«Мне ў Парыж па справе тэрмінова»

Польшча значна скараціла колькасць візаў, якія выдаюцца беларусам. Пра гэта напісала выданне «Rzeczpospolita» са спасылкай на дадзеныя польскага МЗС. Скарачэнне істотнае, больш чым у два разы. Ды пракаментаваць гэтую падзею можна толькі прымаўкай: «Адна бяда не ходзіць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская віза ў беларускім пашпарце.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Не, у дадзеным выпадку гэты выпад (скарачэнне выдачы візаў) не скіраваны выключна ў бок беларусаў. Калі ўважліва пачытаць матэрыялы польскага выдання, то апынецца што мы – у агульным трэндзе скарачэння выдачы польскіх дзяржавай візаў. Мы зусім не ўнікальныя, але менавіта для беларусаў гэта найбольш важная праблема, найбольш уражлівая.

Раней Польшча выдавала нам каля 200 000 візаў штогод, за пяць месяцаў гэтага года – толькі 32 000. І перспектывы цьмяныя.

Прычына ж уціскання і без таго не глыбокага візавага раўчука – скандалы, якія скаланаюць непасрэдна польскі палітыкум. Лы звязаныя яны з вельмі «неакуратным», мякка кажучы, спосабам вядзення справаў папярэднімі адказнымі сябрамі. Ідуць разбіральніцтвы і менавіта таму спачатку прыпынілі цалкам выдачу віз паводле праграмы «Poland.Business Harbour» (для айцішнікаў), цяпер жа робяць больш жорсткімі патрабаванні і да стандартных спосабаў падачы дакументаў. Базавай жа праблемай зʼяўляецца малая колькасць супрацоўнікаў польскіх консульскіх падраздзяленняў у Беларусі, і на гэты паказальнік уплываюць, у першую чаргу, самыя беларускія ўлады.

Чаго чакаць далей? Надоечы міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што ўрад будзе пралічваць эканамічныя наступствы поўнага закрыцця грузавых ды пасажырскіх зносін з Беларуссю. Вось так, ні многа ні мала. Пры гэтым той жа МЗС Польшчы адзначыў, што не плануе далей рабіць больш жорсткімі ўмовы атрымання візаў.

То бок нешта яны выдаваць будуць, пры гэтым мяжу, магчыма, перакрыюць. Вось такая «пазітыўная перспектыва».

А памятаеце, яшчэ некалькі гадоў таму як атрыманне візы, так і перасячэнне мяжы не ўяўлялі зусім ніякіх цяжкасцяў. Так жа было, ды памятаеце? І мы нават вельмі акуратна, ціхенька, пачыналі абмяркоўваць з ЕЗ скасаванне візавага рэжыму… Бо гэтак жа было?

Цяпер грамадзянін Беларусі без візы можа наведаць хіба што курорты Крыму або той жа Дагестан. Там жа таксама не сумна апошнім часам. Можна пазнаёміцца з асаблівасцямі мясцовых традыцый ці наведаць якія-небудзь яшчэ экзатычныя, але экстрымальныя рэгіёны.

Хто ў выйгрышы? Ніхто. Каму такое становішча выгодна? Нікому. Але я тут, вядома ж, трохі хлушу. У польскім грамадстве, дзякуючы вось такім дзеянням, маецца адчуванне, што хтосьці наводзіць парадак з выдачай гэтых самых візаў, а значыць краіна становіцца больш бяспечнай, больш стабільнай. Гэта адзіны (умоўна) пазітыўны эфект.

Калі ж трохі падняць галаву і паглядзець у крыху больш аддаленую перспектыву, то вось такое зацісканне гаек, ды яшчэ і з абвешчаным умацаваннем межаў коштам 2,5 млрд еўра, не пакідае сумневаў – выбар зроблены і Польшча гатовая да новай «жалезнай заслоны», вырашыўшы, што шанцаў на навядзенне мастоў усё роўна няма ніякіх. Занадта ж неадэкватныя постаці знаходзяцца з беларускага боку перамоўнага стала. Зыходзячы са стратэгіі «купіравання праблемы», сёння і дзейнічаюць польскія ўлады. І яны па-свойму лагічныя.

Але гэтая ж стратэгія штурхае беларусаў у абдымкі Расеі. Нягледзячы на блізкасць вайны, шлях на Смаленск адкрыты – для працы, адукацыі або адпачынку. Там, на ўсходзе, такая блізкая і зразумелая беларусам, культура, і ёсць, як бы не хацелася мне гэта прызнаваць, адчуванне супольнасці. Ці дрэнна? Дрэнна, але як ёсць.

Іншай жа ідэі «навошта Беларусь патрэбная Польшчы» сёння няма. Гэта сумна, але тое амаль медычны факт. І пра гэта трэба памятаць, і з гэтым трэба неяк рухацца далей.

belsat.eu / Авер

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў