ЕЗ пашырыў санкцыі супраць Беларусі. Яны датычаць гандлю, паслугаў і грузаперавозаў


Рада ЕЗ ухваліла новыя санкцыі супраць Беларусі за суўдзел цяперашніх уладаў у вайне ва Украіне. Як адзначаецца ў адмысловым паведамленні, гэтыя абмежаванні раней зазнала Расея, таму беларуская дзяржава цяпер не зможа дапамагаць Маскве іх абыходзіць.

Сцяг ЕЗ.
Фота: pexels.com

Ухваленыя Радай ЕЗ санкцыі датычаць гандлю, паслугаў, транспарту і закрыццю шчылінаў, дзякуючы якім Беларусь дапамагае Расеі абыходзіць раней уведзеныя абмежаванні. На Менск распаўсюдзілі рэстрыкцыі, што зазнала Масква.

Гандаль

ЕЗ працягнуў забарону на экспарт у Беларусь тавараў і тэхналогіяў падвойнага прызначэння, а таксама ўхваліў дадатковыя абмежаванні, каб перашкодзіць «умацаванню беларускага прамысловага патэнцыялу».

У «чорны спіс» дадалі тавары і тэхналогіі марскога суднаходства і прадметы раскошы, а таксама тавары і тэхналогіі для нафтаперапрацоўвання і звадкавання прыроднага газа.

З Беларусі забаронена імпартаваць золата, дыяменты, гелій, вугаль і мінеральныя прадукты, улучна сырую нафту.

Паслугі

Рада ЕЗ забараніла надаваць ураду Беларусі, дзяржаўным органам, карпарацыям і агенцтвам шэраг паслугаў:

  • бухгалтарскія і аўдытарскія паслугі, падатковае кансультаванне, паслугі, звязаныя з сувязямі з грамадскасцю;
  • архітэктурныя і інжынерныя паслугі, юрыдычнае кансультаванне, кансультаванне ў IT-галіне;
  • рэкламныя паслугі, даследаванні рынку і грамадскай думкі, тэставанне прадукцыі і тэхнічны кантроль.

Транспарт

Забараняюцца грузаперавозы па тэрыторыі ЕЗ прычэпамі і паўпрычэпамі, зарэгістраванымі ў Беларусі, у незалежнасці ад таго, у якой краіне зарэгістраваны цягач.

Еўрапейскім аператарам, што на 25% і болей належаць беларускай фізічнай або юрыдычнай асобе, нельга будзе перавозіць грузы аўтатранспартам па тэрыторыі ЕЗ, у тым ліку транзітам.

Закрыццё шчылінаў

Еўрапейскія экспарцёры цяпер мусяць фіксаваць у кантрактах забарону на рээкспарт у Беларусь «адчувальных тавараў і тэхналогіяў», агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў.

Праз Беларусь забараняецца транзіт зброі, тавараў і тэхналогіяў падвойнага прызначэння, тавараў і тэхналогіяў, што могуць паспрыяць вайскова-тэхнічнаму ўзмацненню Беларусі або развіццю сектару абароны і бяспекі, тавараў і тэхналогіяў авіяцыйнай або касмічнай прамысловасці.

Агляд
Санкцыі vs Беларусь: эксперты прызналі гнуткасць эканомікі, але ўсё можа абрынуцца ўміг
2024.05.31 11:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў