Начальнік Генштабу пра выкарыстанне ядравай зброі: «Можаце не сумнявацца, мы гэта зробім»


Начальнік Генеральнага штаба, першы намеснік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка выказаўся ў інтэрв’ю АНТ пра пагрозу вайны з NATO і пра міграцыйны крызіс на мяжы з Еўразвязам.

Начальнік Генеральнага штаба Павел Муравейка. Менск, Беларусь.
Фота: mil.by

Начальнік Генеральнага штаба Павел Муравейка заявіў, што цяпер ля межаў з Беларуссю знаходзяцца 10 батальённа-тактычных групаў войскаў краінаў NATO агульнай колькасцю ў больш чым 20 тысяч вайскоўцаў.

«На ўсе імаверныя і неймаверныя правакацыі ў нас сёння напрацаваныя варыянты дзеянняў. Перш, чым пачнуць гаварыць гарматы, звычайна гавораць дыпламаты. Скажу гэтак: нягледзячы на ​​заяўленае згортванне пытанняў супрацы і кантактаў, яны ўсё ж па лініі вайскоўцаў існуюць», – зазначыў ён.

Паводле Муравейкі, разумны сэнс тут дамінуе: «Мы ўмеем ваяваць і ведаем, як гэта рабіць. Але наша галоўная задача – не дапусціць працэсаў, каб гэтыя веды выкарыстоўваліся на практыцы».

Таксама кіраўнік Генштабу зазначыў важнасць вайсковай супрацы з Расеяй у межах Саюзнай дзяржавы і АДКБ.

«Адзін з апошніх аргументаў і тэзісаў, які выступае ў якасці стрымліваючага фактара, – гэта вяртанне на тэрыторыю нашай краіны нестратэгічнай ядравай зброі. Гэта стрымліваючы фактар. Мы навучыліся абыходзіцца з гэтай зброяй. Мы ўмеем упэўнена яго выкарыстоўваць. Мы здольныя гэта рабіць і, можаце не сумнявацца, мы гэта зробім, калі суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны будзе створана пагроза», – заявіў Муравейка.

Аналітыка
Новы віток ядравага шантажу: што стаіць за пагрозамі Масквы?
2024.06.13 09:00

На просьбу пракаментаваць абвінавачванні польскага боку ў арганізацыі міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю, Муравейка заявіў:

«Усе абвінавачанні, якія польскае кіраўніцтва ўкідвае супраць Рэспублікі Беларусь, – гэта нішто іншае як адлюстраванне тых дзеянняў, якія яны рабілі самі. Гэты крызіс справакаваны Польшчай, гэты крызіс ініцыяваны Польшчай».

Hавiны
Аляксандр Вальфовіч: мігранты ідуць – іх не спыніш
2024.06.24 00:52

Насамрэч арганізатарам міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і Еўразвязу зʼяўляецца рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Адпраўным пунктам крызісу стаўся скандал з пасадкаю самалёта «Ryanair» у траўні 2021 году, які пацягнуў за сабою маштабныя абмежавальныя захады з боку ЕЗ і ў тым ліку ўвядзенне сектаральных санкцыяў. У гэтай сітуацыі рэжым Лукашэнкі даў зразумець, што разглядае міграцыйнае пытанне ў якасці механізму шантажу Еўразвязу і помсты за санкцыі. Спачатку галоўным кірункам мігранцкіх плыняў была Літва, потым – Польшча.

Найбольш вострая фаза крызісу прыпала на восень 2021 году, потым напружанасць на мяжы пайшла на спад. Аднак з вясны 2024 года Польшча зноў пачала фіксаваць рост спробаў нелегальнага мінання мяжы з боку Беларусі. Пры гэтым расла не толькі колькасць мігрантаў, але і іхная агрэсіўнасць. У траўні і пачатку чэрвеня паведамлялася пра шэраг выпадкаў, калі польскія жаўнеры атрымлівалі сурёзныя раненні ў выніку нападу мігрантаў. 28 траўня сталася вядома, што мігрант, які спрабаваў нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу, ударыў нажом на польскага жаўнера. Раненне аказалася смяротным: 6 чэрвеня 21-гадовы Матэўш Сітэк памёр у шпіталі.

Hавiны
Польшча разглядае магчымасць закрыцця ўсіх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю
2024.06.23 00:41

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў