Заявы расейцаў пра занятыя сёлы. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 857-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 29 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы побач з горадам Тарэцк, Данецкая вобласць, 25 чэрвеня 2024 году.
Фота: Roman Pilipey / AFP / East News

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскай вобласці ініцыятыва захоўваецца за Збройнымі сіламі Украіны, якія намагаюцца адкінуць праціўніка на поўнач да дзяржаўнай мяжы. Па-ранейшаму тут асноўныя баявыя дзеянні лакалізуюцца на двух участках фронту – каля сяла Глыбокае і на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна). Каля Ваўчанску расейцы намагаюцца знішчаць пераправы цераз раку Воўча, каб запаволіць перакіданне рэзерваў ЗСУ на правы бераг. Істотных зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім і ліманскім кірунках цягам апошніх содняў войскі РФ атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Стэльмахаўка, Неўскае і Торскае, але прасунуцца не здолелі. Баі працягваюцца, але сітуацыя застаецца кантраляванай.

Тым часам прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што на купянскім кірунку войскі РФ прасунуліся да адміністратыўных межаў сяла Мясажарыўка.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што таксама расейцы маюць поспех каля Неўскага на ліманскім кірунку.

Яшчэ адзін прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што Узброеныя сілы РФ ціснуць па ўсім кірунку ад Макееўкі да Торскага, імкнучыся знясіліць праціўніка.

Між тым праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» паведамляе, што на так званым торскім выступе ўжо ЗСУ маюць поспехі каля сяла Церны.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай вобласці і на паўднёвым захадзе Луганскай)

З поўдня ад ракі Сівэрскі Данец, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы атакуюць у ваколіцах населеных пунктаў Спірнае і Выемка.

У гэты ж час прарасейскія крыніцы пацвярджаюць ранейшую заяву Міністэрства абароны РФ пра захоп Раздолаўкі (на поўдні ад гораду Сівэрск).

«Рыбарь» піша, што акрамя гэтага войскі РФ расшырылі зону кантролю на паўночным захадзе ад сяла ў кірунку суседняга Пэрэізнага, а таксама занялі некалькі пазіцыяў каля ракі Бахмутка з захаду ад чыгуначнага пераезду.

Адначасова з гэтым, паводле крыніцы, расейцы рухаюцца да паўднёвых участкаў Пэрэізнага з боку сяла Вясёлае.

На краматорскім кірунку працягваюцца цяжкія баі ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр і на ягоных флангах, але пакуль войскам РФ не ўдаецца дасягнуць істотных поспехаў.

Ніжэй па фронце – на тарэцкім кірунку – расейцы ціснуць каля аднайменнага гораду, а таксама ў ваколіцах населеных пунктаў Паўночнае, Паўднёвае і Нью-Ёрк.

У Deepstate фіксуюць прасоўванні УС РФ у Паўднёвым.

Канал «Два майора» удакладняе, што рух адбыўся на ўчастку фронту шырынёй да чатырох кіламетраў.

Тым часам у Мінабароны РФ заявілі пра захоп сяла Шумы (на ўсходзе ад Тарэцку. Нагадаем, пра страту ЗСУ гэтага населенага пункту раней паведамлялі прарасейскія і праўкраінскія тэлеграм-каналы.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку Узброеныя сілы РФ развіваюць наступ на захадзе ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

Deepstate фіксуе прасоўванні расейцаў у сяле Сокал і каля Навасёлаўкі Першай.

«Рыбарь» паведамляе, што таксама ідзе зачыстка Новааляксандраўкі, каля 90% якой ужо знаходзіцца пад кантролем войскаў РФ.

На суседнім курахаўскім кірунку крыніца адзначае рух УС РФ у цэнтральнай частцы Краснагораўкі, на захадзе Георгіеўкі, каля Пабеды і Парасковіеўкі. Пры гэтым сцвярджаецца, што апошні населеных пункт быў цалкам заняты расейцамі.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што ў Георгіеўцы войскам РФ не ўдалося замацавацца на новых пазіцыях – яны панеслі істотныя страты ды адышлі.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (поўдзень Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На паўднёвым участку фронту ідуць баі на так званым урэмаўскім выступе ў ваколіцах сяла Ураджайнае, але зменаў лініі сутыкнення не адзначаецца.

У Запарожскай вобласці актыўнасць абодвух бакоў канфлікту лакалізуецца на выступе па фронце каля гораду Арэхаў, але зменаў таксама не назіраецца.

У Херсонскай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы тройчы штурмавалі пазіцыі Сілаў абароны краіны на левым беразе Дняпра. Акрамя гэтага стралковыя баі фіксуюцца на рачных астравах.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў