Беларускія дэпутаты «дужа абурыліся» праз няўдзел у сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ


У адмысловай заяве Палаты прадстаўнікоў адзначаецца, што Румынія, якая прымае ў сябе сесію Парламенцкай асамблеі АБСЕ, адмовіла беларускай дэлегацыі ў візах. «Гэта прыклад адкрытай прадузятасці і дыскрымінацыі», – упэўненыя дэпутаты.

АБСЕ
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mikhail Evstafiev / OSCE / osce.org

«Беларускія парламентарыі дужа абураныя тым, што румынскія ўлады наўмысна сарвалі ўдзел дэлегацыі Нацыянальнага сходу ў 31-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ ў Бухарэсце адмоваю ва ўездзе на тэрыторыю Румыніі. Гэтая пастанова прынятая насуперак усім базавым абавязанням і прынцыпам АБСЕ», – адзначаецца ў заяве, апублікаванай у Telegram-канале Палаты прадстаўнікоў.

Няўдзел беларускай дэлегацыі ў сесіі Парламенцкай асамблеі названы «прыкладам адкрытай перадузятасці і дыскрымінацыі».

«Падыходы, што пазбаўляюць паўнапраўных чальцоў магчымасці рэпрэзентаваць свае нацыянальныя пазіцыі, падрываюць міжнародны аўтарытэт і асновы самой арганізацыі», – упэўненыя ў Менску.

Як вынікае з заявы, Беларусь загадзя адмовілася прызнаваць пастановы, што будуць ухваленыя Парламенцкай асамблеяй у дачыненні цяперашніх уладаў.

«Беларусь, як і раней, цалкам падтрымоўвае намаганні, накіраваныя на захаванне дыялогу паміж дзяржавамі – чальцамі АБСЕ і выпрацоўванне палітычных пастановаў з мэтаю ўмацоўвання нашай агульнай бяспекі», – запэўнілі дэпутаты.

Абноўлена
Беларусь пастанавіла не запрашаць на выбары назіральнікаў ад АБСЕ
2024.01.08 15:40

15 чэрвеня румынскія медыі распаўсюдзілі заяву прадстаўніка МЗС Раду Філіпа, які паведаміў, што Бухарэст не пусціць дэлегацыі з Беларусі і Расеі ў краіну для ўдзелу ў сесіі ПА АБСЕ.

«Пастанова румынскага боку палягае на вядомай і паслядоўнай пазіцыі Румыніі ў дачыненні Расейскай Федэрацыі ў кантэксце агрэсіўнай вайны супраць Украіны. Акрамя таго, некаторыя чальцы расейскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ знаходзяцца пад санкцыямі ЕЗ. Гэтая пастанова таксама накіраваная супраць Беларусі, якая з’яўляецца прыхільнікам вайны, развязанай Расейскай Федэрацыі», – сказаў тады дыпламат.

31-я сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ адбудзецца ў Бухарэсце з 29 чэрвеня па 3 ліпеня. Ужо падрыхтаваныя праекты трох рэзалюцыяў, што маюць быць ухваленыя, у двух з іх згадваецца нашая краіна.

У дакуменце, падрыхтаваным камітэтам у палітычных пытаннях і бяспецы, «рашуча асуджаецца» напад Расеі на Украіну «пры ганебным падтрыманні з боку Беларусі».

«Парламенцкая асамблея АБСЕ настойліва заклікае Расейскую Федэрацыю ўстрымацца ад якіх-кольвек новых незаконных пагрозаў сілай або ўжывання сілы ў дачыненні Украіны і ўсіх іншых суверэнных дзяржаваў, у тым ліку тых, дзе маецца расейскае насельніцтва ці меншасць, і патрабуе спынення падтрымання расейскай агрэсіўнай вайны з боку Беларусі», – напісана ў праекце.

Аб’ектыў
Лукашэнку раскрытыкавалі ў АБСЕ
2023.11.30 20:49

У праекце іншай рэзалюцыі ад камітэту ў дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях «рашуча асуджаюцца пастаянныя рэпрэсіі супраць палітычных дысідэнтаў і антываенных актывістаў у Беларусі і Расейскай Федэрацыі».

Акрамя таго, у дакладзе гэтага камітэту, што падрыхтаваў бельгійскі дэпутат Малік Бэн Ашур, адзначаецца:

«У Расейскай Федэрацыі і Беларусі працягваецца задушэнне свабодных і незалежных медыяў, што прывяло да амаль поўнага ўрадавага кантролю над медыямі і інфармацыйнай прастораю ў абедзвюх краінах, бо шматлікія рэдакцыі былі вымушаныя цалкам спыніць дзейнасць».

Аўтар таксама звярнуў увагу на пераслед праваабаронцаў і на тое, што «права сходаў больш не дзее, а апазіцыйныя групы і антываенныя актывісты натыкаюцца на жорсткае супрацьдзеянне з боку паліцыі».

Аналітыка
«Лукашэнка ператварае Беларусь у сметнік». Што значыць мяккая анексія, пра якую кажа АБСЕ
2023.07.06 21:58

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў