«Мяне б згвалтавалі, як Лізу?» На беларуску напалі на веладарожцы ў Варшаве. Што вядома?


У Варшаве трое палякаў напалі на 29-гадовую беларуску Кацярыну. Інцыдэнт здарыўся каля дзевяці гадзін вечара 23 чэрвеня недалёка ад Гданьскага ўзбярэжжа, піша Wyborcza.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Варшава, Польшча. 29 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Дзяўчына нарадзілася ў Беларусі і 12 год жыве ў Варшаве. У мінулую нядзелю яна ехала па веладарожцы з Непарэнта, паднімаючыся на круты ўчастак.

«Здалёку я бачу, што на вяршыні стаяць тры чалавекі – дзве жанчыны і мужчына. Я пад’язджаю бліжэй, але яны не адыходзяць, а займаюць усю шырыню дарогі», – распавяла Каця.

Каці прыйшлося злезці з ровара і праціснуцца паміж імі. Перад гэтым яна папрасіла іх пасунуцца і пачула ў адказ: «А што, ты такая тоўстая?». Сеўшы назад на ровар, дзяўчына павярнулася і паказала ім сярэдні палец. Мужчына ўскочыў на свой веласіпед, хацеў дагнаць беларуску. Тая адразу спынілася, думаючы, што ёй удасца растлумачыць прычыну жэсту, але мужчына пачаў крычаць, а Каця, баючыся за сваю бяспеку, стала здымаць яго на тэлефон.

«Ён крычаў, каб я сабе ў п***у засунула гэты тэлефон, – распавядае дзяўчына. – Увесь час я сядзела на ровары. Да мяне падбегла адна з жанчын і пачала выкручваць мне рукі, вырывала тэлефон. Мужчына схапіў мяне ззаду і пачаў душыць, паваліў мяне на зямлю».

Дзяўчына клікала на дапамогу – побач з дарогай праехала мноства машын, але ніхто не адрэагаваў. У выніку, адзін з кіроўцаў спыніўся – жанчына, якая напала, выкінула тэлефон у кусты, агрэсіўная кампанія ўцякла.

Каці ў выніку дапамаглі людзі, якія выйшлі з машыны. Быў выкліканы паліцэйскі патруль. Беларуска паехала дадому, а ўвечары пайшла ў аддзяленне паліцыі. На наступны дзень звярнулася ў аддзяленне неадкладнай дапамогі больніцы. Па словах дзяўчыны, у яе лёгкая траўма пазваночніка. Тры дні яна баялася выходзіць з дому.

У паліцыі пацвердзілі атрыманне заявы ад дзяўчыны, паведамілі, што сабраныя па справе матэрыялы вывучаюцца экспертамі.

«Я таксама задавалася пытаннем, чаму ніхто не спыніўся, чаму тузін кіроўцаў машын адвярнуўся, чаму ніхто не дапамог мне. Мяне б згвалтавалі, як Лізу?», – задаецца пытаннем дзяўчына.

Нагадаем, на беларуску Лізу быў учынены напад у цэнтры Варшавы ў ноч на 25 лютага. Увечары 24 лютага Ліза адпачывала з сяброўкай, позна ўначы вярталася пешшу дадому. Але да хаты не дайшла – на яе напаў мужчына, жорстка згвалтаваў і душыў. Знайшлі дзяўчыну аголенай без прытомнасці на лесвіцы ў двары.

Праз некалькі гадзін пасля інцыдэнту быў затрыманы жыхар Варшавы, 23-гадовы Дорыян С. Некалькі дзён лекары змагаліся за жыццё пацярпелай, аднак 1 сакавіка стала вядома пра смерць Лізаветы. 6 сакавіка ў Варшаве прайшоў марш памяці Лізаветы.

Рэпартаж
Слёзы, крык і цішыня. Прайшоў марш у памяць загінулай пасля нападу ў Варшаве беларускі
2024.03.06 23:28

Смерць Лізаветы выклікала ў Польшчы дыскусію на тэму ўвядзення больш жорсткага пакарання для вінаватых у сексуальных злачынствах. Намесніца міністра юстыцыі Мар’я Эйхарт заявіла, што змены ў заканадаўстве неабходныя.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў