У Беларусі пяць новых палітзняволеных


Праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ пяцёх беларусаў, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: racyja.com

Да спісу палітвязняў дадаліся прозвішчы Вячаслава Негадзенкі, Аляксандра Іоды, Язэпа Дулебы, Анатоля Валадзько і Аксаны Ляпко.

Такім чынам, на сённяшні дзень у краіне 1409 палітычных зняволеных.

Паводле праваабаронцаў, прысуды ўжо вынесеныя ў дачыненні двух чалавек з гэтага спісу.

Так, Вячаслаў Негадзенка быў абвінавачаны паводле арт. 361-1 КК у арганізацыі або ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання і прысуджаны да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Аляксандр Іода быў абвінавачаны паводле арт. 342, 361-2 КК у арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх ды фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання; ён прысуджаны да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Тры асобы са спісу былі змешчаныя пад варту. Так, Язэп Дулеба абвінавачваецца паводле арт. 361-1 КК у арганізацыі або ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання, Анатоль Валадзько – паводле ч. 1 арт. 290-1 і арт. 361-2 КК у фінансаванні тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам, а Аксана Ляпко – паводле арт. 361-2 КК у фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў