«BYPOL»: Мігрантаў для пераходу мяжы інструктуе ахоўнік «ГардСэрвісу», створанага Шэйманам


Адным з інструктараў, якія навучаюць мігрантаў незаконна праходзіць беларуска-польскую мяжу, ёсць 60-гадовы падпалкоўнік Анатоль Аўсянік. Пра гэта паведамляе аб’яднанне сілавікоў «BYPOL».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты бачныя за мурам, пабудаваным Польшчай на мяжы з Беларуссю ў Белавежскай пушчы, Польшча. 29 траўня 2024 года.
Фота: Czarek Sokolowski / AP Photo / East News

Анатоль Аўсянік раней служыў у Асобнай службе спецыяльных мерапрыемстваў (АСАМ) Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі. Цяпер жа ён, нягледзячы на выхад на пенсію, працуе ахоўнікам у прыватнай ахоўнай кампаніі «ГардСэрвіс», створанай набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі Віктарам Шэйманам.

«Такім чынам, мы атрымліваем яшчэ адзін доказ таго, што міграцыйны крызіс створаны і кантралюецца менавіта рэжымам Лукашэнкі», – заявілі ў «BYPOL».

Тым часам 28–30 чэрвеня польскія памежнікі зафіксавалі больш за 160 спробаў нелегальна мінуць беларуска-польскую мяжу. Некаторыя мігранты кідалі ў польскія патрулі камяні. За дапамогу ў нелегальнай міграцыі затрымалі пяцёх чалавек.

Пра дзейнасць «ГардСэрвісу» вядома няшмат, яго стваральнікам называюць Шэймана. У 2023 года аб’яднанне «BELPOL» выпусціла расследаванне пра тое, што «ГардСэрвіс» мае арсенал зброі і пры гэтым ахоўвае толькі дзвюх асобаў: Шэймана і набліжанага да ўладаў Беларусі бізнесоўца Аляксея Алексіна. Фірма зарабляе грошы праз сумнеўныя схемы перапродажу нерухомасці, бясплатна атрыманай ад дзяржавы. У сакавіку 2024-га сталася вядома, што «ГардСэрвіс» узначаліў Юрый Альшэўскі. Ён ужо 20 гадоў ёсць целаахоўнікам Лукашэнкі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў