факультэце БДУ возьмуць на 15 «бюджэтнікаў» менш (за кошт спецыяльнасці «Матэматыка і камп’ютарныя навукі»). Таксама стала менш завочнікаў: летась іх планавалі набраць у БДУ 657, сёлета – толькі 380.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выпускнікі перад Цэнтралізаваным экзаменам пад Юрыдычным факультэтам БДУ. Менск, Беларусь. 27 траўня 2024 года.
Фота: БГУ / Instagram

У БНТУ колькасць бюджэтных месцаў вырасла на ўсяго 8,5 %, да 2555, а для платнікаў стала на 5 месцаў больш. І змены не раўнаважныя: напрыклад, на аўтатрактарным факультэце на дзённае навучанне плюс 45 бюджэтных месцаў і плюс тры платныя, а на энергетычным – мінус 50 на дзённы «бюджэт» і мінус 10 на дзённае платнае.

У БДУІР план набору павялічыўся на дзённую форму навучання: на 106 бюджэтных месцаў (плюс 9,3 %) да 1316 і на 77 платных (плюс 2,1 %) да 2881. Адкрыўся набор на новыя спецыяльнасці, як то «электроннае машынабудаўніцтва», «кіберфізічныя сістэмы» і «лічбавы маркетынг». На завочную поўную скараціўся на траціну, на завочную скарочаную амаль не змяніўся. Упершыню з’явіліся тры месцы на дыстанцыйнай бюджэтнай форме навучання, але дыстанцыйных платных месцаў стала ўдвая менш.

У БДПУ на дзённую бюджэтную форму набраць плануюць на амаль 17 % больш студэнтаў, 1040 чалавек. Істотна павялічваюць набор «бюджэтнікаў» на спецыяльных педагогаў і псіхолагаў. І амаль на 17 % зменшаць колькасць платных месцаў на дзённай форме, да 330. Колькасць завочнікаў вырасце перадусім за кошт набору на завочную скарочаную платную форму на дашкольных і музычных педагогаў.

У МДЛУ на дзённую форму колькасць бюджэтных месцаў вырасла на 3 % да 486, платных – зменшылася на чвэрць да 590. Затое з’явіўся набор на дзённую скарочаную (бюджэтную і платную) і завочную бюджэтную скарочаную формы навучання.

У БДМУ на дзённай форме бюджэтных месцаў стане 975, на 23 % больш (плюс 100 на лячэбным факультэце, плюс 40 стаматолагаў, плюс 30 педыятраў…), а платных – 120 месцаў, на 29 % менш. Завочнікаў як было 30 правізараў на платным, так і застанецца.

Паглядзець усе планы прыёму можна на сайце Abiturient.by або на сайтах універсітэтаў.

Агляд
Як правільна падвышаць нараджальнасць у Беларусі і ці працуюць польскія выплаты «800+»?
2024.03.04 06:15

Дзе пытаць і куды скардзіцца

«Гарачая лінія» па пытаннях выпускной і ўступнай кампаніяў дзейнічае па нумары +375 17 222 43 12, працуе з 9 да 18 з перапынкам з 13 да 14. Універсітэты маюць свае асобныя «гарачыя лініі».

Сваю «гарачую лінію» мае таксама Камітэт дзяржаўнага кантролю, нумар працоўнай групы – +375 17 327 66 80, абласныя кантакты тут. Акрамя таго, сачыць за ўступнай кампаніяй мае дзяржаўная камісія на чале са згаданым вышэй Петрышэнкам.

Hавiны
Цэнтр беларускай салідарнасці бясплатна падрыхтуе дзяцей беларусаў да экзаменаў у Польшчы
2024.05.15 14:06

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў