Палітвязня Цімура Рызапура, у якога ў 2020 годзе стралялі гумовымі кулямі, будуць зноў судзіць


У судзе Ленінскага раёну Магілёву 10 ліпеня распачнецца суд за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» над палітзняволеным Цімурам Рызапурам, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Цімур Рызапур.
Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Цімура затрымалі 30 верасня 2020 года ў Берасці. Да гэтага, увечары 10 жніўня, калі мужчына вяртаўся з працы дадому, яго падстрэлілі гумовымі кулямі пяць разоў: адзін раз – у жывот і чатыры разы – у ягадзіцу. Пазней берасцейца абвінавацілі ва «удзеле ў масавых беспарадках» паводле ч. 2 арт. 293 КК РБ і асудзілі да 4,5 гадоў калоніі.

Тэрмін палітвязень спачатку адбываў у наваполацкай калоніі. Адміністрацыя рэгулярна змяшчала яго ў штрафны ізалятар, а потым перавяла ў ПКТ. Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.

Цяпер стала вядома, што 10 ліпеня ў судзе Ленінскага раёну Магілёву над Цімурам распачнецца суд паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»). Справу будзе разглядаць суддзя Наталля Панасенка.

На волі Цімура чакаюць жонка і трое няпоўнагадовых дзяцей.

Каментар
Праваабаронцы тлумачаць, чаму дысцыплінарныя парушэнні не павінныя выклікаць крымінальную адказнасць
2023.08.13 16:15

Артыкул 411 Крымінальнага кодэксу выкарыстоўваецца ў Беларусі як інструмент ціску на палітвязняў, які дазваляе зрабіць пакаранне літаральна бясконцым. Калі тэрмін зняволення падыходзіць да завяршэння, на вязня заводзяць новую крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі», і так можа паўтарацца штогод.

Палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк, якая павінна была выйсці на свабоду 21 траўня 2024 года, выставілі абвінавачанне ў непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі. Такім чынам жанчыне працягваюць тэрмін пакарання ўжо ў трэці раз.

Паводле арт.411 сёлета судзілі таксама палітвязня Змітра Дашкевіча.

Аб’ектыў
Новыя змены ў крымінальны кодэкс пагоршаць умовы ўтрымання зняволеных
2024.06.27 23:02

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў