«Спробы ўцягнуць нашую краіну ў вайну». Мінабароны Беларусі заяўляе пра сцягванне Украінай войскаў да мяжы


Начальнік Генштабу Узброеных сілаў Беларусі, першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка 29 чэрвеня заявіў, што каля мяжы з украінскага боку былі заўважаныя падраздзяленні спецназу. Ваенны чыноўнік апасаецца, што могуць быць «пранікненні на тэрыторыю нашай краіны дыверсійна-разведвальных групаў» і правакацыі.

Правяранне баявой гатовасці Узброеных сілаў Беларусі на мяжы.
Фота: modmilby / Telegram

Абстаноўка на беларуска-ўкраінскай мяжы цяпер даволі складаная і штодня змяняецца не ў лепшы бок, лічыць Муравейка. Паводле яго, у апошнія тыдні назіраецца «нічым не абгрунтаваная і незразумелая актыўнасць каля нашых межаў з боку Украіны».

«У населены пункт Оўруч на Ровенска-Жытомірскім кірунку прыбылі падраздзяленні спецыяльнага прызначэння 1-й прэзідэнцкай брыгады. Спецназ каля дзяржаўнай мяжы заўсёды насцярожвае. І гэта тыя аб’екты, якія фармуюць рэальныя выклікі, якія здольныя насыціць нашую тэрыторыю дыверсійна-разведвальнымі групамі, здольныя праводзіць правакацыі», – заявіў генерал-маёр.

Акрамя спецназу, на мяжы таксама былі заўважаны перасоўванні войскаў і зафіксаваныя перыядычныя палёты беспілотнікаў тыпу «Байрактар», якія парушаюць дзяржаўную мяжу, сцвярджае першы намеснік міністра абароны.

«Мы бачым, што адбываецца мінаванне і нарошчванне інжынерных агароджаў. Мы вымушаныя перамяшчаць туды нашыя падраздзяленні, уступаць ва ўзаемадзеянне з органамі памежнай службы, нарошчваць асобныя накірункі і рыхтавацца да прыкрыцця, а таксама рухаць туды артылерыю дзеля таго, каб своечасова быць здольнымі адрэагаваць», – кажа Муравейка.

Надоечы Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заяўляў пра знаходжанне «Рускага добраахвотніцкага корпусу» у паласе адказнасці Жытомірскага памежнага атраду, а таксама пра разведвальныя палёты ўкраінскіх беспілотнікаў уздоўж мяжы з Беларуссю і знойдзеныя сховішчы з кампанентамі для вырабу самаробных выбуховых прыладаў.

Агляд
Сітуацыя ва Украіне: расейцы павялічылі актыўнасць на паўночным усходзе
2024.06.27 20:11

Таксама Сілы спецыяльных аперацыяў УС Беларусі заявілі пра нарастанне напружанасці на мяжы і «праходы для ДРГ».

«У нас маецца інфармацыя, што Украіна сцягвае да нашых межаў войскі, узбраенне, ваенную тэхніку. У прыватнасці, у Жытомірскай вобласці размешчаныя амерыканскія баявыя машыны пяхоты, рэактыўныя сістэмы залпавага агню, цяжкая дальнабойная артылерыя і іншая тэхніка», – кажа намеснік камандзіра ССА па ідэалагічнай працы Вадзім Лукашэвіч.

Паводле ягоных словаў, Украіна арганізавала «у шэрагу мінна-выбуховых агароджаў» праходы для ДРГ, каб у далейшым праз іх «была магчымасць пранікнуць на нашую тэрыторыю дыверсійна-разведвальным групам праціўніка, рэйдавым атрадам, каб на нашай беларускай зямлі правесці дыверсіі, тэрарыстычныя акты».

Лукашэвіч таксама сцвярджае, што ЗСУ разгарнулі каля беларускай мяжы сістэмы назірання радыёэлектроннай выведкі.

«Кааліцыяй заходніх краінаў развязаны гарачы канфлікт каля нашай тэрыторыі. З іхнага боку прадпрымаюцца спробы ўцягнуць нашую краіну ў вайну», – кажа ідэолаг.

Начальнік зенітных ракетных войскаў камандавання паветраных сілаў і войскаў СПА Андрэй Севярынчык распавёў, што ў Беларусі дадаткова выведзеныя сілы і сродкі СПА «для прыкрыцця паўднёвых межаў, а таксама крытычна важных аб’ектаў», што звязана, па ягоных словах, з «рэзкім павелічэннем» колькасці беспілотнікаў у памежжы. Таксама ў Міністэрстве абароны Беларусі заявілі, што на баявое дзяжурства на мяжы вывелі сістэму «Паланэз» з поўным боекамплектам.

28 чэрвеня спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка адказаў на абвінавачанні з боку беларускіх памежнікаў на адрас Украіны:

«Прыемна, зразумела, што яны не забываюць пра нашу дзяржаву, але хай не пераймаюцца, Украіна ім не пагражае, наадварот, мы вымушаныя абараняцца, у тым ліку і на беларускім кірунку, бо Беларусь працягвае падтрымліваць тэрарыстаў і ў свой час адкрыла мяжу для расейскіх акупантаў».

Паводле Дземчанкі, у стылі Беларусі гаварыць то пра зброю і сродкі тэрору з Украіны, то пра правакацыі, на якія будуць жорстка рэагаваць, і г.д.

«Але, нягледзячы на ўсё гэта, пакуль Беларусь застаецца ў арбіце ўплыву краіны-тэрарыста, Украіна будзе нарошчваць сваю абароназдольнасць, каб даць адпор усім, хто ідзе да нас з Беларусі з вайной», – падкрэсліў спікер украінскай памежнай службы.

Hавiны
Пяць зняволеных у Беларусі ўкраінцаў вярнулі дадому – Уладзімір Зяленскі
2024.06.29 00:44

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў