У памежных з Украінай раёнах зʼявяцца блокпасты, пачнуць правяраць дакументы і аўто


У Гомельскай і Берасцейскай абласцях у рамках раптоўнай правярання боегатовасці Узброеных сілаў Беларусі вайскоўцы будуць ствараць блокпасты, ажыццяўляць праверку машын і дакументаў. Пра гэта паведамляе Гомельскі абласны выканаўчы камітэт.

Беларускі вайсковец падчас правярання боегатовасці, чэрвень 2024 г.
Фота: modmilby / Telegram

Мясцовыя ўлады зазначаюць, што цяпер вайскоўцы Сілаў спецыяльных аперацыяў сумесна з ракетнымі войскамі і артылерыяй адпрацоўваюць узмацненне ўчасткаў дзяржаўнай мяжы «на магчымых напрамках незаконнага пранікнення ўзброеных груп баевікоў, перакрыцця каналаў дастаўкі зброі, боепрыпасаў і іншых сродкаў, а таксама выконваюць шэраг іншых задач».

«Падчас адпрацоўкі падраздзяленні могуць выконваць задачы на ​​розных участках мясцовасці, а таксама арганізоўваць блокпасты, ажыццяўляць праверку машын і дакументаў.

Просім насельніцтва ставіцца да такіх праверак з разуменнем – гэта робіцца ў мэтах нашай з вамі бяспекі», – кажуць у Гомельскім аблвыканкаме.

Hавiны
«Спробы ўцягнуць нашую краіну ў вайну». Мінабароны Беларусі заяўляе пра сцягванне Украінай войскаў да мяжы
2024.06.29 20:14

Нагадаем, Мінабароны 21 чэрвеня абвесціла раптоўнае правяранне баявой гатовасці Узброеных сілаў Беларусі, якая мае адбыцца на тэрыторыі Берасцейшчыны і Гомельшчыны. Да вучэнняў прыцягнуты вайсковыя падраздзяленні аператыўных камандаванняў, сілаў спецыяльных аперацыяў (ССА), ракетных войск, артылерыі, вайскова-паветраных сілаў і супрацьпаветранай абароны.

Раптоўнае правяранне беларускай арміі было абвешчана на наступны дзень пасля таго, як Дзяржаўны памежны камітэт заявіў пра павелічэнне ўкраінскага вайсковага кантынгенту на мяжы з Беларуссю ў Жытомірскай вобласці і пра недапушчальнасць правакацыяў.

28 чэрвеня Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў пра знаходжанне «Рускага добраахвотніцкага корпусу» у паласе адказнасці Жытомірскага памежнага атраду, а таксама пра разведвальныя палёты ўкраінскіх беспілотнікаў уздоўж мяжы з Беларуссю і знойдзеныя сховішчы з кампанентамі для вырабу самаробных выбуховых прыладаў.

Начальнік Генштабу Узброеных сілаў Беларусі, першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка 29 чэрвеня заявіў, што каля мяжы з украінскага боку былі заўважаныя падраздзяленні спецназу.

У Сілах спецыяльных аперацыяў таксама заявілі пра нарастанне напружанасці на мяжы і «праходы для ДРГ».

Аналітыка
Руціна, імітацыя ці пагроза? Што трэба ведаць пра чарговае правяранне боегатовасці
2024.06.21 19:37

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў