Расейцы заявілі пра захоп Раздолаўкі пад Сівэрскам. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 856-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 28 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Від на раёны Падол і Абалонь у Кіеве, Украіна. 28 траўня 2024 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На паўночным захадзе ад Харкава Збройныя сілы Украіны выбілі праціўніка з памежнага сяла Сотніцкі Казачок, не даўшы яму замацавацца. Нагадаем, раней на тэрыторыю населенага пункту зайшла дыверсійная група войскаў РФ.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што таксама ў Харкаўскім раёне працягваюцца баі ў ваколіцах сёлаў Глыбокае і Зялёнае, але істотных зменаў па лініі сутыкнення не назіраецца.

У Чугуеўскім раёне баявыя дзеянні лакалізуюцца на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў. У прыватнасці, на захадзе ад гораду ідуць сустрэчныя баі на ўчастку фронту паміж сёламі Старыца – Бугруватка, на ўсходзе – у ваколіцах Ціхага.

У самім Ваўчанску актыўнасць праціўнікаў засяроджаная ў цэнтры гораду, добрая частка якога ўяўляе з сябе так званую шэрую зону.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў на купянскім і ліманскім кірунках Сілы абароны краіны адбілі шматлікія атакі праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Стэпавая Навасёлаўка, Стэльмахаўка, Макееўка, Неўскае і Торскае, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва. Адзначаецца, што сітуацыя застаецца кантраляванай.

«Рыбарь» сцвярджае, што на асобных участках войскі РФ паступова прасоўваюцца.

Іншыя прарасейскі тэлеграм-канал – «Два майора» – піша, што УС РФ праводзяць рэйды каля Неўскага і Макееўкі, ствараючы ўмовы для абыходу з флангаў гэтых населеных пунктаў.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» паведамляе, што ў гэты ж час ніжэй па фронце – на так званым торскім выступе – расейцы амаль цалкам страцілі наступальны патэнцыял.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай вобласці і на паўднёвым захадзе Луганскай)

На поўдзень ад ракі Сівэрскі Данец Узброеныя сілы РФ ціснуць у ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Спірнае, Верхнякаменскае, Раздолаўка, Івана-Дар’еўка і Выемка, імкнучыся ў далейшым выйсці да гораду Сівэрск. Паводле Генштабу ЗСУ, толькі за першую палову дня адбылося прынамсі 19 баявых сутыкненняў.

Тым часам у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы захапілі сяло Раздолаўка (на поўдні ад Сівэрску).

Пры гэтым іншыя прарасейскія крыніцы па стане на раніцу 28 чэрвеня пісалі, што баі за населены пункт працягваюцца.

На краматорскім кірунку асноўныя баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр і ў ягоных ваколіцах. Аналітыкі праекту Deepstate пацвярджаюць частковы кантроль расейцаў над мікрараёнам «Канал», які знаходзіцца на ўсходзе ад каналу Сівэрскі Данец – Данбас.

На тарэцкім кірунку атакі расейцаў ідуць у бок аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці.

Праўкраінскі тэлеграм-канал канал «Говорять Снайпер», спаслаўшыся на мясцовых жыхароў, паведамляе, што адначасова з гэтым войскі РФ назапашваюць жывую сілу і тэхніку ў суседнім горадзе Горлаўка.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На паўночным фланзе пакроўскага кірунку ідуць сустрэчныя баі каля сёлаў Сокал і Навасёлаўка Першая. Пры гэтым «Рыбарь» фіксуе павольны рух расейцаў.

Адначасова з гэтым на поўдні УС РФ паступова прасоўваюцца каля Яснабродаўкі і Карлаўкі.

«Офіцер» пацвярджае поспехі расейцаў у апошнім населеным пункце, пры гэтым адзначаецца высокая інтэнсіўнасць баявых дзеянняў.

На курахаўскім кірунку расейцы наступаюць у Краснагораўцы, а таксама ў ваколіцах сёлаў Георгіеўка, Канстанцінаўка, Парасковіеўка. «Рыбарь» заяўляе пра рух расейцаў з поўдня ад апошняга населенага пункту.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (поўдзень Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

Тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе поспехі войскаў РФ у ваколіцах сяла Загорнае (на паўднёвым захадзе ад гораду Гуляйполе), дзе яны прасунуліся на адлегласць каля аднаго кіламетра.

Далей на захад ідуць сустрэчныя баі на шырокім участку фронту ад сяла Новапакроўка да Несцяранкі (у ваколіцах гораду Арэхаў), але пакуль ніводнаму з бакоў канфлікту не ўдаецца істотна змяніць сітуацыю.

У Херсонскай вобласці фіксуюцца сутычкі на левым беразе Дняпра каля Антонаўскага моста.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў