Міжнародная абарона, гуманітарны і працоўны дазвол на жыхарства ў Польшчы: у чым розніца?


Найбольш папулярны шлях легалізацыі беларусаў у Польшчы пасля 2020 года – міжнародная абарона: станам на канец красавіка 2024 года яе атрымалі больш за 10 тысячаў беларусаў. На другім месцы – атрыманне дазволу на жыхарства праз гуманітарную візу (так званы гуманітарны ДНЖ) і працу. Запыталіся ў кіраўніцы аддзелу прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасці Вольгі Дабравольскай, у чым розніца паміж гэтымі відамі легалізацыі.

Гадавіна Слуцкага збройнага чыну
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнікі маршу на Дзень беларускіх герояў трымаюць сцягі і банэры з партрэтамі палітвязняў. Варшава, Польшча.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Міжнародная абарона

Міжнародная абарона ўключае ў сябе статус уцекача і дадатковую абарону. Выбраць самастойна свой статус нельга, зазначае Вольга Дабравольская – кіраўніца аддзелу прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасці, што займаецца прававой дапамогай у сферы міграцыйнага права. Суіскальнік падае заяву на адзіную працэдуру – міжнародную абарону, і шэф Управы ў справе замежнікаў ужо вызначае, прызнаць заяўніка ўцекачом ці надаць дадатковую абарону, а магчыма, адмовіць у абодвух статусах.

Паглядзім на розніцу паміж двума відамі міжнароднай абароны.

Статус уцекача

Каму надаецца?

Асобе, якая ў выніку цалкам абгрунтаваных і індывідуальных асцярогаў можа стаць ахвяраю пераследу прынамсі праз адну з прыкметаў: раса, рэлігія, нацыянальнасць, палітычныя перакананні, прыналежнасць да пэўнай сацыяльнай групы.

«Кожная справа разглядаецца індывідуальна. Часта не так проста вызначыцца, які статус мусіць быць, таму ёсць другая інстанцыя, што разглядае абскарджанне пастановаў – Рада ў справе ўцекачоў, а таксама дзве судовыя інстанцыі», – зазначае Вольга Дабравольская.

Калі казаць пра беларусаў, статус уцекача часцей надаецца тым, хто ўжо даўно ў палітыцы ці грамадзянскім актывізме, прыйшоў у гэтыя сферы яшчэ да 2020 года. Найбольш шанцаў у публічных асобаў, а таксама журналістаў, праваабаронцаў, юрыстаў.

Калі падаеце заяву на міжнародную абарону, трэба звярнуць увагу на тое, да якой уразлівай сацыяльнай групы вы належыце.

«Жанчыны, актывісты ЛГБТК+, напрыклад, былыя сілавікі і інш. Зараз я змагаюся за тое, каб уразлівай сацыяльнай групай быў прызнаны працоўны рух Беларусі не як арганізацыя, а агулам людзі, якія працуюць на фабрыках і заводах, уваходзяць у прафсаюзы, каб ім давалі статус уцекача не толькі праз палітычныя перакананні, а таму, што зазнаюць пераслед як прадстаўнікі гэтай уразлівай групы. У нас, напрыклад, вялікая колькасць справаў са Швецыі, якая не прызнае прафсаюзы сацыяльнай групай і таму не надае міжнародную абарону такім асобам», – распавядае Вольга Дабравольская.

Сацыяльныя групы могуць быць рознымі.

«У маёй калегі была справа жанчыны, якая сарвала балаклаву з амапаўца. Калега старалася давесці, што жанчыны, якія зрывалі балаклавы з сілавікоў, могуць таксама быць уразлівай сацыяльнай групай», – кажа юрыстка.

Каб прэтэндаваць на статус уцекача, важна мець пераслед індывідуальны.

«Гэта значыць, што ўлада пра нас ведае, мы ёй не падабаемся, і яна нас будзе пераследаваць праз гэта», – зазначае экспертка.

Куды падаваць заяву?

Падаць заяву можна ў любую пляцоўку памежнай службы, адна з іх месціцца ва Управе ў справе замежнікаў (Варшава, ul. Tabarowa, 33). Абавязковыя ўмовы – перабыванне на тэрыторыі Польшчы і немагчымасць атрымаць абарону з боку ўладаў краіны паходжання.

Управление по делам иностранцев в Мазовецком воеводстве, Упраўленне па справах замежнікаў Мазавецкага ваяводства
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Управа ў справе замежнікаў Мазавецкага ваяводства. Варшава, Польшча.
Фота: Белсат

Якімі дакументамі рэгулюецца?

Жэнеўскай канвенцыяй аб правах уцекачоў 1951 года і польскім законам аб наданні замежнікам абароны, а таксама еўрапейскім правам, напрыклад, дырэктывай аб агульнай працэдуры надання і пазбаўлення міжнароднай абароны.

Калі могуць пазбавіць статусу ўцекача?

Калі вы добраахвотна звяжыцеся з уладамі Беларусі, напрыклад, папросіце беларускія ведамствы выдаць вам нейкія дакументы, выедзеце на тэрыторыю Беларусі, паўторна прымеце беларускае грамадзянства пасля таго, як вас яго пазбавілі, кажа кіраўніца аддзелу прававой дапамогі ЦБС. Таксама кантакты з беларускай амбасадай могуць прывесці да страты статусу.

Сярод падставаў для пазбаўлення таксама прыняцце грамадзянства трэцяй краіны.

«Напрыклад, калі чалавек атрымаў абарону ў Польшчы, жыве ў Літве і атрымаў літоўскае грамадзянства», – зазначае юрыстка.

Яшчэ адна падстава – калі перастаюць існаваць абставіны, праз якія чалавек атрымаў статус уцекача.

«Напрыклад, у Беларусі адбылася змена ўлады, прайшлі дэмакратычныя выбары, чалавек больш не баіцца пераследу і можа вярнуцца і жыць у Беларусі. Аднак і ў выпадку змяненняў у краіне можна абскарджваць пастанову першай інстанцыі і змагацца за свае правы, калі ўцякач мяркуе, што пагроза для яго яшчэ існуе. Напрыклад, у Беларусі змяняецца палітычная сітуацыя, але прыходзяць улады Расеі. У такім выпадку пагроза застаецца. Сустракаецца меркаванне, што беларус можа бяспечна заставацца ў Расеі, але мы ўвесь час даводзім Управе ў справе замежнікаў, што гэта не так», – кажа Вольга.

Каментар
«Каб людзі мелі пэўнасць». Польшчу папрасілі выдаваць беларусам «замяняльнік пашпарту» на 3 гады
2024.04.24 22:36

Калі чалавек здзейсніў злачынства супраць міру, чалавецтва ці ваеннае злачынства, ці калі высветліцца, што ён схлусіў падчас падачы заяўкі, прадставіў падробленыя дакументы, яго таксама могуць пазбавіць статусу ўцекача.

«Да гэтага можа прывесці супраца з пасярэднікамі, што прапануюць за вялікія грошы падробленыя дакументы. Калі высветліцца хоць і праз 10 гадоў, што такое было і былі прадстаўленыя непраўдзівыя дакументы, чалавека могуць пазбавіць статусу ўцекача».

Статус уцекача дае права на судовую сістэму ў Польшчы. Калі чалавек са статусам уцекача здзяйсняе злачынства, яго будуць судзіць у Польшчы, ён будзе сядзець у польскай турме, але яго не дэпартуюць, як гэта можа быць, калі была нададзеная дадатковая абарона, кажа экспертка.

Калі можна прэтэндаваць на грамадзянства?

Праз 5 гадоў з моманту падачы заявы на міжнародную абарону можна разлічваць на атрыманне дазволу на пастаяннае жыхарства і яшчэ праз два гады – грамадзянства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пашпартны стол, парадак падачы заявы і атрымання польскага пашпарту.
Фота: Daniel Dmitriew / Forum

Якую дапамогу можна атрымаць ад дзяржавы?

Міжнародная абарона прадугледжвае сацыяльную дапамогу як падчас працэдуры, так і пасля атрымання статусу ўцекача ці дадатковай абароны. Падчас працэдуры дапамога фіксаваная, пасля атрымання статусу можа быць рознай у залежнасці ад асабістай сітуацыі чалавека.

Таксама падчас працэдуры і цягам двух месяцаў пасля атрымання пастановы можна карыстацца бясплатнай медычнай дапамогай.

У выпадку станоўчай пастановы наконт абароны можна ўвайсці ў індывідуальную праграму інтэграцыі, у рамках якой чалавек атрымлівае медычнае, фінансавае і інтэграцыйнае падтрыманне.

Ці можна працаваць?

Пасля атрымання статусу ўцекача чалавек можа працаваць і адкрываць ІП у Польшчы, без нейкіх дадатковых дазволаў. Падаўшы заяву на прадстаўленне дазволу перабывання ў Польшчы (часовае, сталае ці ў якасці доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ), замежнік мае права працаваць у Польшчы, калі непасрэдна перад падачай заявы меў доступ да рынку працы, які даюць, напрыклад, карта паляка, гуманітарная віза і інш.

Калі падчас працэдуры атрымання абароны ў чалавека скончыцца гуманітарная віза, ён страціць права працаваць да атрымання станоўчай пастановы.

Калі пры падачы на абарону ў чалавека была, напрыклад, толькі шэнгенская турыстычная віза, ён зможа працаваць толькі пасля атрымання станоўчай пастановы наконт надання абароны. Таксама, калі працэдура  атрымання абароны не скончылася праз нейкія прычыны і не праз віну суіскальніка цягам 6 месяцаў, замежнік можа падаць заяву на выдачу яму шэфам Управы ў справе замежнікаў пасведчання (разам з часовым пасведчаннем асобы замежніка (tymczasowe zaświadczenie tożsamości cudzoziemca), выдадзеным пры падачы прашэння аб абароне),  якое дае доступ да рынку працы.

Больш падрабязна пра працаўладкаванне замежнікаў у Польшчы распавядаецца ў дапаможніку, складзеным Цэнтрам беларускай салідарнасці.

Разбор
Ад міжнароднай абароны да пашпарта пасля нараджэння: як беларусам легалізаваць дзіця ў розных краінах?
2024.02.07 07:18

Дадатковая абарона

Беларусам, якія пераехалі ў Польшчу пасля 2020 года, часцей даюць менавіта дадатковую абарону, зазначае Вольга Дабравольская і прыводзіць статыстыку: з 9 верасня 2020 года да 30 красавіка 2024 года больш за 10 тысячаў беларусаў атрымалі міжнародную абарону. Статус уцекача – 635 асобаў, а дадатковую абарону – 8111 чалавек. 117 адмоваў і 203 справы былі зачыненыя.

«Статус уцекача даюць мала, і гэта, на маё меркаванне, няправільна. Я лічу, што беларусам у большасці павінны даваць статус уцекача, а не дадатковую абарону. Дадатковую абарону Управа ў справе замежнікаў дае, нават калі ёсць індывідуальны пераслед, мы гэтыя пастановы абскарджваем, і ў другой інстанцыі людзі часта атрымліваюць статус уцекача», – кажа юрыстка.

Каму даюць?

Дадатковую абарону даюць, калі замежнік не адпавядае крытэрам надання статусу ўцекача, але ў выпадку вяртання ў сваю краіну можа быць падвергнуты рызыцы вынясення і выканання смяротнага прысуду, катаванням, бесчалавечнаму ці зневажальнаму годнасць стаўленню ці пакаранню, сур’ёзнай персанальнай пагрозе жыццю ці здароўю ў выніку шырокага ўжывання гвалту супраць грамадскага насельніцтва ў сітуацыях міжнароднага ці ўнутранага ўзброенага канфлікту.

Падставай для дадатковай абароны не заўсёды можа быць пераслед з боку ўладаў. Напрыклад, дадатковую абарону атрымліваюць украінцы як ахвяры ваенных дзеянняў. І не заўсёды чалавек, які атрымаў дадатковую ахову, не можа звяртацца да ўладаў сваёй краіны. Грамадзяне Украіны, напрыклад, могуць звяртацца ў амбасаду сваёй краіны, зазначае экспертка.

А вось беларусы – часцей за ўсё не могуць.

«Калі вам нададзеная дадатковая абарона на падставе п. 1 і 2 арт. 15 Закону аб наданні замежнікам абароны на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, гэта значыць, што вяртанне ў краіну паходжання можа падвергнуць вас рэальнай рызыцы прычынення цяжкай шкоды шляхам вынясення прысуду ў выглядзе смяротнага пакарання і прывядзення яго ў выкананне, катаванняў, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання або пакарання, і вы не можаце звязацца з уладамі Беларусі і, такім чынам, звярнуцца ў амбасаду», – падкрэслівае Вольга Дабравольская.

Антываенная дэманстрацыя Варшава
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг ля расейскай амбасады з нагоды другой гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Варшава, Польшча.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Калі могуць пазбавіць дадатковай абароны?

Гэтак жа, як і з уцякацтвам: калі перасталі існаваць абставіны, на падставе якіх абарона была нададзеная, яе могуць пазбавіць, а таксама калі замежнік здзейсніў злачынства.

«Гэта мы бачым у сітуацыях, напрыклад, калі чалавек дапамагае мігрантам пераходзіць мяжу і вязе іх у Нямеччыну. У нас у ЦБС некалькі такіх справаў, калі чалавек быў прызнаны небяспечным для краіны. Ці калі чалавек здзейсніў злачынства на тэрыторыі Польшчы ці за яе межамі, але дзеянні лічацца злачынствам згодна з польскім заканадаўствам».

Злачынства – гэта калі чалавеку пагражае пазбаўленне волі на тэрмін, большы за тры гады, тлумачыць Вольга Дабравольская. Напрыклад, калі абвінавачваюць у падробцы грошай, крадзяжы з узломам, продажы наркотыкаў, кантрабандзе ці прычыненні цяжкай шкоды здароўю. У такіх выпадках чалавека могуць пазбавіць дадатковай аховы, і ў яго не будзе права заставацца ў Польшчы, каб Польшча яго судзіла. Хаця не заўсёды. Часцей будзе проста менш магчымасцяў заставацца ў краіне і мець дадатковую абарону. Аднак у Польшчы прадугледжаныя іншыя формы легалізацыі, напрыклад, перабыванне паводле гуманітарных прычынаў ці талерантнае перабыванне, зазначае юрыстка.

Агулам жа, ануляванне міжнароднай абароны – гэта асобная адміністратыўнае вядзенне, сур’ёзная працэдура, што не адбываецца хутка, кажа наша суразмоўца:

«Калі чалавека пазбаўляюць статусу ўцекача, трэба даказаць, што ў яго не будзе індывідуальнага пераследу. Калі пазбаўляюць дадатковай абароны, дастаткова паказаць, што ў краіне ўжо іншая сітуацыя і чалавек можа даволі бяспечна туды вярнуцца. Гэта было бачна на прыкладзе Чачэніі, калі ў пэўны момант Польшча змеркавала, што там бяспечна і можна вяртацца, і пазбавіла многіх чачэнцаў дадатковай абароны. Таму дадатковай абароны прасцей пазбавіць, бо гэта палітычная пастанова».

Калі можна атрымаць грамадзянства?

Праз пяць гадоў ад моманту падачы заяўкі можна разлічваць на атрыманне сталага дазволу на жыхарства, а праз тры гады – грамадзянства.

Розніца паміж статусам уцекача і дадатковай абаронай падрабязна апісаныя ў падручніку, складзеным ЦБС: «Мае правы пасля атрымання міжнароднай абароны».

Hавiны
Польшча працягнула на паўгода спрошчаны парадак выдачы беларусам «замяняльніка пашпарту»
2023.12.30 15:32

Гуманітарны ДНЖ

Якімі дакументамі рэгулюецца?

Усе віды на жыхарства ў Польшчы рэгулюе Закон аб замежніках.

Гуманітарны ДНЖ не ёсць статусам абароны і не дае абарону, не гарантуе дапамогу ў выпадку рызыкі экстрадыцыі, падкрэслівае Вольга Дабравольская:

«Гэта стандартная легалізацыя, такая, як на падставе навучання ў ВНУ, ці вучобы ў паліцыяльнай школе, ці працы. Гэты ДНЖ ствараўся спецыяльна, каб беларусы, якія маюць такі від на жыхарства, маглі спрошчана легалізавацца і мець магчымасць паехаць у Беларусь».

Хто можа атрымаць?

Атрымаць гуманітарны ДНЖ можа кожны беларус, які мае гуманітарную візу.

Якія дакументы падаваць?

Заяву, фотаздымкі, пашпарт з дзейнай гуманітарнай візай. Не трэба аплочваць гербавыя зборы, карта побыту выдаецца бясплатна, адразу на тры гады, але толькі адзін раз.

Што рабіць пасля сканчэння гуманітарнага ДНЖ?

«Далей чалавек можа падаць заяву на міжнародную абарону ці легалізавацца паводле сваіх мэтаў перабывання ў Польшчы, напрыклад, працы, уз’яднання з сям’ёю, навучання і т. п. Гуманітарны ДНЖ быў спрошчанай магчымасцю легалізацыі для беларусаў у першы перыяд пасля пратэстаў», – кажа Вольга.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі гуляюць па Замкавай плошчы ў Варшаве, Польшча.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Чалавек, які атрымаў гуманітарны ці любы іншы ДНЖ, можа падацца на міжнародную абарону.

«Міжнародная абарона дае магчымасць легалізацыі нават з нелегальнага перабывання. Маючы часовы ці сталы ДНЖ, можна ў любы момант падацца на міжнародную абарону», – зазначае юрыстка.

Калі могуць пазбавіць?

ДНЖ пазбаўляюць, калі чалавек страціў мэту перабывання.

«Напрыклад, чалавек казаў, што ён атрымаў гуманітарную візу праз рызыку пераследу, а насамрэч яе не было. Ці чалавек удзельнічаў у пратэстах, а потым кожны тыдзень ездзіць у Беларусь. Вядома, гуманітарны ДНЖ не забараняе выязджаць у Беларусь, але не можа быць, напрыклад, так, што чалавек жыве ў Беларусі і стала ездзіць у Польшчу «на закупы», – тлумачыць экспертка.

Ці ёсць дапамога ад дзяржавы?

Сацыяльнай дапамогі няма. Аднак пасля атрымання дазволу на жыхарства можна прэтэндаваць на выплаты «800+» на дзяцей.

«Гэтая дапамога выплочваецца толькі ў выпадку ДНЖ з доступам да рынку працы. Былі выпадкі, калі людзі з гуманітарнай візай без дазволу на жыхарства атрымлівалі, але гэта праз лакальнае няведанне чыноўнікамі закону», – кажа юрыстка.

Ці можна працаваць?

Так, гуманітарны ДНЖ дае адкрыты доступ да рынку працы без прывязвання да працадаўцы, але не дазваляе адкрываць ІП.

Працоўны ДНЖ

Хто можа атрымаць?

Атрыманне дазволу на жыхарства ў Польшчы паводле працы – найбольш складаная працэдура з пералічаных вышэй, у якой удзельнічае не толькі замежнік, але і працадаўца, зазначае Вольга Дабравольская. Працадаўца афармляе адпаведны дакумент для замежніка – дадатак нумар 1 (załącznik nr 1), пасля чаго чалавек можа падаваць заяву на атрыманне працоўнага дазволу на жыхарства, што складаецца з непасрэдна дазволу на жыхарства і дазволу на працу.

Калі могуць пазбавіць?

Напрыклад, калі чалавек страціць працу ў канкрэтнага працадаўцы, які прапісаны ў дазволе на працу.

«Калі чалавек страціў працу, ён аўтаматычна губляе мэту перабывання, калі не знойдзе новую працу. Тады, калі праца ёсць, але ў іншага працадаўцы, згодна з польскім заканадаўствам можна замяніць дазвол на працу пасля змянення працадаўцы, – кажа экспертка. – Я лічу такі ДНЖ рабствам ХХІ стагоддзя менавіта праз прывязванне да працадаўцы і тое, што чалавек мае 15 каляндарных дзён, каб паведаміць ваяводзе, што ён страціў працу. Ваявода ж можа ануляваць яму ДНЖ».

Трэба адрозніваць замежнікаў, якія маюць доступ да рынку працы, і замежнікаў, якія не маюць яго. Першай групе – замежнікам з картай паляка, выпускнікам дзённай формы навучання ў польскіх ВНУ – прасцей,  бо не трэба мяняць дазвол на працу, зазначае кіраўніца аддзелу прававой дапамогі ЦБС.

Калі доступу да рынку працы няма, трэба афармляць новы дазвол на працу. Яго робіць працадаўца альбо замежнік падчас працэдуры замены віду на жыхарства.

Працоўны ДНЖ цяпер не самы папулярны ў беларусаў, зазначае юрыстка ЦБС, бо пасля 2020 года шмат хто мае падставы для атрымання міжнароднай абароны.

Калі можна атрымаць грамадзянства?

З пералічанымі вышэй ДНЖ, калі чалавек жыве ў Польшчы 5 гадоў і цягам трох гадоў непасрэдна перад падачай заявы мае рэгулярны, законны і бесперапынны даход на тэрыторыі Польшчы, ён можа падаць заяву на атрыманне дазволу на жыхарства доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі спускаюцца ў метро ў цэнтры Варшавы, Польшча.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Для гэтага трэба будзе здаць экзамен па польскай мове на ўзровень В1, што не патрабуецца, напрыклад, для сталага дазволу на жыхарства, калі чалавек мае міжнародную абарону. Праз тры гады пасля атрымання дазволу на жыхарства доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ можна прэтэндаваць на грамадзянства», – кажа юрыстка.

Яшчэ адзін шлях для атрымання грамадзянства – папрасіць пра гэта прэзідэнта Польшчы. Гэтай магчымасцю можна скарыстацца ў любы момант, маючы любы від на жыхарства, незалежна ад тэрміну перабывання ў Польшчы.

«Часцей за ўсё прэзідэнт дае грамадзянства людзям, якія маюць заслугі перад краінай, у якіх Польшча мае інтарэс. Гэта могуць быць публічныя асобы, палітыкі, навукоўцы, артысты. Пастанова прэзідэнта не падлягае абскарджанню», – зазначае юрыстка.

Якую дапамогу можна атрымаць?

Тое самае, што і ў выпадку гуманітарнага ДНЖ.

На якіх умовах можна працаваць?

Толькі ў рамках, акрэсленых у пастанове.

Дадзены матэрыял не выступае крыніцай права і быў падрыхтаваны на падставе інтэрвʼю. Прыведзеная ў ім інфармацыя адносіцца да стандартных выпадкаў і не ў поўнай меры можа датычыць індывідуальных справаў. Цэнтр беларускай салідарнасці рэкамендуе скарыстацца кансультацыяй юрыста.

Разбор
Карта паляка: што гэта такое, як яе атрымаць і ці бяспечна гэта для беларусаў
2024.05.12 15:04

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў