«Быў выдатным прэзідэнтам». Рэдкалегія NYT заклікала Байдэна не ісці на выбары


Рэдкалегія газеты «The New York Times» заклікала Джо Байдэна зняцца з выбараў, а Дэмакратычную партыю – знайсці яму замену. «Найвялікшая грамадская паслуга, якую можа цяпер надаць Байдэн, – абвесціць, што ён не будзе працягваць балатавацца на перавыбары», – упэўненыя журналісты.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн на дэбатах з Доналдам Трампам. 28 чэрвеня 2024 года. Фота Brian Snyder / Reuters / Forum

Рэдкалегія газеты «The New York Times» была заснаваная ў 1896 годзе, яе меркаванні пазіцыянуюцца як незалежны погляд над спрэчкамі. Публікацыі рэдкалегіі не адлюстроўваюць пазіцыю самой рэдакцыі, але гэтыя артыкулы маюць вялікі ўплыў – і найперш на Дэмакратычную партыю.

«На дэбатах прэзідэнт мусіў пераканаць амерыканскае грамадства ў тым, што ён адпавядае патрабаванням пасады, якую ён хоча заняць яшчэ на адзін тэрмін. Аднак нельга чакаць, што выбарнікі праігнаруюць тое, што і без таго было відавочна: Джо Байдэн ужо не тая асоба, якой ён быў чатыры гады таму», – піша рэдкалегія.

Журналісты назвалі Байдэна на дэбатах «ценем вялікага дзяржаўнага службоўцы»:

«Ён з цяжкасцю растлумачыў, чаго даб’ецца падчас другога тэрміну. Ён з цяжкасцю адказваў на правакацыі Доналда Трампа. Не аднойчы ён з цяжкасцю дацягваў да канца сказ».

Рэдкалегія NYT назвала цяперашняга прэзідэнта вартым захаплення:

«Пад ягоным кіраўніцтвам краіна квітнела і пачала развязваць шэраг праблемаў, а раны, нанесеныя Трампам, пачалі загойвацца. Аднак найвялікшая грамадская паслуга, якую можа цяпер надаць Байдэн, – абвесціць, што ён не будзе працягваць балатавацца на перавыбары».

Пры гэтым супернік Байдэна Доналд Трамп, на меркаванне рэдкалегіі, падчас дэбатаў «даказаў, што ёсць сур’ёзнай пагрозай для дэмакратыі – эгаістычны дзеяч, не варты даверу грамадства, ён сістэматычна намагаўся падарваць сумленнасць выбараў».

Дэбаты паміж кандыдатамі на прэзідэнцтва адбыліся 27 чэрвеня. Медыі амаль адзінагалосна назвалі выступ Байдэна правальным. Сам ён прызнаў выступ няўдалым, але ад далейшага ўдзелу ў выбарах не адмовіўся:

«Я не дыскутую так добра, як раней. Але я ведаю, як рабіць гэтую працу. Я ведаю, як казаць праўду. Выбар на гэтых выбарах просты. Доналд Трамп знішчыць нашую дэмакратыю. Я буду гэта абараняць».

«Калі вас збіваюць з ног, вы падымаецеся», – дадаў прэзідэнт ЗША.

19 жніўня Дэмакратычная партыя мае афіцыйна вылучыць свайго кандыдата. Прэзідэнцкія выбары ў ЗША пройдуць 5 лістапада.

Разбор
Правал Байдэна, няпраўда Трампа і паніка дэмакратаў. Падсумоўваем вынікі дэбатаў у ЗША
2024.06.28 19:02

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў